Дастойная змена

Сельское хозяйство

Ігар Пучынскі.

У пераважнай большасці гаспадарак Пастаўшчыны сёлета завяршылі жніво менш чым за месяц. Атрыманы рэкордныя ўраджайнасць зерневых — 41,1 цэнтнера з гектара — і валавы намалот — больш за 85 тысяч тон. Упершыню каля 70 камбайнераў і ва­дзіцеляў намалацілі і перавезлі ад 1000 да 2700 тон зерня. Нароўні са старэйшымі хлебаробамі выдатна папрацавала і моладзь.

Першым тысячнікам на сёлетнім жніве стаў маладзёжны экіпаж у складзе Валерыя Ярашэвіча і Антона Міхалевіча з ААТ “Хацілы-агра”. З працоўнай перамогай іх павіншаваў старшыня райвыканкама В. С. Гутараў. Старшаму камбайнеру быў уручаны падарунак — халадзільнік. Віктар Сяргеевіч пажадаў экіпажу выйсці на двухтысячны рубеж. Да яго не хапіла ўсяго 150 тон, але першае месца ў гаспадарцы і раёне маладыя “хацілаўцы” за сабой захавалі.

Добрыя вынікі ў Міхаіла Субача і Арцёма Чашуна, Дзмітрыя Браздаўскаса і Андрэя Мальца, якія намалацілі адпаведна 1330 і 1130 тон зерня.

Міхаіл Субач і Арцём Чашун.
Руслан Чарняўскі

Сярод трох вадзіцеляў сельгаспрадпрыемства, якія перавезлі з поля да зернесушыльных комплексаў больш чым па 2 тысячы тон зерня, — двое маладых — Андрэй Галубоўскі і Уладзімір Усаценка.

Выдатна зарэкамендаваў сябе на падрыхтоўцы глебы, нарыхтоўцы кармоў і  іншых работах механізатар  ААТ “Сцяг Перамогі-агра” Руслан Чарняўскі. А сёлета яму ўпершыню прапанавалі папрацаваць на зернеўборачным камбайне. Зга­дзіўся, бо ў прынцыпе ўборачную машыну ведаў. Аднак на практыцы ўсё аказалася некалькі складаней. Тым не менш механізатар намалаціў амаль 850 тон зерня.

Вызначыўся інжынер шыркаўскага аддзялення Андрэй Борыс, які ў апошнія гады кожнае жніво перасядае на камбайн. Ён намалаціў 1430 тон. Усяго на 100 тон меншы паказчык у экіпажа камбайна з ААТ “Навасёлкі-Лучай” у складзе Віктара Рогава і Ільі Федаронка.

У свой час удзельнікамі рэспубліканскіх “Дажынак” былі многія маладыя камбайнеры і вадзіцелі ААТ “Камайскі-агра”. Яны пасталелі, ды і ўраджай у гаспадарцы ў апошнія гады атрымлівалі значна ніжэйшы. Сёлета выйшла на круг амаль па 43 цэнтнеры збажыны, і некалькі вопытных механізатараў намалацілі па 1000 і больш тон зерня. Верыцца, што сярод тысячнікаў у наступным годзе абавязкова будуць і маладыя камбайнеры Генадзій Юрэвіч, Дзмітрый Карманаў і іншыя, якія набіраюцца вопыту.

Першы сезон працаваў на камбайне ў ААТ “Ярэва-агра” Ігар Пучынскі. Яму складана было спаборнічаць з вопытнымі механізатарамі. Але намалот амаль у 700 тон зерня сведчыць, што старт узяты добры. Пастараўся на хлебнай ніве экіпаж зернеўборачнага камбайна СП “Дунілавічы-агра” ў складзе Дзмітрыя Рагіні і Рамана Ліневіча.

Свой важкі ўклад ва ўборачныя работы ўнеслі іншыя маладыя механізатары. У шэрагу гаспадарак памочнікамі камбайнераў, рабочымі на зернетаках  працавалі навучэнцы Пастаўскага прафтэхкаледжа і іншых навучальных устаноў. Яны таксама заслужылі шмат ­удзячных слоў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.