Свята ў гонар кнігі, друкаванага слова, роднай мовы

Культура

Пачатак верасня ў Беларусі — асаблівы. 3 ім на нашу зямлю прыходзяць урачыстасці, прысвечаныя памяці асветнікаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, найбольш значных асоб, якія праславіліся не столькі на палях бітваў, дзяржаўнай службе, колькі сваім падзвіжніцтвам на ніве духоўнай. Таму святу беларускага пісьменства ў гадавым календары — асаблівае месца. I заўсёды яно дакладна вызначаецца ў геаграфічнай прасторы: цэнтрамі ўрачыстасцей становяцца гарады з глыбіннай гісторыяй, авеянай легендамі ды паданнямі. Сёлета ў першую ня­дзелю верасня яны распачнуцца ў Шчучыне.

Свята беларускага пісьменства ўзнікла не стыхійна. У яго была змястоўная перадгісторыя. У 1990 г. ва ўсім свеце шырока адзначалася 500-годдзе з дня нараджэння ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Асаблівыя ўрачыстасці разгарнуліся на Беларусі. Спасціжэннем і прапагандай духоўна-асветніцкай дзейнасці беларускага мысляра былі прасякнуты ўсе грамадскія і дзяржаўныя справы. Скарынаўскія чытанні і навуковыя канферэнцыі адбылі­ся ў навучальных і навуковых установах Мінска, Масквы, Вільнюса і іншых гарадоў. Праз два гады з Іерусаліма ў Мінск прывезлі Благадатны Агонь, запалены ад Гроба Гасподняга. Зноў ушанавальныя мерапрыемствы духоўнай хваляй прайшлі па нашай краіне. Усё грамадства было ахоплена высокадухоўнымі памкненнямі. У яго абвастрылася цяга да ведаў пра дакладную гісторыю сваёй зямлі, роднага краю, выспела патрэба вяртання да духоўных вытокаў.

У Міністэрстве культуры і друку ўзнікла задума спалучыць набыткі Скарынаўскага свята з традыцыямі ўшанавання нацыянальных святыняў і хрысціянскіх каштоўнасцей і творча прадоўжыць іх. Савет Міністраў ухваліў такую прапанову, узгадніў з іншымі мі­ністэрствамі, найперш Міні­стэрствам адукацыі, з Акадэміяй навук, творчымі саюзамі і перадаў сабраныя матэрыялы на зацвярджэнне ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета Рэспублікі. 25 мая 1994 года з’явіўся адпаведны ўказ. 3 гэтага часу  ў першую ня­дзелю верасня Беларусь святкуе Дзень беларускага пісьменства і друку (з 1998 г. — Дзень беларускага пісьменства). Свята прымеркавана да дня выхаду першай друкаванай кнігі на тагачаснай беларускай мове «Псалтыр», здзейсненага Францыскам Скарынам 6 жніўня 1517 г. у Празе. Але ў жніўні не працуюць навучальныя ўстановы, большасць людзей знаходзяцца ў адпачынках. А ў верасні пачынаецца актыўнае навучальнае, навуковае і творчае жыццё. 1 верасня адзначаецца Дзень ведаў, і гутаркі пра культуру, адукацыю, стваральную дзейнасць, праведзеныя ў гэты дзень, арганічна ўліваюцца ў мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісь­мен­ства.

Традыцыйна гэта свята праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі беларускай культуры, навукі і кнігадрукавання. Упершыню Дзень беларускага пісьменства прайшоў у 1994 го­дзе ў Полацку. У 2006-ым яго прымалі Паставы. Склаліся ўжо пэўныя традыцыі арганізацыі і правядзення свята беларускага пісьменства. Напачатку адбываецца тэатралізаванае шэсце прадстаўнікоў гарадоў-цэнтраў беларускага кнігадрукавання. Уражваюць выступленні гістарычных асоб, ролю якіх   выконваюць вядомыя беларускія артысты.   Падчас урачыстай часткі ідзе размова пра культурна-асветніцкія, выдавецка-паліграфічныя дасягненні нашай краіны, адзначаюцца пераможцы кнігавыдавецкай дзейнасці.

У розных кутках горада — на плошчах і вуліцах, у парках і скверах, ля выставачных стэндаў і кніжных лавак — праходзяць канцэрты прафесійных і сама­дзейных артыстаў. Наладжваюцца сустрэчы з літаратарамі, выставы рэспубліканскай і мясцовай прэсы, кніжныя кірмашы і выстава-кірмаш народных промыслаў.

Напярэдадні святкавання ў горадзе праходзіць навуковая канферэнцыя. У ёй прымаюць удзел вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі ВНУ, мясцовыя краязнаўцы. У выступленнях яны абмяркоўваюць пытанні гістарычнага і культурнага развіцця рэгіёна. А ў гэты час разгортваецца навукова-творчая экспедыцыя «Дарога да святыняў». З непагаснай лампадай, запаленай ад Благадатнага Агню, што прывезлі ад Гроба Гасподняга і зберагаюць у мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, вернікі, дзеячы культуры і навукі едуць па славутых беларускіх мясцінах, наведваюць хрысціянскія храмы. Тут яны сустракаюцца з прыхаджанамі, удзельнічаюць у набажэнствах, ладзяць творчыя мерапрыемствы ў навучальных установах, дамах культуры і бібліятэках. У нядзельную раніцу Благадатны Агонь дастаўляюць у цэнтр святкавання, дзе яго ўрачыста сустракаюць, служаць малебен у храме. Пасля такой цырымоніі пачынаецца тэатралізаванае шэсце.

Свята беларускага пісьменства, як усялякая дзея, мае пачатак і канец. Але ў тых мясцінах, дзе яно разгортвалася, застаюцца помнікі і памятныя знакі. Урачыста адкрыты помнікі Пятру Мсціслаўцу (Мсціслаў, 2001), Сімяону Полацкаму (Полацк, 2003), Кірылу Тураўскаму (Гомель, 2004), Святому Елісею Лаўрышскаму (вёска Лаўрышава каля Навагрудка, 1996), Канстанціну Тызенгаўзу (Паставы, 2006), Сямёну Зорычу (Шклоў, 2007), літары «Ў» (Полацк, 2003). У Барысаве да 15-годдзя святкавання Дня беларускага пісьменства адбылося адкрыццё помніка прызу Нацыянальнага конкурсу «Залаты фаліянт», а таксама мемарыяльнай дошкі Івану Кала­дзею. У 2007-ым палачане ўстанавілі помнік Усяславу Чара­дзею, помнік Францішку Багушэвічу (Смаргонь, 2009).

Па матэрыялах інтэрнэт-крыніц.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.