А зараз — «Глыбокаегаз»


Манцёр па ахове трубаправодаў ад карозіі Юрый Вячаслававіч Ракоўскі, слесар Пётр Іванавіч Зарэцкі і вадзіцель-зваршчык Павел Паўлавіч Невядомскі.

Сёння немагчыма ўявіць сабе камфортнае існаванне без газу. Гэты набытак цывілізацыі дазваляе нам гатаваць ежу, абаграваць дамы, запраўляць аўтамабілі. Радуе, што з кожным годам ахоп тэрыторыі «блакітным палівам» павялічваецца. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт раённай газеты гутарыць з начальнікам Пастаўскага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення «Глыбокаегаз» Мікалаем Дзмітрыевічам ЖДАНКОВІЧАМ.

— Мікалай Дзмітрыевіч, з верасня «Паставырайгаз» перацярпеў рэарганізацыю. З чым гэта звязана і якія прынясе змены?

— Зараз па ўсёй краіне ідзе пераўтварэнне газазабеспячальнай галіны, якое павінна завяршыцца да канца года. Ва ўсіх абласцях створаны міжраённыя аб’яднанні, у тым ліку 6 у Віцебскай вобласці. Пастаўскі раён аб’яднаны з Докшыцкім і Глыбоцкім. З першага верасня наша структура называецца філіял вытворчага ўпраўлення «Глыбокаегаз», а мая пасада — начальнік Пастаўскага раёна газазабеспячэння. Адзін з найважнейшых пунктаў рэарганізацыі — гэта аддзяленне няпрофільных вытворчасцей і аб’яднанне іх па відзе дзейнасці. Цяпер праектна-каштарысныя аддзелы, магазіны, будаўнічая галіна, сельскагаспадарчыя і торфабрыкетныя прадпрыемствы аб’яднаны ў асобныя філіялы. Усе трансфармацыі робяцца для дасягнення галоўнай мэты — ухіліць з эканомікі газавай гаспадаркі неў­ласцівыя задачы і ніяк не закрануць інтарэсаў спажыўцоў.

— А як адбіліся новаўвядзенні на вашым калектыве?

— Шэсць нашых будаўнікоў далучаны да «Полацкгазбуда». Паколькі частка функцый бухгалтарскай і эканамічнай службаў перададзены ў Глыбокае, ліквідаваны пасады галоўнага бухгалтара і эканаміста, гэтых спецыялістаў мы перавялі на іншыя пасады. Усяго ў калектыве працуе 53 чалавекі. У ліку лепшых А. У. Апанасевіч, А. В. Бялевіч, Э. С. Гуменік, І. З. Дзявятнікава, М. І. Лебухоў, П. П. Невядомскі, А. У. Папоў, Н. У. Раманенка, І. Л. Саўчук, А. А. Смірноў, М. У. Танана, С. Л. Хаменка, І. Д. Чарэнка. З нагоды прафесійнага свята Ч. Я. Бялабка, Л. А. Захарэвіч і С. М. Казелька прысвоена званне «Ветэран прадпрыемства», фотаздымак С. Ф. Гіч занесены на Дошку гонару УП «Віцебскаблгаз». П. І. Зарэцкі, С. У. Дзеравянка, Ю. В. Ракоўскі і І. С. Голад адзначаны Ганаровай граматай і Падзякай ДВА «Белпалівагаз», УП «Віцебскаблгаз» і раённага выканаўчага камітэта.

— Што сёння ўяўляе сабой газавая гаспадарка раёна?

— Працягласць газаправода па гора­дзе і раёне складае 252 кіламетры. Зараз налічваецца 7 тысяч 814 абанентаў, якія карыстаюцца прыродным газам, і 10 тысяч 61 — звадкаваным, усяго ж газіфікавана 2739 дамоў. Газам карыстаюцца больш за 50 прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Сёлета наш раён газазабеспячэння запусціў вялікі газаправод па вуліцах Чырвонаармейскай, Гагарына і Заслонава. Актыўна вядуцца работы па газіфікацыі фермы ў вёсцы Коўзаны. На гэтым аб’екце неабходна пракласці 3 кіламетры 300 метраў пляцовачных сетак. У хуткім часе прыступім да газіфікацыі новага мікрараёна забудовы ў 6 гарадку і вуліцы Вакзальнай (раён смалярні).

— На жаль, газ у побыце прыносіць не толькі карысць…

— Як правіла, негатыўныя наступствы ўзнікаюць пры яго няправільным і нямэтавым выкарыстанні. Прывяду некалькі прыкладаў. Адзін з жыхароў раёна змайстраваў самаробную гарэлку і ўстанавіў яе ў гаспадарчай пабудове. Калі мужчына тапіў на ёй воск, будынак загарэўся. Пакуль пажарныя тушылі ачаг узгарання, гаспадар памёр ад сардэчнага прыступу. Другі выпадак абышоўся без чалавечых ахвяр, але прымусіў пахвалявацца многіх. У вясковым шматкватэрным доме ад выбуху газу ў адной з кватэр выбіла шкло. Напалоханыя суседзі выклікалі экстранную службу. Гаспадыня не магла даць выразнага тлумачэння, як гэта здарылася, паколькі знаходзілася ў нецвярозым стане. Сцвярджала, што паставіла на пліту ваду, каб прыгатаваць каву… Калі не карыстацца няспраўнымі газавымі прыборамі, а таксама прыборамі, якія маюць высокую ступень зносу, своечасова мыць і фарбаваць абсталяванне, строга захоў­ваць іншыя правілы карыстання газам, то «блакітнае паліва» будзе прыносіць у вашы дамы толькі цяпло і ўтульнасць.

— Вашы пажаданні калегам з нагоды свята?

— Шчасця, здароўя, душэўнага спакою, цярпення і ветлівасці пры рабоце з кліентамі, добрай зарплаты.

Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.