Пра кандыдатаў — у смартфоне


Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларускае тэлеграфнае агенцтва сумесна распрацавалі мабільную праграму “Выбары-2015”. Яна разлічана перш за ўсё на маладзёжную аўдыторыю і на яе інфармаванне аб галоўным выбарчым працэсе, які чакае Беларусь у кастрычніку.

Галоўным стваральнікам «Выбараў-2015» выступіў 18-гадовы Павел Бацылеў, які скончыў першы курс механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Па яго словах, у гэтым годзе ён упершыню будзе ўдзельнічаць у выбарах. Таму вырашыў пацікавіцца, дзе можна адшукаць інфармацыю аб кандыдатах у прэзідэнты, і зразумеў, што адзінай крыніцы, зразумелай для яго, амаль што няма. Гэта і натхніла маладога чалавека, які да гэтага ўжо стварыў 4 праграмы для моладзі, на новую працу. Для таго каб зрабіць «Выбары-2015», яму спатрэбіўся месяц.

У праграме можна адшукаць інфармацыю аб кандыдатах у прэзідэнты, апошнія навіны аб выбарчым працэсе, заканадаўчую базу па выбарах, прачытаць адказы на папулярныя пытанні, а таксама азнаёміцца з вынікамі галасавання. Для таго каб зрабіць навінку больш інтэрактыўнай, у яе дадалі спецыяльны раздзел, прысвечаны конкурсу. «Ён праводзіцца сярод маладых выбаршчыкаў ва ўзросце ад 18 да 31 года. Яго асноўная задача — вызначыць найлепшую прапанову або ідэю да выбараў. Магчыма, гэта будзе эсэ пра ўдзел у выбарчай кампаніі. Арганізатары вызначаць трох пераможцаў, якія ў якасці прыза атрымаюць у падарунак планшэты», — паведаміла журналістам Алеся Віннік, каардынатар работы Саюза моладзі ў інтэрнэт-прасторы.

Пакуль што праграма прызначана для карыстальнікаў Android і знахо­дзіцца ў бясплатным доступе ў Google РІау. У далейшым яе плануецца падладзіць і пад аперацыйную сістэму iOS.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.