Два розныя таймы. “ПМЦ-Паставы” — ФК “Міёры” — 1:3

Спорт

Пасля заканчэння гэтага матча на стадыёне ПМЦ павісла цішыня, і толькі стомленыя, але шчаслівыя госці радаваліся нечаканай важнай перамозе. На жаль, нашы футбалісты зноў не змаглі дабіцца поспеху, хаця перайгравалі па гульні свайго саперніка, асабліва да перапынку. Але калі надышла пара рашаючых сустрэч, то стала відавочна, што самая маладая і недаўкамплектаваная, як трэба, пастаўская каманда аб’ектыўна не можа сёлета вырашаць сур’ёзныя  задачы на абласным узроўні. Вось і на гэты раз у стартавым складзе адсутнічалі чатыры ключавыя ігракі. Асабліва гэта адбілася на гульні абароны.

Госці ўжо на 2-й хвіліне маглі адкрыць лік, але не здолелі перайграць варатара ПМЦ пры выхадзе без перашкод на яго вароты. Неўзабаве міёрцы вый­шлі наперад, калі іх “спецыяліст”  менавіта па пастаўчанах Арцём Драздовіч трапна стрэліў здалёк. Пастаўчане пасля асечкі ўзмацнілі свой націск, і на 20-й хвіліне іх лепшы бамбардзір Арцём Цітовіч правёў свой дзясяты мяч у сезоне прыгожым ударам па паветры. Гаспадары ў першым тайме мелі адчувальную перавагу, аднак завяршальным ударам не хапала дакладнасці, акрамя таго, вельмі на­дзейна гуляў варатар міёрцаў Уладзіслаў Касцюкевіч.

Пасля перапынку пастаўчане пайшлі вялікімі сіламі наперад, каб дабіцца поспеху. Больш вопытныя і старэйшыя на 3-5 гадоў госці, добра і фізічна падрыхтаваныя, толькі гэтага і чакалі. Яны на 57-й хвіліне правялі імклівую контратаку па цэнтры, на ўдарную пазіцыю выйшаў нікім не прыкрыты А. Драздовіч і вывеў сваіх таварышаў наперад. З апошніх сіл пастаўчане паспрабавалі выратаваць матч, але зноў у канцоўцы памыліліся перад сваімі варотамі і дазволілі Максіму Антанёнку ўстанавіць канчатковы лік на табло.

У той дзень удача адвярнулася ад гуляўшых за ПМЦ Прыходзькі, Місніка (Лысёнка), Жарскага, Зелянкевіча, Жылевіча, Павініча, Голубева (Амбразевіча), Карагі (к), Якаўлева (Чавусава), Мядзведзева (Мінгіновіча), Цітовіча. Пазіцыі лідара замацаваў ФК “Лепель” пасля перамогі 3:0 на выездзе ў Шаркаўшчыне. Вельмі важную перамогу 1:0 атрымалі дома над “Полацкгазам” глыбачане і замацаваліся на 2-м месцы. Докшыцкі “Ветразь” на сваім полі згуляў унічыю 1:1 з “Дзвіной-Барсам” (Верхнядзвінск) і прадоўжыць барацьбу з міёрцамі за ўваход у чацвёрку мацнейшых. Да заканчэння  другога круга камандам засталося згуляць па 2 матчы, і задача ў пастаўчан цяпер адна: годна завяршыць гэты няпросты сезон.

У суботу, 19 верасня, пастаўчане дома згуляюць з камандай Шаркаўшчыны. Гульня пачнецца ў 15.30 на гарадскім стадыёне.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.