А цяпер — перабіраюць

Местная власть Сельское хозяйство

Вызначыліся ў працы навучэнцы групы №207 прафтэхкаледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.

У ААТ “Хацілы-агра” ўборку зерневых і зернебабовых, якія сёлета далі рэкордную ўраджайнасць, завяршылі ў перадапошнюю нядзелю жніўня. Разам з іншымі камбайнерамі выдатна папрацавалі ў полі Мікалай Чашун, Андрэй Курто і Віктар Кобзік.  На мінулым тыдні я зноў сустрэўся з імі, толькі ўжо на бульбяным палетку.

Механізатары Раман Лышко, Зянон Жэйма, Віктар Кобзік, Андрэй Курто і Мікалай Чашун працавалі на адвозцы клубняў і капалках.

—  У гэтыя дні, каб забяспечыць работай навучэнцаў прафтэхкаледжа, мы пачыналі працаваць з шасці гадзін раніцы, — расказваў Мікалай Чашун. —  Да іх прыезду паспявалі разагнаць неабходную колькасць барознаў, не здаралася затрымак і пасля. Толькі аднойчы  перашкодзіў дождж.

Сёлета ў гаспадарцы бульбу вырошчвалі на 5 гектарах. Накапалі 101 тону пры ўраджайнасці 202 цэнтнеры з гектара. Плошча невялікая, а аддача высокая. Таму што ў глебу  было ўнесена шмат арганікі. Садзілі клубні гатунку “рагнеда”, насенне набылі ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Па ўсіх правілах праводзілі акучванне, хімічную праполку пасеваў.

Пашанцавала і з памочнікамі. Другі год аказваюць дапамогу на падборцы клубняў навучэнцы групы №207.  У ёй юнакі, якія пасля заканчэння вучобы будуць мець спецыяльнасці трактарыста, вадзіцеля і слесара. Да заняткаў адносяцца сур’ёзна, адказна. Такімі зарэкамендавалі сябе і на сельскагаспадарчых работах. Невыпадкова атрад гэтай групы летась дабіўся самай высокай выпрацоўкі і заняў першае месца ў кале­джы. Другакурснікі поўныя рашучасці і сёлета замацаваць свой поспех. Штодзённа набіралі па чатыры прычэпы клубняў. А прыклад паказвалі  Ілья Кадушкевіч, Вадзім Красілевіч,  Ігар Масінкевіч і іншыя рабяты.

Будучыя слесары па рамонце аўтамашын і вадзіцелі катэгорыі “С”  аб’яднаны ў групу №62. Свой працоўны семестр пачалі таксама ў ААТ “Хацілы-агра”. Галоўны эканаміст гаспадаркі Наталля Пабядзінская, якая ажыццяўляе кантроль за работай маладых памочнікаў і вырашае розныя арганізацыйныя пытанні,  задаволена іх работай. Юнакам было на каго раўняцца. Высокай выпрацоўкі кожны дзень дабіваліся Дзмітрый Лапо, Паліна Маісеева, Аляксандр Грайчонак, Аляксандр Пронічкін і іншыя навучэнцы.

Аляксандр Пронічкін і Аляксандр Грайчонак — лепшыя ў групе №62.

З панядзелка рабяты прыступілі да пераборкі бульбы. А потым будуць накіраваны ў тыя гаспадаркі, дзе больш за ўсё патрабуецца дапамога.

— Напачатку гэтага тыдня мы сустрэліся з навучэнцамі і кіраўнікамі большасці сельскагаспадарчых атрадаў, адказнымі за іх работу на месцах, — расказвала намеснік дырэктара прафтэхкаледжа па выхаваўчай рабоце А. Дубовік. — Асаблівых заўваг і прэтэнзій ні з аднаго, ні з другога бакоў няма. Застаецца шкадаваць толькі пра тое, што не ва ўсіх гаспадарках высокі ўраджай: дзе па 200 цэнтнераў з гектара, а дзе — у два разы менш. Таму і выпрацоўка ў рабят неаднолькавая.

Раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” аб’яўлены конкурс “Працоўны семестр” на лепшы сельскагаспадарчы атрад. Ён праводзіцца на працягу верасня—кастрычніка сярод сельскагаспадарчых атрадаў навучэнцаў дзяржаўнага прафтэхкаледжа і вучняў школ Пастаўшчыны.

Зацверджаны парадак і ўмовы правядзення конкурсу і падвя­дзення яго вынікаў. Пераможцы будуць узнагароджаны граматамі райкама ГА “БРСМ” і каштоўнымі падарункамі. 

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.