А фінансаванне — недастатковае

Местная власть

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося на мінулым тыдні, разгледжана пытанне “Аб эфектыўнасці работы будаўнічай галіны ў раёне і выкананні праграмы па будаўніцтве жылля”.

Адкрываючы яго, кі­раў­­нік раёна В. С. Гутараў падкрэсліў асаблівую значнасць гэтай галіны, яе ўплыў на ўсю эканоміку, адзначыў, што будаўнікамі раёна нямала зроблена за апошнія гады: узводзілася жыл­лё, мадэрнізаваны малочны і льнозавод, жывёлагадоўчыя фермы. Але нямала і праблем, якія трэба агульнымі сіламі вырашаць.

У асноўным на праблемах і была сканцэнтравана ўвага пры абмеркаванні пытання. Намеснік старшыні райвыканкама П. Р. Станюш, які курыруе будаўнічую галіну, выступаючы з інфармацыяй, прызнаў, што зараз яна перажывае не лепшыя часы. І не з-за таго, што няма спецыялістаў ці яны не ўмеюць працаваць. Не, прычына ў іншым — недастатковым фінансаванні. Аграбуд­прадпрыемства “Рассвет Пастаўскі” — моцная будаўнічая арганізацыя, якой многае пад сілу. У выкананне будаўнічай праграмы пэўны ўклад уносяць і філіялы “Пастаўскае ДРБУ-132”,  “ДЭУ-33”, УП ЖКГ, ПМС, філіял вытворчага ўпраўлення “Глыбокаегаз”.

Што датычыць канкрэтна жылля, то летась яго ўведзена ў эксплуатацыю 11621 квадратны метр. Заданне на гэты год — 11000 квадратных метраў, і яно павінна быць выканана ў абавязковым парадку. Найбольшы аб’ём работ — на будаўніцтве 60-кватэрнага дома ў мікрараёне шостага гарадка ў райцэнтры. Вядуцца яны і на іншых аб’ектах. Як запэўніў дырэктар ДКУАБП “Рассвет Пастаўскі” А. І. Малец, пры ўмове дастатковага фінансавання з усімі работамі калектыў справіцца.

Складанае становішча на Варапаеўскім заводзе жалезабетонных вырабаў. З-за зніжэння аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ прадпрыемства страціла многіх заказчыкаў. Ускладняюць сітуацыю закрэдытаванасць завода, невяртанне яму дэбіторскай запазычанасці. Але кіраўнік прадпрыемства А. Р. Дудалева прывяла аргументы таго, як захаваць калектыў.

У пасяджэнні райвыканкама прыняў удзел і выступіў перад прысутнымі намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Д. І. Семянкевіч.

У рашэнні, прынятым па абмеркаваным пытанні, да адказных асоб даве­дзены тэрміны выканання праектна-каштарысных работ і будаўніцтва аб’ектаў, а цэнтру банкаўскіх паслуг №230 ААТ “ААБ “Беларусбанк” у г. Паставы рэкамендавана прымаць вычарпальныя ме­ры па забеспячэнні рыт­мічнасці крэдытавання будаўнічай галіны.

Фаіна КАСАТКІНА.