Першы і дружны. З гісторыі аднаго дома


Вуліца ў райцэнтры, на якой жыву, носіць імя слыннага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча, маршала, двойчы Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Клімента Яфрэмавіча Варашылава. Годныя заслугі перад Радзімай, грамадствам, у якім жылі і працавалі, маюць і першыя яе жыхары, іх сябры.

Вуліца Варашылава нарадзілася з пабудовы нашага дома №4, які быў заселены ў снежні 1973 года. У ліку 22-х яго жыхароў былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Васіль Усцінавіч Какошын, Данііл Іосіфавіч Юрчанка, Марыя Лукашаўна Парахневіч, сямёра дзяцей, чацвёра з якіх ва ўзросце ад двух да шасці гадоў. Большасць з нас раней жылі на прыватных кватэрах.

Дом стаяў практычна ў чыстым полі. Доўгі час вакол яго жыхары вуліц Кірава, Гайдара, Ціхай і іншых на агародах садзілі бульбу, на пожнях пасвілі сваіх кароў, авечак, коз, нават свіней. Пасвіліся тут і коні, якія меліся ў гаспадарцы школы-інтэрната, што размяшчалася побач. Зімой да бліжэйшай вуліцы горада дабіраліся па сумётах. Машын у нас не было, хадзілі пехатой. Цяпло ў дом паступала з кацельні, пабудаванай непадалёк. Тэрмометры ў кватэрах паказвалі ўсяго 8-9 градусаў, калі на вуліцы было цяплей — 11-12. Хутка пачарнелі столь і сцены. Мылі іх карбідам, сушылі паяльнымі лямпамі. Нават у студзені і лютым адкрывалі форткі, каб у кватэрах не пахла цвіллю. Уключалі абагравальнікі, перад сном у ложкі клалі грэлкі, спалі ў спартыўных касцюмах, халатах, шкарпэтках, рукавіцах і хустках. Паверх коўдраў накрываліся кажухамі, дыванамі. Самымі цёплымі былі кухні, але і там цяпло трымалася нядоўга. Больш кемлівыя жыхары паставілі жалезныя печкі, вывеўшы ў форткі трубы-дымаходы. Сёння тыя дні ўспамінаюцца з лёгкім гумарам, а тады нам было не да жартаў.

Нягледзячы на ўсе гэтыя і многія іншыя няз­руч­насці, мы жылі дружна. Васьмёра чалавек пра­цавалі ў адной арганізацыі, таму і дома трымаліся маленькім калектывам. Дзень Перамогі пасля ўрачыстых мерапрыемстваў святкавалі разам: варылі на вогнішчы вядро бульбы, куплялі ў складчыну іншыя прысмакі, з першага паверха праз вокны падавалі чайнікі з чаем. Васіль Усцінавіч Какошын хораша граў на гармоніку, а мы спявалі, танцавалі, скакалі з дзецьмі. Так адзначалі і дні нараджэння новых жыхароў дома, юбілеі, вылучэнні на вышэйшыя пасады, пераезды на новае месца жыхарства. Збіраліся разам і без важкіх на тое прычын.

З ліку першых жыхароў дзевяць чалавек мелі вышэйшую адукацыю. Кіраўніцтва раёна вылучала іх на кіруючыя пасады. Івана Пятровіча Шаколу выбралі старшынёй калгаса імя Калініна. Ён зарэкамендаваў сябе здольным арганізатарам, мэтанакіраваным і прынцыповым кіраўніком, чулым, клапатлівым і валявым чалавекам. Яго выбіралі старшынёй Верхнядзвінскага райвыканкама, Лепельскага гарадскога Савета дэпутатаў. Пазней працаваў у абласных структурах, быў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання рэспублікі.

Уладзіміра Уладзіміравіча Стрэчаня накіравалі на пасаду дырэктара аўтакалоны №2437 (зараз — аўтатранспартнае прадпрыемства №17), на якой ён адпрацаваў 28 гадоў. За выдатныя паказчыкі ў рабоце прадпрыемства Міністэрства транспарту і камунікацый узнагаро­дзіла яго нагрудным знакам “Ганаровы транспартнік”.

