Некалькі гадоў назад Стары Двор — адна з буйнейшых вёсак Пастаўшчыны, цэнтральная сядзіба аднайменнага саўгаса — пасля аб’яднання гаспадарак стаў толькі цэнтрам сельскагаспадарчага аддзялення СП “Дунілавічы-агра”. Такія змены, безумоўна, не лепшым чынам паўплывалі на замацаванне кадраў масавых прафесій і спецыялістаў на вытворчасці, у цэлым на ўклад жыцця вяскоўцаў. І хаця ў Старым Двары засталіся базавая школа, дзіцячы сад, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, людзям (а тут пражывае больш за 320 дарослых і дзяцей) усё ж стала не хапаць культурных мерапрыемстваў, якія раней ладзіліся ў мясцовым клубе. Таму такім чаканым з’явілася свята вёскі, якое 26 ліпеня правялі ў Старым Двары работнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры і Гуцкага цэнтра культуры.
Старадворцаў і гасцей віталі старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Н. М. Седзюкевіч і дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар мясцовай базавай школы А. І. Ластоўская. Цікавым атрымаўся аповед С. М. Бялкова аб гісторыі Старога Двара. З даступных крыніц вядома, што ў 1885 годзе тут размяшчаліся маёнтак, вінакурны завод. Сяргей Мікалаевіч, абапіраючыся на архіўныя і іншыя звесткі, прывёў шмат дагэтуль невядомай каштоўнай інфармацыі пра гісторыю паселішча, будынкі, якія захаваліся да нашага часу, расказаў пра паданні, звязаныя з назвай вёскі. Урэшце, пра ўсё гэта і іншае ў хуткім часе можна будзе даведацца з кнігі вядомага краязнаўцы і даследчыка роднага краю, паэта Ігара Пракаповіча, прысвечанай мінуламу і дню сённяшняму Старога Двара.
Жыхары любяць і шануюць сваю вёску, ганарацца гісторыяй, не губляюць надзеі, што ўсё добрае і каштоўнае будзе захавана і прымножана. Таму так дружна, актыўна, цэлымі сем’ямі яны прыйшлі на свята і не прагадалі, бо на працягу яго вядучая Юлія Галяш перагарнула многія старонкі вясковага жыцця. Свята пачалося з прадстаўлення самага маленькага старадворца. Яго разам з маці віталі ў асобе васьмімесячнага Сямёна Кулёнка. Колькі цеплыні і пяшчоты было адрасавана мнагадзетным сем’ям, якія выхоўваюць па трое і больш дзяцей — такіх у Старым Двары больш за 10. А Ванда Рышардаўна і Антон Станіслававіч Татарчук дораць любоў і радасць жыцця не толькі сваім, але і прыёмным дзецям.
Якой дарогай пойдуць хлопчыкі і дзяўчынкі, кім стануць — пакажа час. Старажылам, вядома, хацелася б, каб моладзь не пакідала родныя мясціны і каб не пусцелі хаты. Менавіта такія пажаданні ў Чаславы Іванаўны Ігліной, Яўгенія Васільевіча і Людмілы Ігнацьеўны Кучыц, Лідзіі Кузьмінічны Жалейка, Генадзія Сямёнавіча Карнея, Франца Вітальевіча Ясінскага, Тадэвуша Півусавіча Лешчыка, Ядвігі Браніславаўны Куцуха, усё жыццё якіх звязана з вёскай. На свяце віталі і сапраўдных доўгажыхароў — 102-гадовую Марыю Усцінаўну Вырвіч і 90-гадовых Эвеліну Эдуардаўну Сініца і Зінаіду Антонаўну Александровіч.
Сям’я — гэта не толькі каханне, але і ўзаемаразуменне, гатоўнасць у любы момант прыйсці на дапамогу адно аднаму. І што б там ні казалі, быццам сёння інстытут сям’і не такі трывалы і моцны, большасць старадворцаў даказваюць адваротнае. Прыкладам для іншых з’яўляюцца многія сем’і, а павіншавалі на свяце Пятра Вільгельмавіча і Рыму Фінагенаўну Праліч. За іх плячыма 35 гадоў сумеснага жыцця. На свята Пралічы прыйшлі з дзецьмі, унукамі. І трэба было бачыць, якімі радаснымі і шчаслівымі выглядалі ўсе.
