Ушанавалі лепшых чыгуначнікаў


Дзень чыгуначніка ў Беларусі адзначалі ў першую нядзелю жніўня. У нашым раёне ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята прайшлі ў Варапаеве. У  парку, як і шмат гадоў запар, прысутнічалі не толькі работнікі сталёвых магістралей, але і іх сем’і, многія жыхары гарпасёлка. З калектывам дыстанцыі пуці, які летась адзначыў сваё 75-годдзе, звязаны жыццё і працоўная дзейнасць соцень жыхароў Варапаева і  іншых населеных пунктаў Пастаўскага і яшчэ шасці раёнаў Віцебскай вобласці. Пераважная большасць іх, як і ўсе ветэраны працы, напярэдадні былі адзначаны грашовымі прэміямі, а тых, хто асабліва вызначыўся, ушанавалі на свяце.

З Днём чыгуначніка прысутных павіншавалі старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Наталля Седзюкевіч, начальнік дыстанцыі пуці Аляксандр Кандыбін, старшыня пяр­вічнай прафсаюзнай арга­нізацыі Вера Ушкур, старшыня савета ветэранаў Валянціна Трафімава. Пачалося святкаванне з цырымоніі ўзнагароджвання.

Ганаровыя граматы і Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта атрымалі дарожны майстар Анатолій Кузьміноў, рамонтнік Сяргей Брагін, ветэран працы Іван Федаровіч. Такімі ж узнагародамі начальніка Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі адзначаны ініцыятыва і добрасумленнасць у рабоце брыгадзіра Віктара Церлюка, трактарыста Леаніда Сіняка, рабочай Ганны Цымбалюк.

Ганаровыя граматы і Падзякі начальніка дыстанцыі пуці Аляксандр Кандыбін уручыў начальніку ўчастка Леаніду Дзехцяронку, брыгадзіру Пятру Ківатыцкаму, дарожнаму майстру Уладзіміру Хілько, галоўнаму бухгалтару дыстанцыі Людміле Пракапёнак, рабочаму Андрэю Саўчанку, манцёру пуці Віктару Зямчонку.

Напярэдадні свята ўрачыстыя сходы прайшлі ў Мінску і Віцебску, на якіх прысутнічалі дэлегацыі дыстанцыі пуці. Як са сталіцы, так і з абласнога цэнтра варапаеўскія чыгуначнікі вярнуліся з высокімі ўзнагародамі за працу. Нагрудны знак “Выдатнік Беларускай чыгункі” атрымаў слесар па рамонце пуцявых машын і механізмаў Станіслаў Кішко, намеснік начальніка дыстанцыі Аляксандр Ушкур і вадзіцель дрызіны Сяргей Ісакаў — нагрудныя знакі  “За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы” III cтупені.

Усіх прысутных на свяце ў Варапаеве парадавалі сваім выступленнем ­удзель­­нікі народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” раённага Дома культуры пад кіраўніцтвам Аляксея Конанава.

У гэты дзень таксама прайшлі спартыўныя спаборніцтвы. Пераможцамі сталі: па валейболе — каманда дыстанцыі, па міні-футболе — сельскага Савета. Прадстаўнічым, як заўсёды, атрымаўся шашачны турнір. У ім прынялі ўдзел аматары шашак, у тым ліку некалькі кандыдатаў у майстры, з Пастаў, Шаркаўшчыны і Варапаева. Наймацнейшымі аказаліся гаспадары: сярод мужчын — Уладзімір Халдзей, сярод жанчын — Юлія Казаровец, сярод дзяцей — Марат Леў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.