У шэрагах кааператараў прыбаўленне


Прадавец Эрыка Казунко, таваразнаўца Том Рамзайцаў, эканаміст Аляксандра Скурацёнак і аператар ЭВМ Дар’я Вашкінэль.

Штогод у калектыў Пастаўскага райспажыўтаварыства ўліваюцца 20—25 маладых спецыялістаў. Сёлета тут свае першыя крокі ў прафесію зробяць 22 выпускнікі навучальных устаноў.

Першымі на свае працоўныя месцы прыбылі выпускнікі Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі — Аляксандра Скурацёнак і Том Рамзайцаў. Іх працоўная біяграфія пачалася ў канцы лютага. За гэты час маладыя спецыялісты ўжо асвоіліся.

— Ва ўніверсітэт паступіў адразу пасля заканчэння Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа на спецыяльнасць «Таваразнаўства. Экспертыза харчовых тавараў». Пасля года навучання вырашыў паралельна асвойваць спецыяльнасць «Лагістыка». Па першай спецыяльнасці, якую атрымліваў па накіраванні, размеркаваўся ў райспажыўтаварыства. Першыя два месяцы работы былі нялёгкімі, таму што ў поўнай меры адчуў, што тэорыя і практыка зусім розныя рэчы. Дзякуй граматным, спагадным калегам, якія заўсёды прыходзяць на дапамогу, — казаў Т. Рамзайцаў. — Гэтым летам атрымаў дыплом аб другой вышэйшай адукацыі і паступіў у магістратуру. Упэўнены, што практычны вопыт станоўча адаб’ецца на вучобе.

Яшчэ 4 маладыя спецыялісты атрымалі сярэднеспецыяльную адукацыю ў Полацкім і Маладзечанскім гандлёва-тэхналагічных каледжах. Астатнія — выпускнікі Пастаўскага прафтэхкаледжа (14 прадаўцоў і 2 слесары). Аднак, нягле­дзячы на тое, што кожны год шэрагі работнікаў райспажыўтаварыства значна папаўняюцца, дэфіцыт кадраў па прафесіі «Гандлёвая справа» ўсё роўна ёсць. Асабліва востра гэта адчуваецца ў летні перыяд, калі пачынае працаваць вулічны вынасны гандаль, тое ж самае датычыцца вёскі. Акрамя гэтага, прадаўцы патрабуюцца пры адкрыцці новых прадпрыемстваў гандлю і на перыяд водпускаў.

Каб стварыць для маладых спецыялістаў максімальна камфортныя ўмовы працы, калектыўным дагаворам прадугледжаны розныя віды матэрыяльнай дапамогі і іншыя бонусы.

— Пры налічэнні зарплаты гады вучобы прыраўноў­ваюцца да стажу работы. Так, спецыялісту з вышэйшай адукацыяй налічваюцца 10% за выслугу гадоў. Таксама кантрактам прадугледжана павышэнне тарыфнай стаўкі службовага акладу на 50% выпускні­кам ВНУ, не менш за 20% — па рабочых прафесіях, — расказала намеснік старшыні па кадрах рай­спажыўтаварыства Ірына Іванаўна Ісачанкава. — Яшчэ выплачваем кампенсацыю ў памеры ад 1 да 2 базавых велічынь за здымнае жыллё. Тым, хто дабіраецца на працу ў сельскую мясцовасць на грамадскім транспарце, цалкам вяртаем кошт праезду, калі на сваёй машыне — кошт бензіну.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.