Сапраўдныя прафесіяналы


Муляры В. У. Гайдук (брыгадзір), А. В. Харэцкі, А. Г. Шнітоўскі (у першым радзе), А. С. Кірпічонак, Л. М. Шыцік і Л. М. Шкорнік.

Будаўнікамі АБП «Рассвет Пастаўскі» па вуліцы Зялёнай узводзіцца першы дом новага мікрараёна забудовы. Шматпавярхоўку можна назваць асаблівай: сваёй формай яна нагадвае хакейную клюшку. Будучыя жыхары, чые кватэры апынуцца на лініі выгіну, стануць уладальнікамі пяцікутных пакояў.

Да ўзвядзення дома прыступілі ў маі. Усяго на аб’екце задзейнічана 25 чалавек — муляраў, цесляроў і аддзелачнікаў. Кіруюць будаўніцтвам прараб  Аляксандр Часлававіч Танана і майстар Яўгеній Уладзіміравіч Тамашэвіч.

Самая шматлікая брыгада — муляраў. Разам з моладдзю ў ёй працуюць і сапраўдныя аксакалы. Да іх адносіцца і Аляксандр Сямёнавіч Кірпічонак. У яго нават прозвішча адпавядае прафесіі. Адразу пасля заканчэння Віцебскага будаўнічага вучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасці «Мантажнік канструкцый, муляр», уладкаваўся ў «Рассвет Пастаўскі». І сёння тут працуе. Праўда, былі невялікія перапынкі, падчас якіх шукаў «шчасця» на будаўнічых пляцоўках Масквы і Польшчы. Аляксандру Сямёнавічу належыць ініцыятыва выкарыстоўваць цагляны бой у забутоўку, як яго калісьці вучылі ў навучальнай установе.

— Да выхаду на пенсію мне засталося менш за два гады. Калі прыйшоў у будаўнічую арганізацыю, не было нават вежавых кранаў. Цяпер у будаў­ніцтве выкарыстоўваецца перадавая тэхніка, пастаянна паляпшаецца якасць матэрыялаў — толькі працуй. Але маленькія аб’ёмы не даюць разгарнуцца ў поўную сілу, — казаў А. С. Кірпічонак.

Зараз будаўнікамі змураваны другі паверх. Работа магла б рухацца хутчэй, але ўзніклі цяжкасці з плітамі перакрыцця.

— Мы не баімся аб’ектаў любой складанасці, таму што ў нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы. У год «Рассвет Пастаўскі» мог бы будаваць не менш за два шматкватэрныя дамы, толькі б не было праблем з фінансаваннем, — дзяліўся галоўны інжынер Славамір Здзіслававіч Кухальскі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.