З акцэнтам на атаку. “ПМЦ-Паставы” – “Полацкгаз” (Полацк) – 5:2

Спорт

Канчатковы пераможны лік на табло ўтульнага, запоўненага гледачамі стадыёна ПМЦ зусім не азначаеў, што гульня выдалася для пастаўчан лёгкай. Чарговы наш сапернік быў вельмі моцны, што і даказаў сваім выхадам у паўфінал розыгрышу Кубка Віцебскай вобласці, дзе палачане, праўда, саступілі будучаму ўладальніку ганаровага трафея — сенненскаму “Камунальні­ку”. Перад гульнёй капітан гаспадароў, шматвопытны Уладзімір Карага, заўважыў, што наша каманда выставіла свой аптымальны склад і не павінна прайграць газавікам, якія па розных прычынах мелі кадравыя цяжкасці і прыехалі без запасных ігракоў.

У пастаўчан вымушаны быў прапусціць матч толькі крайні абаронца Вадзім Танана з-за выдалення ў папярэднім. Нягледзячы на моцны бакавы сустрэчны вецер, яго таварышы ў пачатку паядынку пайшлі наперад і стварылі тры галявыя моманты для ўзяцця варот. Адзін з іх абавязаны быў завяршаць цэнтральны нападаючы ПМЦ Раман Мядзведзеў, які на 12-й хвіліне без перашкод выйшаў на варатара гасцей, але не змог яго перайграць. Палачане адразу ж пакаралі апанента за такое марнатраўства, і са штрафнога ўдару ў абход сценкі Арцём Ганчарэнка адкрыў лік — 0:1.

Гэта няўдача прымусіла пастаўчан яшчэ болей актывізавацца, пайсці вялі­кімі сіламі наперад. Гасцям няпроста было справіцца з апекай лепшага бамбардзіра ПМЦ Арцёма Цітовіча. Яго на 22-й хвіліне вывеў на ўдарную пазіцыю атакуючы паў­абаронца Андрэй Вілейта, а Арцём магутна стрэліў пад перакладзіну і аднавіў раўнавагу. За 10 хвілін да перапынку гаспадары правялі яшчэ адну адпрацаваную камбінацыю, і А. Цітовіч трапна прабіў ужо ў далёкі вугал варот і вывеў сваю каманду наперад. Аднак радаваліся пастаўчане свайму поспеху зусім нядоўга. А. Ганчарэнка, загуляны яшчэ і ў 2-й лізе чэмпіянату Беларусі, імкліва прайшоў па левым флангу і зраўняў лік — 2:2.

У складзе пастаўчан перайшоў гуляць у сярэднюю лінію вопытны Руслан Зелянкевіч, і яго праход з мячом на 43-й хвіліне госці спынілі недазволеным прыёмам у сваёй штрафной пляцоўцы. Прызначаны пенальці бездакорна рэалізаваў Арцём Цітовіч і з 9 забітымі мячамі ўвайшоў у тройку лепшых бамбардзіраў першынства.

Пасля перапынку гульнявой ініцыятывай валодалі палачане, закрылі пастаўчан на іх палове поля і прымусілі толькі абараняцца. Абедзве каманды прыкметна стамі­ліся, але серыя праведзеных замен у пастаўчан у канцоўцы дапамагла ім правесці яшчэ дзве выніковыя камбінацыі, якія завяршылі Андрэй Вілейта і Ігар Курыловіч.

Перамога з буйным лікам значна палепшыла турнірнае становішча каманды ПМЦ і дазволіла ёй з 11 набранымі ачкамі ўвайсці ў чацвёрку мацнейшых. Іншыя матчы тура праходзілі таксама ўпарта. З аднолькавым лікам 2:1 глыбачане перамаглі суседзяў з Докшыц, а каманда Шаркаўшчыны — “Дзвіну-Барса” з Верхня­дзвінска. Лідар першынства, ФК “Лепель”, дома з лікам 1:0 адолеў міёрцаў.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.