«Такога багатага валавога намалоту ў гісторыі гаспадаркі яшчэ не было»

Сельское хозяйство

Вадзіцелі Віктар Смалякоў, Сяргей Борыс, Аляксандр Кацейка і Юрый Квач.

1 жніўня ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Сцяг Перамогі-агра” адбыліся зажынкі, а праз 19 дзён тут аднымі з першых на Пастаўшчыне завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых. Яны абмалочаны на 1705 гектарах. З кожнага атрымана ў сярэднім па 35,2 цэнтнера збожжа, а ўсяго — 6002 тоны.

— Такога багатага валавога намалоту азімых і яравых зерневых у гісторыі гаспадаркі яшчэ не было, — адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Ю. Я. Борыс. — І ніколі раней у такія сціслыя тэрміны, як сёлета, не завяршалі  жніво. Канечне, вельмі паспрыяла сонечнае надвор’е. Рана выяз­джалі ў поле, позна вярталіся дамоў. Камбайны працавалі ўвесь светлавы дзень, бо практычна не было затрымак на сушыльных дварах, з адвозкай зерня.

Сёлетняе жніво запом­ніцца ўсім, хто ўбіраў збажыну. Сярэдняя нагрузка на камбайн складала 250 гектараў. Вопытныя механізатары ўбралі ўраджай з яшчэ большай плошчы. У першую чаргу гэта Віктар Граблеўскі і Аляксандр Дзюшко. На рахунку кожнага амаль па 1300 тон зерня новага ўраджаю. Такі намалот і ў маладога інжынера шыркаўскага сельгас­аддзялення Андрэя Борыса, які ў апошнія гады на перыяд жніва садзіцца за штурвал камбайна. Зусім крыху недабраў да тысячы тон Віктар Чыпко. Удала дэбютаваў на хлебнай ніве Руслан Чарняўскі. Добрых слоў заслужылі камбайнеры Валянцін Жамойдзь і Васілій Гайдук.

Не падвялі і вадзіцелі. Як і летась, больш за 2000 тон зерня перавёз Юрый Квач. Амаль па 1800 тон зерня даставілі ад камбайнаў да зернесушылак Віктар Смалякоў і Сяргей Борыс. Пастараўся на адвозцы збожжа і Аляксандр Кацейка.

Cпорылася работа ў аператараў зернесушылак Валянціна Анішкевіча, Уладзіміра Яркоўскага, Васілія Жукава, Уладзіміра Галіня. Вялікую дапамогу на дапрацоўцы збожжа ім аказвалі столінцы, якія працуюць у гаспадарцы, падлеткі з Юнек, Шырак і Пастаў.

Жніво ў сельгаспрадпрыемстве фінішавала. А камбайнеры-тысячнікі Віктар Граблеўскі, Аляксандр Дзюшко і вадзіцель Юрый Квач з жаданнем адправіліся на дапамогу хлебаробам ААТ “Камайскі-агра”.

Убраўшы сёлетні ўра­джай, у Юньках і Шырках клапоцяцца пра будучы. Завяршаецца сяўба азімага рапсу, засыпана і ачышчана неабходная колькасць насення азімых, вядзецца ворыва глебы.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.