Энергетыка маладосці плюс вопыт сталасці


Юныя ўдзельнікі круглага стала.

Наўмысна пералічыла — у пасяджэнні круглага стала пад назвай “На цябе, наша моладзь, надзея”, якое адбылося 1 верасня ў СШ №3 у рамках адкрытых маладзёжных дэбатаў “Выбірай.by”, удзельнічала ажно 19 навучэнцаў старэйшых класаў. У ліку гасцей — начальнік ад­дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінская, другі сакратар райкама ГА «БРСМ» В. Л. Казлоўская, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М. П. Нагановіч, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС падпалкоўнік міліцыі А. Г. Мя­дзелка і аўтар гэтых радкоў. Накіроўваючая тройка — дырэктар школы У. Ч. Койра, яго намеснік па выхаваўчай частцы Т. Ф. Крук, педагог-арганізатар А. С. Скрыдлеўская.

Дырэктар школы У. Ч. Койра.

Размова — шчырая, адкрытая, нязмушаная. Як і належыць, яе распачаў гаспадар — Уладзімір Часлававіч Койра. Найперш пазнаёміў прысутных з гасцямі, зазначыўшы, што ўспрымаць іх варта як сапраўдных экспертаў у сферы маладзёжнай палітыкі, бо ў кожнага з запрошаных багаты жыццёвы вопыт, ёсць што ўспомніць і чаму навучыць. А характарызуючы другую, мала­дзёжную частку аўдыторыі, адзначыў: “Вы — наш гонар, надзея і апора. На вас ва ўсім  можна даверыцца і вы ніколі не падве­дзяце. Актыўныя, перспектыўныя, годныя грамадзяне краіны”.

Будучае дзяржавы вызначае моладзь. Гэты лейтматыў чырвонай ніткай праходзіў праз усё выступленне Галіны Мікалаеўны Чаплінскай. “Пахвальна, што вы паспяхова вучыцеся, атрымліваеце добрыя адзнакі. Але не менш важна напрацаваць уменне жыць у грамадстве, займацца карыснымі справамі, — гаварыла яна. — Гэта будзе вельмі дарэчы, калі трапіце ў працоўны калектыў, створыце сям’ю. Для таго, каб быць сучасным, найперш патрэбны здароўе і веды. Бясспрэчна, не абысціся без найноўшых тэхналогій. І ў той жа час не варта цалкам паглыбляцца ў віртуальны свет, бо нішто не заменіць рэальных зносін. Свой вольны час трэба напаўняць карыснымі справамі”. І ўзгадала, якім насычаным было жыццё камсамольскай моладзі ў недалёкім мінулым.

«Эксперты» маладзёжнай палітыкі М. П. Нагановіч, Г. М. Чаплінская, А. Г. Мядзелка і другі сакратар райкама ГА «БРСМ» В. Л. Казлоўская.

“Жаданне праявіць сябе ўласціва і сённяшнім юнакам і дзяўчатам, — упэўнена другі сакратар ГА «БРСМ» Вераніка Казлоўская. — І яны вызначаюцца ў многіх сферах жыццядзейнасці. Сёння ў вас ёсць магчымасць выказаць сваё меркаванне, унесці канкрэтныя прапановы, папрасіць падтрымкі, пераняць вопыт”.

Сакратар школьнай пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Мацюшонак адзначыла, што яе аснову складае таленавітая моладзь, якая не толькі добра вучыцца, але і ўдзельнічае ў прадметных алімпіядах, спартыўных і культурных мерапрыемствах. Вельмі многае зроблена падчас падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, прадстаўнікі школы ў маі гэтага года годна выступілі на абласным этапе спаборніцтваў юных ратаўнікоў-пажарных.

“Я не ўяўляю сябе без сцэны, — прызналася Валерыя Курыловіч. — У сем гадоў запісалася ў танцавальны гурток. Было вельмі цікава. Потым надакучыла — кінула. І ўсё ж вярнулася, пра што ніколькі не шкадую. Акрамя таго, зараз з задавальненнем іграю ў аркестры барабаншчыц”. А педагогі заўважылі, што ў Валерыі столькі энергіі і ініцыятывы, што час ужо самой вучыць малодшых танцам.

Да мінулага навучальнага года ў СШ №3 быў спецыялізаваны па спорце клас, у якім займаліся хлопчыкі з пастаўскай дзіцячай футбольнай акадэміі. На жаль, яна перастала існаваць з-за фінансавых цяжкасцей, якія ўзніклі ў ПМЦ. Многія выпускнікі спартыўнага класа паступілі на вучобу ў профільныя ВНУ, некаторыя знайшлі сабе прымяненне ў іншых клубах. “Але жыве футбол і ў Паставах, — дзяліўся вялікі яго аматар Мікіта Якаўлеў. — Засталіся трэнеры, вельмі падтрымліваюць бацькі. Заўсёды ў нашым распараджэнні школьная спартыўная зала. Нават з Браслава кожную суботу бацькі прывозяць на трэніроўкі двух сыноў-блізнят”.

