З прафілактычнай мэтай


6 жніўня ў Пастаўскім РАУС спачатку прайшло пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку, сумешчанае з пасяджэннем назіральнай камісіі па пытанні працаўладкавання. А затым адбыўся паказальны выязны суд.

На пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку, які яшчэ называюць саветам прафілактыкі, былі запрошаны 16 чалавек — жыхары горада і раёна. Частка з іх не працуюць і злоўжываюць спіртным, астатнія маюць работу, але знаходзяцца на мяжы звальнення ў сувязі з цесным сяброўствам з “зялёным змеем”, дапускаюць скандалы дома, здзяйсняюць іншыя правапарушэнні ў нецвярозым стане. З кожным была праведзена прафілактычная гутарка, рэкамендавана звярнуцца да ўрача-нарколага, дадзена адпаведнае накіраванне. Акрамя членаў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на савеце прысутнічала галоўны спецыяліст аддзела па занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённага выканаўчага камітэта Л. С. Рымша. Яна расказала непрацуючым грамадзянам пра магчымыя варыянты працаўладкавання і прапанавала ім стаць на ўлік у названым вышэй аддзеле. Таксама як і раней судзімым асобам, што так і не знайшлі работу і ў сувязі з гэтым былі разгледжаны на пасяджэнні.

Затым аматараў спіртнога і парушальнікаў грамадскага парадку запрасілі на паказальны выязны суд, які правяла суддзя Н. Ф. Жукава. На ім вырашалася пытанне аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый грамадзяніна Л. з Пастаў. 35-гадовы мужчына з 2012 года знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага ЦРБ з дыягназам “сіндром залежнасці ад алкаголю, сярэдняя стадыя”. Па словах маці, спіртное ён пакаштаваў гадоў у 17. Пазней стаў перыядычна прыкладвацца да бутэлькі з-за сямейных праблем: расставання з сужыцелькай, смерці бацькі і роднага брата, але найбольш — з-за негатыўнага ўплыву так званых сяброў, якія запрашалі на чарку.  Мужчыну не раз прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртнога і з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, кіраванне транспартным сродкам пад “градусам”, іншыя правапарушэнні.

Зараз ён нідзе не працуе (з ранейшай работы звольніўся, а новай не змог знайсці), падтрымлівае зносіны з асобамі, якія злоўжываюць спіртным і раней былі асуджаны, знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС па прычыне адбыцця пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. На меры прафілактычнага ўздзеяння не рэагуе. У лютым бягучага года яму было вынесена афіцыйнае папярэджанне аб тым, што, калі не зменіць лад жыцця, адправіцца на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму. Але і гэта не падзейнічала: зноў здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне.

Суд прыняў рашэнне ізаляваць Л. у лячэбна-працоўны прафі­лакторый для яго медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы тэрмінам на 12 месяцаў. Такі ж фінал чакае і грамадзян, запрошаных на судовае пасяджэнне ў якасці гледачоў, у выпадку іх нежадання ўладкоўвацца на работу і добраахвотна лячыцца ад алкагольнай залежнасці.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.