Аляксандра Якаўлевіча Мухлю выбралі старшынёй калгаса “Сцяг Перамогі”. Ён хутка зарэкамендаваў сябе як выдатны спецыяліст сельскай гаспадаркі, здольны, кемлівы, уважлівы да людзей кіраўнік. Праз шэсць гадоў стаў кавалерам ордэна Дру­жбы народаў. Стаж работы на пасадзе старшыні — 21 год.

У нашым доме жыла дырэктар саўгаса “Пастаўскі” Клаў­дзія Уладзіміраўна Какошына. За заслугі двойчы ўзнагародж­валася ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Аляксандр Якаўлевіч і Клаўдзія Уладзіміраўна былі перспектыўнымі, вопытнымі і тактоўнымі кіраўні­камі. У гады іх кіраўніцтва калгас і саўгас былі лепшымі гаспадаркамі раёна і вобласці.

Леанід Іванавіч Іванін дзевяць гадоў адпрацаваў дырэктарам Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбіната, унёс вялікі ўклад у развіццё прамысловасці раёна. За гады яго кіраўніцтва з’явіліся цэхі корпуснай мэблі з сучасным польскім абсталяваннем, па выпуску крэслаў, палепшыліся ўмовы работы кацельні. Многае было зроблена і па паляпшэнні вытворчай дзейнасці ўсяго камбіната. Вялікая яго заслуга як галоўнага інжынера ў будаўніцтве, запуску і на­ладж­ванні работы завода вучэбнага абсталявання (ААТ “Паставымэбля”). Яго вопыт быў запатрабаваны ў Расіі на заводзе “Лесабалт”. Заслу­гоўвае павагі і як бацька: абодва яго сыны атрымалі па дзве вышэйшыя адукацыі.

З нашага дома пайшоў працаваць дырэктарам рыбгаса “Навінкі” Казімір Віктаравіч Навіцкі, дзе праявіў свае здольнасці перспектыўнага кіраўніка, уменне весці за сабой калектыў, за што і быў пераведзены на больш складаны ўчастак работы — на Віцебскі мясакамбінат.

У склад кіраўніцтва саўгаса імя Леніна, нягледзячы на свой малады ўзрост, увайшоў Уладзімір Яраслававіч Ма­гільніцкі. За працоўныя дасягненні ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. На заслужаны адпачынак выйшаў з пасады начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ірына Уладзіміраўна Магільніцкая амаль 15 гадоў узначальвала Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства (цяпер — Пастаўскае прадпрыемства супрацьпажарных работ).

Рыгор Аляксандравіч Таяновіч быў старшынёй Оцкавіцкага, а з пераменай месца жыхарства — Юнькаўскага сельскага Савета. На гэтых пасадах адпрацаваў больш за 12 гадоў. Яго жонка Ванда Сцяпанаўна ўзначальвала праўленне калгаса “Новае жыццё”. На жаль, праз пяць гадоў па стане здароўя і сямейных абставінах (была маці дваіх маленькіх дзяцей) пасаду старшыні ёй давялося пакінуць. Аляксандр Іванавіч Чарэнка 10 гадоў быў старшынёй райкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. Лідзія Фёдараўна Буйнякова больш за дзесяцігоддзе з’яўлялася сакратаром раённага выканаўчага камітэта.

Традыцыі першых жыхароў нашага дома станавіцца кіраўнікамі падтрымліваюцца і цяпер. Жанна Анатольеўна Лагвіненка ўзначальвае цэнтральную аптэку №87, Аляксандр Іванавіч і Валянціна Міхайлаўна Ромель — адпаведна, інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін і педагагічны калектыў сярэдняй школы №5. Жэня Мухля, якая вырасла ў нашым доме, цяпер кіруе рынкам «Гарызонт».

Усе сямёра дзяцей першых насельнікаў атрымалі вышэйшую адукацыю. Шэсць з іх працуюць у Беларусі, адна наша ўраджэнка — па сямейных абставінах у Расіі. З 11-гадовага хлопчыка Ігара Чарэнкі  вырас афіцэр, воін-інтэрнацыяналіст. Пасля распаду СССР ён узначаліў мытны пост «Лынтупы», цяпер — супрацоўнік Ашмянскай мытні. У першы склад супрацоўнікаў Пастаўскай мытні ўваходзіў і былы пяцігадовы хлопчык Дзіма Стрэчань. Сёння ён жыве ў Мінску, займаецца мытнай справай. Школьніцай жыла ў доме Рыта Чарэнка. Цяпер яна — супрацоўніца Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Самы меншы па ўзросце з ліку першых жыхароў Саша Мухля працуе на адказнай пасадзе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Люда Какошына, Света Стрэчань пасля заканчэння інстытутаў выйшлі замуж  за афіцэраў, нарадзілі па двое дзетак. А ўвогуле, за 42 гады ў нашым доме нарадзіліся 13 дзяцей. І толькі адзін прыклад, калі маці, а праз гады і яе першае дзіця нарадзіліся ў адной кватэры. На жаль, сёння па сямейных абставінах яны ў ёй не жывуць.

