Стомленыя сонцам. ФК “Глыбокае” — “ПМЦ-Паставы” — 1:0

Спорт

На гэты прынцыповы матч-дэрбі заходніх суседзяў пастаўчан зноў вывеў шматвопытны капітан Ула­дзімір Карага, да таго ж у свой 41-ы дзень нараджэння. І менавіта імя­ніннік мог ужо на 1-й хвіліне сустрэчы  вызначыцца, калі варатар глыбачан Андрэй Кавяза няўдала выбіў на яго мяч ад варот. На жаль, удар ветэрана з ходу і без апрацоўкі атрымаўся прама ў рукі галкіперу, які выратаваў сваю каманду ад непрыемнасцей. Сама ж гульня была вельмі цяжкай, бо праходзіла ў невыносную спёку. Газон поўнасцю выгараў і мала падыходзіў для правядзення матчаў.

На такім цвёрдым пакрыцці з непрадказальным адскокам мяча больш тэхнічна аснашчаным  гасцям немагчыма было весці камбінацыйную гульню. Акрамя таго, у пастаўчан па розных прычынах адсутнічалі ажно чатыры ігракі асноўнага складу. Калі пайшоў сілавы футбол, больш моцныя гаспадары завалодалі гульнявой ініцыятывай. Аднак усе іх наскокі пастаўчане спакойна ліквідавалі, бо на вельмі высокім узроўні правёў гэты паядынак цэнтральны абаронца Аляксандр Жарскі, за што і атрымаў прыз лепшага іграка ў складзе гасцей.

У другім тайме сапернік узмацніў свой націск, і за 5 хвілін да заканчэння матча В. Стоцік правёў пераможны гол. За пастаўчан згулялі Прыходзька, Танана, Жарскі, Дубін, Міснік, Якаўлеў (Мінгіновіч), Зелянкевіч, Карага (к), Я. Грантоўскі, Голубеў (Амбразевіч), Цітовіч. Нягледзячы на крыўднае паражэнне, каманда ПМЦ засталася на 4-м месцы ў турнірнай табліцы.

У першынстве працягвае лідзіраваць наш наступны сапернік — ФК “Лепель”, які на выездзе з лікам 3:1 атрымаў перамогу ў Верхнядзвінску. “Полацкгаз” на сваім полі разграміў міёрцаў з лікам 3:0, а сустрэча каманд Докшыц і Шаркаўшчыны была перанесена. Пасля выезду ў Лепель яшчэ праз тыдзень пастаўчане дома згуляюць з ФК “Міёры”.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.