Увогуле, у гэты дзень жыхары нібы па-новаму паглядзелі на суседзяў і знаёмых, работнікаў сацыяльнай сферы, адукацыі, мелі магчымасць сказаць дзякуй дарагім людзям, успомніць шмат добрага і каштоўнага, што зрабілі яны. Нібы імяніннікамі адчувалі сябе Людміла Бярнардаўна Скрыпко, Ірына Станіславаўна Дзеравянка, Людміла Клеафасаўна Лешчык, Ала Уладзіміраўна Шырко, Наталля Анатольеўна Лешчык, Таццяна Георгіеўна Якімовіч, Іна Мікалаеўна Багданава, Генадзій Рышардавіч Ластоўскі, Вольга Францаўна Ярашэвіч, Алена Іванаўна Ластоўская, Пётр Паўлавіч Мажэйка. У гэтым пераліку большасць настаўнікаў мясцовай базавай школы. І хаця навучальная ўстанова месціцца ў старым будынку, у ёй віруе сучаснае школьнае жыццё. Нават летам яно не спыняецца. Вось і падчас свята дзве каманды навучэнцаў прымалі ўдзел у конкурсе-віктарыне, прысвечаным гісторыі Беларусі. Выпускнікі школы, а таксама госці вёскі і яе гаспадары, раздзяліўшыся на тры каманды, правялі невялікі валейбольны турнір, даказаўшы, што ў Старым Двары сябруюць са спортам. Перамаглі госці — тыя, хто цяпер жыве ў іншых гарадах і нават краінах, але сябе лічыць страдворцам.
Прама на свяце арганізатары запрасілі на вясёлыя старты дзве сям’і: Яўгенія і Ірыну Філіповіч, Леаніда і Алену Сіняк з дзецьмі. Ім было прапанавана паўдзельнічаць у трохэтапнай эстафеце. І хаця спаборніцтвы хутчэй нагадвалі гульню, балельшчыкі дружна падтрымлівалі дарослых і дзяцей.
Вёску здаўна называюць рабочай, і не толькі таму, што тут многія гады быў саўгас. Сярод старадворцаў ёсць чыгуначнікі, работнікі лясной гаспадаркі, сацыяльнай службы, дарожнікі і іншыя. А вось Валерый Вайткевіч застаўся працаваць у аддзяленні. Малады механізатар, з якім сустрэўся на свяце, даказвае, што ўсё залежыць ад чалавека. Дырэкцыя сельгаспрадпрыемства даручыла яму самыя сучасныя трактар “МТЗ-3022” і сеяльны агрэгат “АПП-6”. Сёлета Валерый пасеяў зерневыя і кукурузу на 937 гектарах і заняў першае месца ў раёне. Стараннасцю і руплівасцю вызначаюцца таксама механізатары Эдуард Рагіня, Аляксандр Кухальскі, жывёлаводы Жанна Надзей, Сяргей і Яўгеній Балебкі, Павел Субко і іншыя. Такіх людзей у вёсцы нямала.
Арганізатарам свята давялося нямала папрацаваць, каб літаральна ў кожнай сям’і ці жыцці чалавека адшукаць штосьці адметнае, памятнае. Да такіх адносяцца юбілеі. Больш за паўсотню чалавек іх ужо адзначылі або яшчэ адзначаць. Віншаванні з цудоўнай парой — 20-годдзем з дня нараджэння — атрымалі Віктар Гінько, Анастасія Кузьміч, Марыя Лесавая, Дзмітрый Рагіня, Раман Ліневіч, Ірына Кошка. Залаты юбілей сёлета ў Алега Чумакова, Мікалая Нікалаева, Сяргея Лук’яненкі, Уладзіміра Гінько. Не абышлі ўвагай юбіляраў, якім 30, 55, 60 і больш гадоў. Гэта святочная старонка засведчыла, што ў вёсцы шмат людзей розных узростаў, падрастае і дастойная змена. Не менш прыемна было атрымаць віншаванні і тым, хто нарадзіўся цудоўным летнім часам — у ліпені.
Увогуле, старадворцам пашанцавала. У вёсцы шмат зеляніны, прыгожае наваколле, прываблівае люстэркавая гладзь возера. Вось да яго з самага ранку і накіраваліся мясцовыя механізатары, заўзятыя аматары рыбнай лоўлі Антон Гарбуноў і Іван Красоўскі. Яны вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе рыбаловаў. Свой улоў (1620 і 2100 г адпаведна) паказалі на свяце і заслужана атрымалі не толькі дружныя апладысменты, але і падарункі.
У вёсцы нямала жыхароў, якія любяць кветкі, падтрымліваюць парадак і чысціню. Прыгожымі і ўтульнымі выглядаюць многія сядзібы. А самымі добраўпарадкаванымі ўсё ж прызнаны прыдамавыя тэрыторыі Крысціны Лешчык і Валянціны Куцуха, якіх шчыра віталі на свяце.
Старадворцы захапляліся тканымі дыванамі і ручнікамі Вольгі Казура, рознымі вырабамі вучняў мясцовай школы, якія былі прадстаўлены на выставе самадзейнай творчасці.
Вельмі шчыра і цёпла гаварыла пра сваіх землякоў старэйшына вёскі, загадчыца магазіна Валянціна Ясінская. Яна, як ніхто іншы, ведае людзей, іх захапленні, верыць у тое, што свята ў Стары Двор прыйдзе зноў і падрыхтуюцца да яго жыхары яшчэ больш актыўна і арганізавана.
Гаспадары і госці шчыра дзякавалі за змястоўную культурную праграму, песні і жарты Юліі Галяш, Тамары Маслоўскай, сямейнаму дуэту ў складзе Ганны і Аляксандра Пачкоўскіх, Дар’і Стамброўскай, Дар’і Надзей, Марыі Сеганкевіч, Аляксандру Мычко.
Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА