А цяпер — і фільм пра вёску

Культура

Весела было ў апошнюю нядзелю жніўня ў дварышчы Францішкі Люцыянаўны Врублеўскай з вёскі Грыдзькі. Тут стаялі сталы і лаўкі, а сцяну адной з пабудоў упрыгожвала невялічкая выстава фотаздымкаў з сямейных альбомаў вяскоўцаў, газетных публікацый і малюнкаў Алы Казіміраўны Ціхановіч і яе дачкі Олі. З агародчыка, які заўсёды прываблівае сваёй дагледжанасцю, даносіўся кветкавы водар. Людзі сабраліся на свята…

Напачатку да прысутных звярнулася старшыня Юнькаўскага сельвыканкама Валянціна Міхайлаўна Філімонава. Яна             павіншавала ўсіх і пажадала здароўя, бадзёрасці, міру і дабрабыту, падзякавала за актыўную жыццёвую па­зіцыю.

Затым слова ўзялі самадзейныя артысты Юнькаўскага сельскага Дома культуры. Песняй, шчырым словам яны ўшанавалі вёску і яе жыхароў. А пачалі свой аповед з гісторыі. Адна з яе старонак — Вялікая Айчынная вайна. Пры адступленні немцы падпалілі Грыдзькі — згарэла 60 дамоў. Самі вяскоўцы ў ваеннае ліхалецце мужна змагаліся з ворагам. Дамоў вярнуліся не ўсе, і памяць тых, хто загінуў, была ўшанавана мінутай маўчання. Пазней пайшлі з жыцця і сведкі тых жудасных падзей. Да помнікаў ахвярам вайны і пахаваным у мірны час ветэранам ад удзельнікаў свята ляглі жывыя кветкі.

Вёска ўстала з вайны. Грыдзькаўцы адбудоўваліся, уступалі ў калгас і шчыравалі на зямлі, жаніліся і нараджалі дзяцей, вучыліся, спявалі, марылі і ажыццяўлялі свае планы. Вуліца шумела, звінела маладымі галасамі. На жаль, у апошнія гады пацішэла. Цяпер тут пастаянна жывуць усяго да дзясятка чалавек. Праўда, увесну Грыдзькі прырастаюць удвая ці ўтрая: хтосьці з пажылых вяртаецца ад дзяцей і ўнукаў, дзеці спяшаюцца навесці парадак на бацькоўскіх сядзібах, дачнікі — на сваіх участках, садзяць агароды. Асабліва стараюцца разам са сваімі мужамі Ірына Сяргееўна Шчасная, Таццяна Мікалаеўна Чарэнка, Наталля Яфімаўна Бухавецкая, Ала Яфімаўна Жук, Зоя Яўстаф’еўна Курыловіч і Сяргей Міхайлавіч Жук з жонкай Вольгай. Па добрай традыцыі сюды адусюль прыязджаюць і прыходзяць на Радаўніцу, каб прыбраць могілкі, успомніць продкаў.

Вядучыя свята Іна Андрэеўна Дзеравянка і Ірына Браніславаўна Васкрасенская назвалі доўгажыхароў. Гэта Ксенія Віктараўна Кляпец (94 гады), Ксенія Якаўлеўна Келбасіч і Лідзія Васільеўна Швед, якім па 92 гады. У адрас жанчын было сказана шмат шчырых слоў і нават “Сто лят” прагучала. Затым гаварылі па чарзе пра Клаўдзію Серафімаўну Мажэйка, Францішку Люцыянаўну Врублеўскую, Тамару Уладзіміраўну Карабейнікаву, Алу Казіміраўну Ціхановіч, Феафанію Васільеўну Швед, Пятра і Соф’ю Жук, Уладзіміра і Алену Пахомчык, старэйшыну Рэгіну Рамуальдаўну Ціхановіч. Дарэчы, Рэгіна Рамуальдаўна “прэзентавала” на свяце падарунак, які атрымала на дзень нараджэння ад родных і блізкіх, — планшэт. Асвоіла тэхніку і запісвала ўсе моманты, так што на памяць застанецца і фільм пра Грыдзькі (раней Соф’я Андрэеўна Жук напісала і выдала кнігу пра сваю вёску — аўт.). Ушанавалі імяніннікаў, успомнілі пра ўсіх жыхароў і дачнікаў, жадалі сонечных ранкаў і дзён, цёплых дажджоў.

А потым усе разам селі за стол і гаманілі, гаманілі. Успаміналі тых, каго ўжо няма побач, адно аднаму расказвалі пра жыццё-быццё, дзякавалі арганізатарам — Соф’і Андрэеўне Жук, Алене Андрэеўне Пахомчык, Таццяне Мікалаеўне Чарэнка, вядучым, самадзейным артыстам, у тым ліку і юным талентам — грыдзькаўскім унукам, выказвалі спадзяванне, што гэта сустрэча не апошняя, бо яна надта з’яднала людзей і сагрэла душы і сэрцы. Пра гэта гаварылі потым многія, у тым ліку і Вольга Юковіч з Навасёлак. На свята яна завітала таму, што раней тут жыла яе цётка.

Галіна ПІШЧ.

Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.