За круглым сталом узнімалася і тэма працоўнай занятасці. Сяргей Семянас заявіў, што падчас канікулаў трэба не ля камп’ютара праседжваць, а працаваць. Асабіста ён у складзе вучнёўскай брыгады займаўся рамонтам класаў, а ў жніво працаваў на зернетаку ў ААТ “Хацілы-агра”. Зарабіў сем з паловай мільёнаў”. Гэтыя словы ўдзель­нікі мерапрыемства ўспрынялі апладысментамі. Разам з Сяргеем працавалі на зернетаку і некалькі яго аднакласнікаў. Жадалі папрацаваць і іншыя навучэнцы, але не было магчымасці.

“Сапраўды, з другаснай працоўнай занятасцю сёлета меліся праблемы, — пагадзілася В. Казлоўская. — Жаданне папрацаваць выказалі 154 навучэнцы, працаўладкавалі толькі 84-х. У асноўным у вучнёўскія рамонтныя брыгады і на дапрацоўку збожжа ў сельгаспрадпрыемствах”.

А хто сказаў, што 15-17-гадовым юнакам і дзяўчатам не час паразважаць пра сямейныя каштоўнасці? Напрыклад, Алег Танасіенка лічыць, што сям’я павінна быць вялікай і дружнай: “У мяне два старэйшыя браты, якія жывуць у Мінску. У нашай сям’і ніхто не п’е і не курыць. Вельмі любім адпачываць на прыродзе. Кожны імкнецца праявіць сябе з найлепшага боку”. А вось Каця Мацюшонак — адзінае дзіця ў бацькоў. Але зусім не спешчанае, бо і вучыцца добра, і ў грамадскім жыцці сябе праяўляе — узначальвае школьную пярвічную арганізацыю БРСМ. Марыць закончыць Акадэмію МУС і апрануць міліцэйскую форму. Такая мара сфарміравалася пад уплывам фільмаў і кніг, у якіх галоўнымі героямі выступаюць работнікі міліцыі. Але ці настолькі рамантычная прафесія, як яна падаецца? На гэта звярнуў увагу Аляксандр Генадзьевіч Мядзелка і запрасіў тых, хто пажадае, акунуцца ў міліцэйскія будні, пабачыць міліцэйскую работу знутры, а таксама расказаў, якія пасады займаюць у райаддзеле жанчыны (іх шэсць).

Было з чым звярнуцца да моладзі і Марыне Паўлаўне Нагановіч. Як намесніку старшыні камісіі па справах непаўналетніх ёй даво­дзіцца сутыкацца з рознымі негатыўнымі з’явамі. І не толькі ў нядобранадзейных сем’ях. Дастаткова аднаго неабачлівага кроку любога хлопчыка ці дзяўчынкі — і гэта можа перакрэсліць іх шлях да мэты. Былі прыведзены і канкрэтныя факты. Вось чаму так важна думаць пра наступствы любога свайго ўчынку. А ў выбары прафесіі абавязкова арыентавацца на тое, што асабліва вабіць, цікавіць, а не на матэрыяльныя выгоды.

Дарэчы, наконт выбару прафесіі. Многія з удзельнікаў круглага стала ўжо вызначыліся з ім і бачаць сябе ў будучым медыкамі, праграмістамі, інжынерамі, вайскоўцамі, міліцыянерамі… А я, расказваючы пра прафесію журналіста і былых юнкораў газеты, якія закончылі Інстытут журналістыкі Бел­дзяржуніверсітэта і працуюць на беларускіх тэлеканалах і Цэнтральным кітайскім тэлебачанні, у “Советской Белоруссии” і іншых папулярных СМІ, не магла не запрыкмеціць Уладзіслава Касценя з прафесійнай фотакамерай у руках, які нароўні са мной працаваў у зале. “Вось і яшчэ адзін будучы журналіст”, — падумалася. Магчыма, так і будзе.

А ў цэлым хочацца спадзявацца, што дыялог за круглым сталом пакінуў свой след. Асабіста мяне натхніла энергетыка маладых, іх пазітыўны настрой, дакладнае веданне мэты. Ну а яны, напэўна ж, узялі нешта карыснае з вопыту, якім падзяліліся госці.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.