“Увага людзей дае сілы”


У гэтыя  дні ў кватэры пастаўчанкі Браніславы Віктараўны Вярбіцкай, якая жыве на хутары Заготскот, шматлюдна. Сабраліся госці з прыемнай нагоды — адзначыць 90-годдзе гаспадыні. Імянінніца рада сустрэчы з кожным, хто завітае да яе на ўрачыстасць. А асабліва роднай сястры, якая з дачкой і ўнукам загадзя прыехала з Рыгі, і з дапамогай суседчынай дачкі Лены Касарэўскай узялі на сябе клопаты па арганізацыі юбілею. З сястрой успамінаюць пражытае. Было яно вельмі цяжкім. Ды жанчына знаходзіла выйсце з любой складанай сітуацыі, поўная аптымізму і ў такім паважаным узросце.

Нарадзілася на Лынтупшчыне. За ёй на свет з’явіліся брат і яшчэ тры сястры. Зямлі сваёй мелі мала, таму бацька па чарзе працаваў у заможных паноў. Сёстрам-двайнятам было па году, калі здохла карова, якая з’яўлялася карміцелькай для вялікай сям’і, і маці рашылася паехаць у Латвію на заробкі. Пакінула малодшых пад апеку старэйшай Броні і мужа і адправілася ў далёкую і невядомую дарогу.

— Дзякуй вяскоўцам, — успамінала Браніслава Віктараўна. — Яны падтрымлівалі. Тата рана выходзіў з дома і позна, стомлены, вяртаўся. А з мяне, 10-гадовай, якая гаспадыня? Кабеты прыносілі малако, дапамагалі іншым. Мама вярнулася праз год, прывезла грошай, і ў нас з’явілася свая кароўка.

Ды новая бяда прыйшла — цяжка захварэў бацька. Броня павезла яго на кані ў Паставы да доктара. Чалавеку ампутавалі нагу. Дзяўчыне прыйшлося брацца за плуг і касу, сякеру і вілы. Не шкадавала ні рук, ні часу, каб толькі не галадалі малодшыя, каб аблегчыць працу маці.

— І гэтым часам пасватаўся да мяне ўдавец з Каралінова, — успамінала жанчына. — Ледзь не на 20 гадоў старэйшы, з двухгадовым сынам на руках. Задумалася я над яго прапановай. А маленькі Юзік абчапіў шыю і зашаптаў: “Я хачу, каб ты была маёй мамай”. Слёзы з вачэй пакаціліся, і не знайшлося сіл сказаць “не”. Тата маё рашэнне не адобрыў і нават на вяселле не пайшоў. У хаце мужа я была гаспадыняй. Ён меў немалую гаспадарку, кавалак зямлі. Абое стараліся, уставалі раней за сонца і пазней за яго клаліся спаць. Марылі купіць яшчэ зямлі і пабагацець.

А пачалася калектывізацыя, і Вярбіцкія зноў засталіся ні з чым. Толькі прага да працы не знікла. Шчыравалі. Урэшце гаспадар надумаўся перабрацца ў Паставы. Уладкаваўся вартаўніком. Здымалі кватэру. Пазней муж перайшоў у “Заготскот”, жонку прынялі на сокавы завод. Атрымалі кватэрку, распрацавалі агарод, завялі гаспадарку. Юзіку стараліся купляць розныя рэчы. А ён рос паслухмяным, у вучобе быў старанным. Служыць трапіў ажно ў Сургут. Потым паступіў у лётнае вучылішча. Ажа­ніўся. Цяпер з сям’ёй жыве ў Мінску. Браніславу Віктараўну не забывае. І Юзік, і яго жонка завуць яе мамай, часта тэлефануюць, адведваюць.

— Сумесных дзяцей у нас з Фэлькам не было, — кажа жанчына. — Муж перажываў, што ў старасці застануся адна. Памёр раптоўна яшчэ не ў старым узросце. Але я не адзінокая, вунь колькі ў мяне прыяцеляў! На юбілей у сталовую “СССР” запрошаны 40 чалавек — самыя дарагія людзі: радня, суседзі, знаёмыя, якія з’яўляюцца для мяне падтрымкай.

Сёлетняй зімой з Браніславай Віктараўнай здарылася няшчасце — упала і зламала шыйку сцягна. Месяц ляжала ў бальніцы і так хвалявалася, што прыйдзецца афармляцца на сацыяльны ложак. А суседка Іра Панкратовіч прапанавала сваю дапамогу. Вярнулася Браніслава Віктараўна ў сваю кватэру.  А Іра прыходзіла па колькі разоў на дзень, цепліла печку, варыла ежу, карміла, мыла, пераадзявала — даглядала так, як не кожная дачка даглядае родную маці.

— А што ж бы я рабіла без сваіх залатых суседак Тоні Ульянавай і Ніны Кавалёвай, — пляскае рукамі Б. В. Вярбіцкая. — Сёстры ці бываюць такімі добрымі, чулымі, спагаднымі, як Тоня з Нінай. Колькі падзей усялякіх перажылі за гады суседства, колькі радасці падзялілі  на траіх! І цяпер дзякуючы ім у мяне на стале свае цыбуля, кроп, бурачкі, морква. Гэта яны пасадзілі і даглядаюць невялікую градку на маім агародзе. Асноўную работу па доме выконвае сацыяльны работнік. Прыязджаюць спытацца, як я жыву, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская, старшыня Ярэўскага сельскага Савета Павел Антонавіч Скрыдлеўскі. Не абмінае маёй хаты і ксёндз-пробашч Анджэй. Увага людзей надае сілы. На здароўе асабліва не наракаю і цяжару гадоў не адчуваю, вось толькі пасля пералому нагі ляска патрэбна. А жыць цяпер добра таму, што дзяржава і яе кіраўнік клапоцяцца пра людзей.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.