Пастаўчане зноў у ліку прызёраў чэмпіянату “Лесаруб-2015”

Личности

На базе Багушэўскага лясгаса, што на Сенненшчыне, прайшоў  чэмпіянат “Лесаруб-2015” Ві­цеб­скага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. У ім удзельнічалі 19 каманд лясгасаў і каманда Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, якая выступала па-за конкурсам.

Пастаўскі лясгас прадстаўлялі вальшчыкі лесу Юрый Альфер, Валерый Лешчык, Ігар Якубоўскі, машыніст фарвардара  Уладзімір Савельеў, аператар гідраманіпулятара Іван Дубін, машыніст харвэстара Аляксандр Урбанайць і вальшчык Дзмітрый Старадуб, які выступаў па праграме юніёраў. У склад су­дзейскай брыгады спаборніцтваў уваходзілі начальнік бюро па ахове працы  Віктар Сапрончык і інжынер па ахове працы Ганна Багрудэнка. Узначальваў каманду намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Іванькоў.

Праграма спаборніцтваў лесарубаў уключала практыкаванні па валцы дрэва, мантаж  ланцуга, абрэзку сукоў, раскрыжоўку камбінаваным рэзам і дакладнае пілаванне. Кожны з удзельнікаў пастаўскай каманды віртуозна працуе з пілой, неаднаразова дабіваўся поспехаў у раёне і вобласці. На чарговы абласны чэмпіянат пастаўскія лесарубы прыехалі ў званні сярэбраных прызёраў мінулагодніх спаборніцтваў, што ўскладвала на кожнага яшчэ большую адказнасць. На жаль, не вельмі пашанцавала з надвор’ем. На лесасецы раз-пораз узнімаўся пераменны парывісты вецер, а пасля  пайшоў дождж. Гэта некалькі паўплывала на выкананне конкурсных заданняў, але ў цэлым усе ўдзельнікі выступілі роўна. Набраная імі сума балаў стала трэцяй сярод 19 каманд. Пастаўчане зноў трапілі ў лік прызёраў.

Складанай была конкурсная праграма ў машыністаў і аператараў сучаснай лесанарыхтоўчай тэхнікі. Ім трэба было пабудаваць піраміду з распілаваных цурбаноў, вертыкальную калону з васьмі цыліндраў, выканаць іншыя практыкаванні. Тэхніка аказалася падуладнай пастаўскім майстрам. У выніку ў індывідуальным заліку Аляксандр Урбанайць заняў другое месца, а Іван Дубін — трэцяе.  Каманда і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі, памятным Кубкам і грашовымі прэ­міямі.

— Абласны чэмпіянат завяршыўся паспяховым выступленнем нашай каманды, — адзначыў яе кіраўнік Аляксандр Іванькоў. — Трапіць два гады запар у лік прызёраў — многае значыць і сведчыць, перш за ўсё, пра сапраўднае майстэрства лесарубаў і машыністаў. Дарэчы, за выключэннем Ігара Якубоўскага з Валкоўскага і Дзмітрыя Старадуба з Камайскага лясніцтваў усе астатнія прадстаўляюць лесапункт — самае маладое вытворчае падраздзяленне лясгаса.

На здымках: каманда лясгаса на пастраенні ўдзельнікаў спаборніцтваў; падчас выканання конкурсных практыкаванняў.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.