Дом наш быў гасцінным. Да ветэрана вайны, кавалера ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікіх медалёў В. У. Какошына прыязджаў яго сябар Герой Савецкага Саюза Міхаіл Аляксеевіч Ягораў, які ўзняў Сцяг Перамогі над рэйхстагам. Часта наведвалі сваіх сяброў ветэран вайны, кавалер ордэна Леніна за развіццё партызанскага руху (у той час адзіны ў раёне ўладальнік такога ордэна за заслугі ў гады ліхалецця), кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені і многіх медалёў, кіраўнік арганізацый раённага маштабу Сцяпан Андрэевіч Дзёмін і яго жонка Кацярына Міронаўна, журналіст, ­удзельніца вайны. З нашымі ветэранамі падтрымліваў сяброўскія адносіны вызваліцель Пастаўскага раёна Васіль Мацвеевіч Пагадаеў. Іх прозвішчы занесены ў кнігу “Памяць. Пастаўскі раён” (у гэту кнігу занесены прозвішчы і сямі жыхароў дома).

У кожны свой прыезд па службовых справах у раён знаходзіў час для неафіцыйнага візіту да былых суседзяў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Пятровіч Шакола. У адной з кватэр гасцямі былі супрацоўнік ЦК КПБ Павел Паўлавіч Дубіна і тагачасны кіраўнік раёна Барыс Іпалітавіч Гаўрыльчык. Штогод наведвае сваю сяброўку кандыдат гістарычных навук, у мінулым загадчыца кафедры Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта Лія Вітальеўна Бароўка. Многія спецыялісты сельскай гаспадаркі раёна памятаюць яе па ўніверсітэце, толькі, мабыць, не ўсе ведаюць, што яна наша зямлячка. Гасцявалі ў нас і многія іншыя знакамітыя людзі раёна і рэспублікі.

Сёння ў большасці кватэр жыхары памяняліся па 4-5 разоў. З 22 першых насельнікаў 9 пайшлі з жыцця. А ўсяго сярод нас ужо няма 15-ці былых жыхароў дома.

Доўга наша двухпавярхоўка стаяла ў полі адна. Потым за 27 крокаў ад яе пабудавалі 3-павярховы 18-кватэрны дом, але яго чамусьці аднеслі да вуліцы Гайдара. Вясной 1982 года пачалі будаваць дом для работнікаў чыгуначнай станцыі. Ён стаў другім домам на нашай вуліцы і быццам бы працягам лёсу К. Я. Варашылава, які нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Сёння на вулі­цы 20 дамоў. На ёй размяшчаецца неабходнае для раёна прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка”. Раніцай у будныя дні жыхароў вуліцы, работнікаў бліжэйшых арганізацый, дзяцей-гімназістаў абслугоўвае маршрутнае таксі.

Былыя жыхары дома падтрымліваюць сувязі па тэлефоне, скайпе, сустракаюцца, як родныя, успамінаюць былыя гады, суседзяў, шчыра цікавяцца справамі адно аднаго, здароўем, дзецьмі, унукамі, праўнукамі, падтрымліваюць у жалобныя дні. За дзесяцігоддзі, адпрацаваныя і пражытыя разам з імі, пераканалася, што ўсе яны былі людзьмі, ад якіх у многім залежалі поспехі раёна і вобласці, здольнымі і працавітымі, не ганарлівымі, а добразычлівымі і надзейнымі, ветлівымі і таварыскімі, сумленнымі і тактоўнымі працаўнікамі, сябрамі і сусе­дзямі. Іх жыццёвыя пазіцыі заслугоўваюць павагі, служаць прыкладам сённяшнім і будучым пакаленням.

Н. ДРОНЖЫК, г. Паставы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.