Расце атрад тысячнікаў

Местная власть Сельское хозяйство

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК С. М. Герасіменка віншуе кіраўніцтва гаспадаркі і сямейны экіпаж Курдо з намалотам тысячы тон збожжа.

На ўчарашні дзень у адкрытым акцыянерным таварыстве “Навасёлкі-Лучай” пяць экіпажаў камбайнаў і чатыры вадзіцелі намалацілі і перавезлі па тысячы  і больш тон зерня новага ўраджаю кожны. А ўсяго ў раёне ўжо каля 30 тысячнікаў.

Прасторныя палі, сучасныя тэхніка, фермы і тэхналогіі — усё гэта можна ўбачыць у ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Яны — аснова высокіх ураджаяў, надояў, прыбаўленняў жывёлы ў вазе. Увогуле, на ўраджай, дасягненне лепшых канчатковых вынікаў тут працуе кожны кавалачак зямлі. Вось і ў Лучайскім аддзяленні за вёскай Жылінскія, дзе калісьці было шмат хутароў, засталося некалькі дзясяткаў палёў агульнай плошчай каля 90 гектараў і сярэдняй контурнасцю да трох гектараў. Гэта ў асноўным пагоркі, акружаныя лесам і хмызняком. Гадоў пяць запар тут вырошчвалі травы. Мінулай восенню вырашылі пасеяць азімыя. Збажына ўрадзіла на славу.

Менавіта на адным з такіх участкаў у мінулую пятніцу мы і пабывалі. Прычына была важкая: экіпаж камбайна “Джон Дзір” у складзе Аляксандра Курдо і яго сына Андрэя першым у гаспадарцы і другім у раёне намалаціў 1000 тон зерня. Пераможцаў павіншавалі і ўручылі ім заслужаныя ўзнагароды старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК С. М. Герасіменка, дырэктар сельгаспрадпрыемства Ю. Ф. Шымчык, старшыня прафкамітэта С. Г. Шапель, начальнік аддзялення Ч. З. Бурак.

— На такіх участках не надта разгонішся. Каб не замінаць адзін аднаму, камбайны працуюць паасобку, — расказваў Аляксандр Курдо. — Ураджай добры — па 50 і больш цэнтнераў з гектара дае азімая пшаніца. Калі нічога не перашкодзіць, то за дзень зможам намалаціць не менш за 100 тон зерня.

На “Джон Дзіры” — адзіным у раёне — Аляксандр Курдо працуе трынаццаты сезон. І кожны год у перадавіках. У адзін сезон  намалаціў амаль 2500 тон зерня. Цяпер нават пры высокай ураджайнасці выйсці на такі паказчык цяжка. Справа ў тым, што за апошнія гады ў гаспадарцы набылі дастатковую колькасць камбайнаў айчыннай вытворчасці. Яны таксама высокапрадукцыйныя, і практычна ўсе механізатары дабіваюцца добрых намалотаў. У гэтыя дні рады тысячнікаў папоўнілі экіпажы Станіслава Марціновіча, Андрэя Жалейкі, Паўла Рагіні, Святаслава Зарэцкага. На падыходзе іншыя камбайнеры.

Экіпаж камбайна ў складзе Станіслава Марціновіча і Яўгенія Мядзелкі ў ліку першых намалаціў 1000 тон збожжа.

А вось Сяргею Каралёнку з сынам Андрэем не пашанцавала. Намалацілі каля 900 тон зерня, і іх “Мега-203”, якая толькі ў “Навасёлках-Лучаі” эксплуатуецца каля пятнаццаці сезонаў, выйшла са строю. Пакуль не ўдалося адшукаць вал адбойніка ні ў Беларусі, ні ў суседняй Літве. Аднак у гаспадарцы не губляюць надзеі, што лепшы экіпаж краіны і вобласці яшчэ зможа папрацаваць.

Нельга не сказаць пра вадзіцеляў. Паўтара тыдня назад першымі на Пастаўшчыне перавезлі па тысячы тон зерня Аляксандр Альхімёнак і Аляксандр Болт. Спорыцца работа і ў вадзіцеляў-тысячнікаў Леанарда Бугая, Вальдэмара Мацура.

— Зерневыя і зернебабовыя сёлета займаюць у нас 2897 гектараў. На 66% планавай плошчы яны абмалочаны, — расказваў дырэктар сельгаспрадпрыемства Ю. Ф. Шымчык. — Ураджай радуе. Мы ўжо намалацілі 10 тысяч тон зерня — столькі, колькі за ўвесь леташні сезон. У полі стаіць яшчэ каля тысячы гектараў азімай і яравой пшаніцы, трыцікале. А гэта азначае, што пры цяперашняй ураджайнасці зможам намалаціць яшчэ некалькі тысяч тон збажыны. Затрымкі з-за камбайнераў і вадзіцеляў няма. Спраўна дзейнічаюць сушыльная і вагавая гаспадаркі. Граматна кіруюць уборачным канвеерам галоўныя спецыялісты, начальнікі ад­дзяленняў, кадры сярэдняга звяна.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.