Да Атлантычнага акіяна — на веласіпедах (+фота)


10 чэрвеня маладыя пастаўчане Валерый Болт і Сяргей Сакалоўскі адправіліся ў падарожжа да Атлантычнага акіяна. Прычым на… веласіпедах! Ажыццяўлялі сваю смелую і, на першы погляд, пазбаўленую здаровага сэнсу задуму, на працягу 88 дзён. За гэты час пераадолелі 9 тысяч кіламетраў і пабывалі ў 10 краінах. 5 верасня вярнуліся ў Паставы і з задавальненнем расказалі пра сваю экстрэмальную вандроўку.

Ідэя яе арганізаваць узнікла мінулай зімой.

— Усё ад нуды, — усміхаўся Сяргей Сакалоўскі. — Хацелася зрабіць лета незабыўным. Спачатку планавалі ехаць у Амстэрдам, але вырашылі, што гэта блізка і сумна і павялічылі маршрут на некалькі тысяч кіламетраў. А тут яшчэ навіну пачулі: беларус праехаў на веласіпедзе па Еўропе 8 тысяч кіламетраў і патраціў пры гэтым 2 тысячы еўра. Вушам не паверылі: так многа? Захацелі даказаць сабе і астатнім, што ўбачыць свет можна і за істотна меншыя сродкі. Таму будавалі наша велападарожжа па прынцыпе: мінімум сродкаў, мінімум рэчаў, максімум зносін з мясцовымі жыхарамі.  Праект назвалі “Я ZHIVOJ”, пад такім імем стварылі акаунты ў сацыяльных сетках, дзе потым дзяліліся здымкамі з падарожжа.

З сабой хлопцы мелі менш чым тысячу еўра на дваіх. З неабходнага ўзялі палатку, спальныя мяшкі, дыванкі, бензінавую гарэлку для прыгатавання ежы, цёплае адзенне (якое так і не спатрэбілася), інструменты для рамонту веласіпедаў. Яны, дарэчы, у падарожнікаў былі простыя, без “наваротаў”.

Да паездкі не рыхтаваліся ні маральна, ні фізічна.

—              За ўсё жыццё спаў у палатцы ўсяго некалькі разоў. Але асаблівага хвалявання напярэдадні выезду не было, — прызнаваўся Валерый. — Больш перажывалі нашы родныя, але з разуменнем аднесліся да нашай авантуры і ва ўсім падтрымлівалі.

Сюрпрызы чакалі ўжо на першых кіламетрах дарогі. Аказалася, што рухацца на гружаных рэчамі веласіпедах не так і проста: вельмі раскачвала ў бакі. Але з часам прызвычаіліся, без праблем даехалі да мяжы з Літоўскай Рэспублікай. Наперадзе чакала знаёмства з Польшчай, Германіяй, Галандыяй, Бельгіяй, Люксембургам, Францыяй, Іспаніяй, Партугаліяй.

Арыентавацца дапамагала спецыяльная праграма ў тэлефоне. У дзень праязджалі ў сярэднім 120 кіламетраў, маршрут вызначалі напярэдадні вечарам. Рухаліся, у асноўным, па рэгіянальных дарогах, а не па цэнтральных аўтамагістралях. І справа не толькі ў бяспецы. Падарожнікі хацелі ўбачыць краіны знутры, ва ўсёй іх прыгажосці і самабытнасці, а не сфатаграфавацца ля агульнавядомых славутасцей у акружэнні тысяч турыстаў.

Начавалі ў палатцы. Дзе яе толькі ні ўстанаўлівалі за гэтыя 88 дзён! І ў лесе, і пасярод поля, і ў прамысловых зонах вялікіх гарадоў, і ў дварах мясцовых жыхароў… Таксама спыняліся ў кемпінгах (тут можна было і памыцца, і зарадзіць тэлефоны). Кульмінацыяй падарожжа, безумоўна, сталі тры начлегі на беразе Атлантычнага акіяна ў Партугаліі. Праўда, акунуцца ў ім не рашыліся — вада была сцюдзёнай, а надвор’е — ветраным. Затое пакупалі ў акіяне… сцяг пастаўскай турыстычнай кампаніі “Джуманджы” (яе ўладальнік Віталій Улыбін дапамог у афармленні віз і арганізацыі падарожжа). Цяпер офіс “Джуманджы” ўпрыгожвае вось такая знакавая рэч!

Сяргей і Валерый прызнаваліся, што не было і дня, каб яны па дарозе не сустрэлі дзікіх жывёл, але гэта не пужала. Не баяліся нават начаваць пад адкрытым небам — без палаткі, проста ў спальніку. І гэта пры тым, што мясцовыя жыхары часам папярэджвалі пра наяўнасць у наваколлі дзікіх кабаноў.

Няўжо за ўсю паездку імі так і не авалодала пачуццё страху?

—              Аднойчы такое было, калі на дарозе згубіў канцэнтрацыю, — расказаў Валерый. — У Іспаніі спускаліся з гор па крутым серпанціне, хуткасць была кіламетраў пяцьдзясят у гадзіну. Адной рукой здымаў відэа. Заглядзеўся, і праз імгненне ўжо быў на абочыне. А там і да абрыву недалёка. Але гэта адзінкавы выпадак. Затое момантаў, калі займала дух ад мясцовых краявідаў, было вельмі шмат. Памятаю, падняліся на гару ў Альпах… Столькі сіл у гэта ўклалі! У выніку ўбачылі пад сабой даліну казачнай прыгажосці. Толькі дзеля аднаго гэтага варта было здзейсніць падарожжа. Так, у многім яно рызыкоўнае, але калі сядзець і чагосьці чакаць, наўрад ці атрымаеш ад жыцця столькі драйву.

