Выратавалі лебедзяў


Гэта гісторыя здарылася паўтара тыдня таму ў Гуце і вельмі ўсхвалявала мяне. Таму хачу расказаць яе чытачам раёнкі. Прыехаўшы з Пастаў да бацькоў, надвячоркам я маляваў агароджу каля іх хаты. Раптам нада мной з жудасным крыкам праляцеў дарослы лебедзь. Потым ён стаў кружыць над наваколлем, прадаўжаючы крычаць, напэўна, просячы ў людзей дапамогі. Рэха ўмольнага крыку раздавалася над вуліцамі Маладзёжнай і Заводскай.

Калі я накіраваўся ў хату, каб паклікаць бацьку, які глядзеў па тэлевізары “Поле цудаў” (можа, ён зразумее паводзіны птушкі?), міма мяне ў напрамку агарода Лукашэвічаў прашмыгнуў малады лебедзь, які, відаць, яшчэ не ўмеў лятаць. Марына Лукашэвіч, Вера Павініч і Віктар Максімовіч злавілі яго, і Віктар аднёс напужаную птушку на гуцкае возера, да якога амаль кіламетр.

Тым часам яшчэ адзін маладзенькі лебедзь “забуксаваў” у канаве каля грушы. Яго заўважылі Ванда Пунтус, Таіса Лукашонак і яе дачка Святлана, якая з Оршы прыехала з сям’ёй да маці ў госці. Акружылі птушку, і яна даверылася людзям, не супраціўлялася іх дапамозе. Да возера яе панесла Святлана. А мой бацька Іосіф Кішко і Раман Воўк знайшлі яшчэ двух лебедзяў — у хмызняку ля чыгуначнага палатна. Яны былі настолькі знясіленыя, што нават ісці не маглі, толькі куляліся ў высокай траве з боку на бок. Іх таксама аднеслі на возера, куды, супакоіўшыся, прываднілася і іх маці.

Але ці ўсё сямейства ў зборы? Ванда Пунтус, Вера Павініч, Марына Лукашэвіч, Іосіф Кішко, Віктар Максімовіч, Таіса Лукашонак, Ніна Пятроўская і Святлана Кандранкова (магчыма, у аперацыі ўдзельнічалі і іншыя) прадоўжылі пошукі. І недарэмна — знайшлі яшчэ аднаго лебедзя, якога таксама аднеслі да возера.

Выказвалася шмат версій наконт таго, што магло здарыцца з лебядзі­ным сямействам, як “пешыя” птушкі (а іх бачылі і на чыгуначным палатне) маглі апынуцца так далёка ад вадаёма. Але галоўнае — яны былі ўратаваны, не сталі здабычай ба­дзяжных сабак або ліс, іх не збіў таварны поезд, што неўзабаве праходзіў па чыгунцы. І людзі радаваліся, што змаглі дапамагчы птушкам.

В. КІШКО, г. Паставы.

Фота аўтара. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.