Хацілаўскія рэкорды

Местная власть Сельское хозяйство

Старшыня райвыканкама В. С. Гутараў віншуе з працоўнай перамогай дырэктара ААТ «Хацілы-агра» В. І. Крыштафовіча.

Ва ўрочышчы Мажэйкі, што ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Хацілы-агра”, у нядзелю заставаліся няўбранымі апошнія некалькі дзясяткаў гектараў яравой пшаніцы. Сюды зранку і рушылі ўсе камбайны. Работа, як і ў папярэднія дні, спорылася. А напачатку дванаццатай гадзіны Андрэй Калінскі, Мікалай Пабядзінскі і Андрэй Курто выгрузілі апошнія бункеры збажыны. Жніво ў гаспадарцы завяршылася.

На ўскрайку поля плошчай амаль 100 гектараў камбайнераў і іх памочнікаў чакалі старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў, дырэктар сельгаспрадпрыемства В. І. Крыштафовіч і старшыня прафкамітэта Н. А. Пабядзінская. Павітаўшыся з кожным механізатарам, Віктар Сяргеевіч адзначыў, што сёлетняе жніво абавязкова ўвойдзе ў гісторыю гаспадаркі і раёна, бо нават для тутэйшых зямель атрыманы небывалы ўраджай. Валавы намалот збожжа склаў амаль 12900 тон, сярэдняя ўраджайнасць — больш за 80 цэнтнераў з гектара. Гэты паказчык адзін з лепшых у вобласці і рэспубліцы.

В. С. Гутараў падзякаваў кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства, спецыялістам, камбайнерам і ўсім ­удзель­нікам жніва за працу, высокія намалоты і ўручыў В. І. Крыштафовічу невялікі падарунак. “Хацілаўцы”  ў сваю чаргу паднеслі кіраўніку раённай вертыкалі сноп пшаніцы, якую вырошчвалі на 900 гектарах і з кожнага атрымалі па 94 цэнтнеры збожжа.

Уборка зерневых і зернебабовых доўжылася тры тыдні. Яны абмалочаны на 1600 гектарах. Маглі б управіцца і крыху раней, але не спяшаліся, галоўная стаўка была зроблена на якасць. Для спецыялізаванай гаспадаркі па вырошчванні элітнага насення зерневых гэта асабліва важна. Камбайнеры не могуць дапусціць змешвання сартоў і культур. Ім, а таксама ва­дзіцелям пасля пераезду з аднаго поля на іншае, з культуры на культуру даво­дзіцца праводзіць дадатковую ачыстку тэхнікі. Гэта правіла няўхільна выконваецца ўсімі.

Усе экіпажы атрымалі добрую ацэнку.  А пашчыраваць давялося яшчэ як! Пры сярэдняй сезоннай нагрузцы на камбайн 160 гектараў (што не так і шмат) важкасць кожнага гектара ў сельгаспрадпрыемстве аказалася вельмі высокай. У выніку Валерый Ярашэвіч намалаціў 1857 тон зерня і займае першае месца ў раёне, Мікалай Чашун — 1615.  Больш чым па тысячы тон на рахунку  яшчэ сямі камбайнераў — Андрэя Калінскага, Андрэя Валка, Мікалая Пабядзінскага, Міхаіла Субача, Віктара  Кобзіка, Андрэя Курто і Дзмітрыя Браздаўскаса.

Камбайнеры і іх памочнікі — галоўныя героі жніва.

У папярэднія гады на адвозцы збожжа ад камбайнаў у асноўным выкарыстоўвалі МАЗы і іншыя аўтамашыны. Яны і сёлета працавалі ў полі. Больш чым па 2000 тон зерня кожны перавезлі Андрэй Галубоўскі, Уладзімір Усаценка і Павел Валодзька. Каб не спыняць збожжавы паток, вырашылі дадаткова задзейнічаць трактары “МТЗ-1221” з велікагрузнымі прычэпамі. І не памыліліся. Механізатары Вік­тар Дзясятнік, Уладзімір Гайдукевіч і Славамір Татарэнка таксама сталі тысячнікамі.

Высокая аддача хлебнай нівы — гэта вынік строгага прытрымлівання тэхналогіі вырошчвання зерневых, выкарыстання комплексу сучасных машын і механізмаў, шчырай паўсядзённай працы механізатараў на сяўбе, доглядзе пасеваў, уборцы ўраджаю. Дырэктар сельгаспрадпрыемства В. І. Крыштафовіч і галоўны аграном І. Р. Машлякевіч адзначылі, што вынікі ў раслінаводстве залежаць не толькі ад над­вор’я. ААТ “Хацілы-агра” спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення яравых і азімых зерневых. Таму ў глебу тут кладзецца толькі суперэлітнае насенне. Глеба атрымлівае дастатковую колькасць калійных, фосфарных і азотных удабрэнняў як у асноўную запраўку, так і ў выглядзе падкормкі. Яе, як правіла, праводзяць двойчы. Сёлета на пасевы, у тым ліку зерневых, толькі КАСа было ўнесена тысяча тон. Яны апрацаваны прэпаратамі і гербіцыдамі ад хвароб і пустазелля. Высокі эфект дае выкарыстанне самаходных машын “Раса” і “Мекасан-Тэхнома”, якімі па-майстэрску кіруюць Віктар Дзясятнік і Уладзімір Усаценка. Сучасныя сеяльныя агрэгаты, плугі і іншыя сельгасмашыны таксама “працуюць” на ўраджай.

З завяршэннем жніва клопатаў у хлебаробаў не зменшылася. Па-ранейшаму кругласутачна працуе сушыльная гаспадарка.  Многія з механізатараў, якія толькі што ўбіралі і перавозілі збожжа, закладваюць аснову новага ўраджаю, рыхтуюцца да ўборкі кукурузы. Словам, работы яшчэ шмат.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

З працоўнай перамогай!

Дырэктару ААТ “Хацілы-агра” Вячаславу Іосіфавічу КРЫШТАФОВІЧУ,

галоўнаму аграному  Івану Рыгоравічу МАШЛЯКЕВІЧУ,

старшыні прафсаюзнай арганізацыі Наталлі Анатольеўне ПАБЯДЗІНСКАЙ,

камбайнерам, іх памочнікам, вадзіцелям, механізатарам,

аператарам зернесушыльных комплексаў, усім удзельнікам уборачных работ

Паважаныя хлебаробы! Шчыра віншую вас з завяршэннем жніва і рэкорднымі для Пастаўшчыны валавым намалотам збожжа — 12900 тон і  ўра­джайнасцю — 80,5 цэнтнера з кожнага гектара. Сёлета ўпершыню дзевяць экіпажаў камбайнаў з дзесяці, шэсць вадзіцеляў і механізатараў намалацілі і перавезлі з поля па тысячы і больш тон зерня, а тры вадзіцелі перавысілі двухтысячны рубеж. Гаспадарка перавыканала дзяржаўны заказ па продажы харчовага збожжа, засыпала неабходную колькасць насення азімых зерневых для ўласнай сяўбы і патрэб іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Шчыры дзякуй вам за нястомную працу, адданасць хлебаробскай справе, пастаянныя клопаты пра павышэнне ўрадлівасці хлебнай нівы і кармавых угоддзяў. Жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, новых працоўных набыткаў.

В. ГУТАРАЎ,

старшыня раённага выканаўчага камітэта.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.