Прыемна здзівілі пастаўчан і еўрапейцы. Найперш — сваімі добразычлівымі адносінамі, адкрытасцю, жаданнем дапамагчы. Яны падыходзілі, па-брацку абдымалі, жадалі ўдачы, прапаноўвалі размясціцца і адпачыць. Праўда, кожны другі называў вандроўнікаў “little crazy” (у перакладзе з англійскай мовы — “крыху вар’ятамі”).

—              Ім было ўсё роўна, як мы выглядалі, іх цікавіла, што мы робім, — канстатаваў Сяргей Сакалоўскі. — Праўда, наш слоўнікавы запас абмяжоўваўся толькі школьнай праграмай (Валерый закончыў СШ №4, Сяргей — СШ №1, ім 25 і 26 гадоў адпаведна). Тым не менш моўнага бар’ера не было. У нас з’явілася нямала новых знаёмых у розных краінах Еўропы, з якімі мы абмяняліся каардынатамі і з якімі спадзяёмся падтрымліваць сувязь і цяпер, пасля вяртання.

На сувязь з роднымі маладыя людзі выходзілі прыблізна раз у тры дні праз інтэрнэт. Не забывалі і выкладваць у папулярныя сацыяльныя сеткі фотаздымкі з мясцін, дзе знаходзіліся, аператыўна дзяліліся навінамі і ўражаннямі.

—              У нас было дастаткова вольнага часу, — працягваў аповед Валерый. — Дарога звычайна займала 5-6 гадзін, за якія патрабавалася праехаць абавязковую дзённую норму. Візы былі выдадзены на 90 дзён, таму адыходзіць ад плана мы не маглі. Ва ўсім астатнім рэжыму ў нас не было: маглі прачнуцца і на світанні, і апоўдні. Гэта, напэўна, стала адным з галоўных фактараў таго, што падарожжа не стаміла,  а, наадварот, “зарадзіла”, натхніла. Яно, дарэчы, разбіла многія стэрэатыпы. У тым ліку і той, што Еўропа “дарагая”. Як аказалася, купіць прадуктаў на вячэру можна было і за пару еўра.

Грошы велападарожнікі трацілі толькі на неабходнае. Болей за ўсё “пацягнулі” прадукты харчавання. Яны былі самыя простыя: хлеб, мяса, саладоці… Дзякуючы гасціннасці мясцовых жыхароў удалося пакаштаваць і некаторыя нацыянальныя стравы. Але па прывычнай беларускай ежы ўсё ж сумавалі. Нават прыдумалі сабе гульню: па чарзе пералічвалі, што будуць есці пасля прыезду ў Беларусь.

На шчасце, сродкі не спатрэбіліся на лекі: акрамя счасаных каленяў і пары выцягнутых кляшчоў, непрыемнасцей у плане здароўя не было. А вось веласіпеды, асабліва на зваротным шляху, неаднойчы ламаліся. Бывала, што не ехалі зусім, прыходзілася цягнуць іх па некалькі кіламетраў да бліжэйшых населеных пунктаў, дзе рамантавалі, каб зноў адправіцца ў дарогу.

На пытанне, што ў такой доўгай паездцы падарыла найбольш эмоцый, падарожнікі адказалі аднолькава: вяртанне ў Паставы. На ўездзе ў горад іх сустракалі родныя і сябры. Колькі ў той дажджлівы вечар было цёплых, шчырых эмоцый! Хлопцаў аблівалі шампанскім і “купалі” ў бясконцых абдымках. А яны ў сваю чаргу ўспаміналі выраз: “Няма нічога лепшага, чым вяртацца туды, дзе нічога не змянілася, каб зразумець, наколькі змяніўся ты сам”.

У Сяргея Сакалоўскага і Валерыя Болта засталіся не толькі ўспаміны аб падарожжы, але і тысячы фатаграфій, дзясяткі відэа, знятых на тэлефон, а таксама дзённік, які яны разам вялі на працягу ўсёй паездкі. У ім можна прачытаць уражанні пра краіны і людзей, пагрузіцца ў клопаты, асабістыя перажыванні кожнага дня. Уся інфармацыя будзе паступова друкавацца ў блогу http://yazhivoj.blogspot.com.by.

[youtube=http://www.youtube.com/watch?v=SKJOJOaYzx4=560&h=560]

Вяртацца ў працоўныя будні велатурыстам няпроста: па-ранейшаму хочацца рухацца наперад, насустрач новым уражанням. І яны ўжо плануюць новыя падарожжы, яшчэ больш няпростыя і працяглыя. Два варыянты ўжо маюць. Першы — зноў жа на веласіпедах перасекчы Еўропу з поўначы на поўдзень праз 15 краін, у тым ліку Грэцыю, Італію, Нарвегію, Фінляндыю, Эстонію і іншыя. Другая мара яшчэ больш амбіцыйная: аб’ехаць па перыметры ўсю Аўстралію. “Гэты праект, як мінімум, года на паўтара, — падлічыў Валерый Болт. — Наогул мы ставім сабе за мэту праехаць па ўсім свеце не менш за сто тысяч кіламетраў”.

Іна СНЯЖКОВА. Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА і з архіва Валерыя БОЛТА і Сяргея САКАЛОЎСКАГА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.