“Быў і застаюся міліцыянерам”


А. Я. Радзецкая ўручае Прывітальны адрас і нагрудны знак “Віцебская міліцыя” А. В. Клімюку.

У канцы жніўня ў РАУС урачыста праводзілі на пенсію аднаго з найстарэйшых супрацоўнікаў — начальніка штаба падпалкоўніка міліцыі Андрэя Васільевіча Клімюка. З гэтай нагоды ў Паставы прыехалі прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага абл­выканкама, а таксама начальнікі штабоў з Глыбокага і Докшыц.

 У прысутнасці гасцей і аабовага складу райаддзела яго начальнік падпалкоўнік А. М. Гарус зачытаў паслужны спіс новаспечанага ветэрана, працоўны шлях якога пачаўся на Віцебскім тэлевізійным заводзе “Віцязь” з пасады інжынера. Адпрацаваўшы там з 1991 па 1995 год, сваё далейшае жыццё А. В. Клімюк звязаў са службай у органах унутраных спраў. І ўвесь гэты час яна праходзіла ў Пастаўскім РАУС, дзе давялося папрацаваць у розных падраздзяленнях. Быў старшым інспектарам па прафесійнай падрыхтоўцы групы кадраў, старшым інспектарам па дазвольнай рабоце аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі, займаў гэту ж пасаду ў групе выхаваўчай работы і кадравага забеспячэння. З 2006 года ўзначаліў штаб. Даслужыўся да звання падпалкоўніка.

— Андрэй Васільевіч вельмі прыстойны і бескарыслівы чалавек, выдатны спецыяліст, заўсёды падцягнуты і спартыўны. Моладзі, якая прыходзіць служыць у наш аддзел, трэба імкнуцца быць такімі ж афіцэрамі, — адзначыў А. М. Гарус. — Як начальнік скажу: шкада, што ідзеш у запас. Як проста чалавек: рады за цябе, што адслужыў і з горда паднятай галавой пакідаеш калектыў. Але, спа­дзяюся, будзеш па-ранейшаму ўдзельнічаць у яго жыцці і спорце. Нашы дзверы заўсёды адкрыты.

Ад імя генеральнага дырэктара ГА “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна” М. С. Рамейкі, які па аб’ектыўных прычынах не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, Аляксандр Мікалаевіч уручыў А. В. Клімюку грамату за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці раёна, а таксама Ганаровую грамату ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама за дасягненне высокіх вынікаў у службовай дзейнасці і якаснае выкананне важнай і тэрміновай работы, майку з фотаздымкам валейбольнай каманды РАУС, капітанам якой з’яўляўся віноўнік урачыстасці, і насценны гадзіннік.

Тое, што А. В. Клімюк — прафесіянал з вялікай літары, падкрэсліла і намеснік начальніка штаба УУС Віцебскага аблвыканкама А. Я. Радзецкая. “Мы рэдка прыяз­джалі да вас з праверкамі, бо ведалі: у Паставах па штабной рабоце і іншых кірунках, якія кантралюе штаб, усё ў парадку, арганізавана на належным узроўні”, — сказала яна. Ала Яўгеньеўна падзякавала Андрэю Васільевічу за службу, выказаўшы спадзяванне, што ён знойдзе сябе і на іншай рабоце, запрасіла на святкаванне 95-годдзя штабных падраздзяленняў, якое будзе адзначацца ва ўпраўленні ў пачатку лістапада, і ўручыла Прывітальны адрас начальніка штаба вобласці і нагрудны знак “Віцебская міліцыя”, якім А. В. Клімюк узнагароджаны загадам начальніка УУС аблвыканкама.

Шмат добрых слоў сказалі пра ветэрана калегі з Пастаўскага райаддзела і начальнікі штабоў з Глыбоцкага і Докшыцкага РАУС. Усе жадалі яму заставацца ўзорам для пераймання, здароўя, поспехаў і ўсяго найлепшага. Ну, а затым слова ўзяў сам Андрэй Васільевіч.

— Пакуль служыш у міліцыі, здаецца, што пенсія — гэта так далёка і так здорава. Але калі падыходзіць да яе час, з’яўляецца ўнутранае шчымлівае пачуццё: усё ж такі 20 гадоў у адным калектыве, з тымі ж самымі людзьмі, — прызнаўся ён і прыгадаў, якімі былі апошнія 20 гадоў і якія змяненні перажыў райаддзел міліцыі.

Таксама Андрэй Васільевіч падзяліўся з калегамі правіламі, якія вывеў для сябе падчас службы, зазначыўшы: калі прытрымлівацца іх, на любым участку і пасадзе бу­дзе ўсё ў парадку. А ў канцы, падводзячы вынік свайго выступлення, заявіў:

— Я ганаруся тым, што служыў у Пастаўскім РАУС, побач з вамі. І з гордасцю буду гаварыць, што я — супрацоўнік міліцыі. Ім быў і ім застаюся.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.