
Летась ў філіяле “Нафтазаводмантаж-агра” намалацілі 3102 тоны збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 26,2 цэнтнера з гектара. Камбайнер Уладзімір Жойдзь і вадзіцель Канстанцін Галубёнак увайшлі ў лік тысячнікаў на Пастаўшчыне. На новым камбайне “КЗС-1218” убіраў збажыну Дзмітрый Жалянцоў. У разгар жніва была здадзена ў эксплуатацыю фінская сушылка прадукцыйнасцю 60 тон.
Пра гэтыя і іншыя факты на самым пачатку разгортвання ўборачных работ нядаўна нагадала галоўны аграном сельгасфіліяла Марына Галубёнак. Яна адзначыла, што, дзякуючы ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, сёлета ўдасца правесці ўборачныя работы ў больш сціслыя тэрміны і якасна. Так і атрымалася на старце. Першым абмалацілі азімы рапс і адначасова праверылі гатоўнасць да работы сушыльнай гаспадаркі. За лічаныя дні больш чым на трэцяй частцы планавай плошчы ўбралі зерневыя. Кожны гектар дае ў сярэднім амаль па 39 цэнтнераў. Гаспадарка прыступіла да выканання дзяржзаказу.
Але напрыканцы мінулага тыдня здарылася непрадбачанае. Па розных, не залежных ад механізатараў прычынах выйшлі са строю тры ўборачныя машыны. І калі на новым КЗС-1218 Дзмітрыя Жалянцова ўдалося аператыўна замяніць рухавік, то камбайны Генадзія Казакевіча і Дзмітрыя Якімовіча прастойваюць некалькі дзён. Галоўны інжынер Раман Казакевіч запэўніў, што інжынерная служба і кіраўніцтва філіяла робяць усё для таго, каб яны хутчэй выйшлі ў поле. Такой надзеяй жыве і адзін з лепшых камбайнераў Генадзій Казакевіч, з якім сустрэліся ў самым пачатку жніва. Настрой у Генадзія Мар’янавіча тады быў выдатны. Ён вызначыўся на веснавой сяўбе, падчас “зялёнага жніва” нарыхтаваў больш за 4000 тон сенажу. З вялікім жаданнем прыступіў да ўборкі.
— Для нас галоўнае — пагодлівае надвор’е і каб тэхніка не псавалася, — гаварыў камбайнер. — Летась, напрыклад, намалаціў больш за 950 тон зерня. Сёлета разлічваю на большае.
На жаль, камбайн падвёў механізатара, але верыцца, што і Генадзій Казакевіч, і Дзмітрый Якімовіч, дзякуючы майстэрству і настойлівасці, змогуць намалаціць яшчэ не адну сотню тон збажыны. Тым больш што і азімыя, і яравыя ў сельгасфіліяле ўрадзілі.
Галоўны аграном Марына Галубёнак пераканана: на круг выйдзе ў сярэднім каля 40 цэнтнераў, а валавы намалот перавысіць 4500 тон — амаль на паўтары тысячы тон больш, чым было ў мінулым годзе. 460 тон харчовай пшаніцы і ячменю будзе рэалізавана ў лік дзяржзаказу, 400-410 тон — засыпана на насенне, астатняя колькасць — выкарыстана на фураж і іншыя мэты. Дарэчы, філіял “Нафтазаводмантаж-агра” — адна з гаспадарак, якая не мае запазычанасці перад Полацкім камбінатам хлебапрадуктаў. А гэта азначае, што ўсё намалочанае зерне будзе выкарыстана на ўласныя патрэбы, у рацыёне жывёлы пастаянна будуць канцэнтраваныя кармы.
На мінулым тыдні, калі стаяла спёка, уся намалочаная збажына дастаўлялася з поля да месца захоўвання, абмінаючы новую, мабільную, і падлогавыя сушылкі. З вялікім стараннем працавалі камбайнеры Дзмітрый Жалянцоў, Уладзімір Гродзь, вадзіцель Канстанцін Галубёнак і іншыя.
Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.