Гімн людзям працы


Ад механізатара да кіраўніка вядомага ў свой час не толькі ў раёне, але і ў вобласці, краіне і далёка за яе межамі калгаса імя Суворава, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР прайшоў шлях Алег Адольфавіч Валодзька, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер шматлікіх ордэнаў, медалёў і іншых узнагарод. Ад актыўнай гаспадарчай дзейнасці адпачывае ўжо шосты год, але працаваць працягвае — плённа шчыруе на творчай ніве. У сталічным выдавецтве “Чатыры чвэрці” нядаўна ўбачыла свет яго трэцяя па ліку кніга “Кардыяграма вялікага сэрца”. Пра творчасць, жыццё, былое і дзень сённяшні — у інтэрв’ю карэспандэнта раённай газеты з аўтарам.

— Алег Адольфавіч, аб чым новая кніга?

— У мастацка-дакументальнай аповесці “Кардиограмма большого сердца” адлюстраваны лёс Васіля Васільевіча Чэпіка, першага сакратара Пастаўскага райкама КПБ, потым — старшыні райвыканкама, яго жыццёвы шлях ад радавога работніка ў стабільным СССР да кіраўніка ў няпросты час распаду вялікай краіны і станаўлення новай дзяржавы.

Я паспрабаваў ахапіць увесь той перыяд, пачынаючы ад нашай першай з ім сустрэчы. Звычайна кажуць: першапачатковае ўражанне можа быць памылковым. У мяне так не было. Убачыў Асобу, дасканалага знаўцу сельскай гаспадаркі, чалавека, які валодаў глыбокімі  ведамі па шматлікіх іншых пытаннях. І потым, на працягу многіх гадоў, пераконваўся ў меркаванні, што гэта — гаспадар (не гаспадарнік), грамадзянін сваёй краіны, пад кіраўніцтвам якога ў раёне было так шмат зроблена.

Другі твор — “У жизни нет заката” — прысвечаны праблемам эканомікі пераходнага перыяду. У аснове — нітка лёсу дырэктара маскоўскага абароннага завода “Авангард”. Яна падобна на лёсы многіх таленавітых кіраўнікоў, якія ва ўмовах рыначнага хаосу аказаліся лішнімі. З гэтым чалавекам я быў добра знаёмы, ён прыязджаў у Навасёлкі.

І ў першым, і ў другім выпадку ў цэнтры ўвагі і жыццёвыя павароты, і тэма кадраў, іх ролі на вытворчасці. Напрыклад, у падсобных цэхах нашага калгаса выконваліся заказы па алюмініевым ліцці для маскоўскага прадпрыемства, і выконваліся настолькі якасна і аператыўна, што масквічы выбіралі менавіта нас.

— Як сёння ацэньваеце людзей і іх учынкі? Маю на ўвазе той час, калі вы былі пры пасадзе.

— Занадта доўга я знаходзіўся пры пасадзе, і вельмі шмат было людзей, якія “каранавалі” мяне на тую пасаду. Увогуле, пра Пастаўшчыну я заўсёды гаварыў толькі з гонарам. Наш раён займаў лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па вытворчасці мяса, малака. І перш за ўсё таму, што кіравалі такія кадры. Я, малады, глядзеў на іх, як на іконы, вучыўся ў кожнага жыццю, а не толькі таму, як карміць на фермах жывёлу ды сеяць на палях збожжа. Калі ў дырэктара саўгаса “Дунілавіцкі” Аляксандра Цімафеевіча Украінца пытаўся, што і як рабіць на фермах, ён прыязджаў і расказваў. З Сяргеем Віктаравічам Якімовічам з калгаса “Кастрычнік” раіўся наконт падкормкі палёў, і ён гаварыў: “Сып столькі, каб беленька было”. Хоць на той час і сыпаць не надта што мелі. Сапраўднымі кіраўнікамі засталіся ў маёй памяці Яўген Васільевіч Зуйкоў, Гаўрыіл Сямёнавіч Лелякоў (саўгасы “Старадворскі” і “Варапаева”). Падкупляла іх сціп­ласць, здзіўляла неверагодная працаздольнасць. Захапляўся кіраў­ніцкім уменнем Віталія Якаўлевіча Лапушынскага (тагачасны калгас “Прагрэс”), Міхаіла Мікітавіча Кляпца (“Ленінскі шлях”). Не магу не ўзгадаць пра адданага справе чалавека, выдатнага агранома Барыса Кулінчыка. На сваім матацыкле ён вазіў у поле бароны. Казаў яму, маўляў, зламаецца матацыкл. А ён у адказ: “Дык мы ж усю зіму зубы да гэтых барон у кузні вастрылі, а цяпер пакуль з Чартоў у Рабекі па дарозе за трактарам адцягнем, яны будуць тупыя”. Вось якая філасофія ў чалавека! Шкада, што не вяліся ніякія запісы пра такіх лю­дзей, па-сапраўднаму адданых хлебаробскай справе.

— А сёння ёсць такія кіраўнікі і кадры?

— Сёння, як ніколі, павінны быць граматныя кадры. Не згодзен з тым, як рыхтуюць сучасных кіраўні­коў. Падкрэслю: гэта маё асабістае меркаванне. Лічу, што прэтэндэнт на пасаду кіраўніка павінен, як мінімум, паўгода пахадзіць за дырэктарам, пагля­дзець, як ён працуе, паспрабаваць сябе ў справе пад наглядам вопытнага гаспадарніка, і каб у выніку апошні сказаў, ці зможа яго падапечны кіраваць. Адбор павінен быць.

Мала ўвагі надаём і таму, каб студэнты і маладыя спецыялісты на добрым узроўні ведалі замежную мову, каб маглі паехаць на стажыроўку за мяжу і прывезці адтуль новыя тэхналогіі.

Напэўна, часам трэба мірыцца з недахопамі работнікаў, бо ў гэтым свеце не ўсё толькі ідэальна. Вядома, гэта не лепшы метад, але… З людзьмі трэба працаваць. І дзяцей у іх вольны час неабходна займаць чымсьці карысным. Калі чалавек адчуе, што для яго не ствараюцца належныя ўмовы, ён і не будзе імкнуцца дасягнуць лепшых вынікаў у працы.

— Зразумела: гэта ваша жыццёвая ідэалогія. Пра ўсё ўспаміналі, калі пісалі кнігу?

— У свой час я вёў запісы, і пачаў гэта рабіць пасля таго, як сакратар нашай партарганізацыі Ігар Міхайлавіч Герчык нафатаграфаваў людзей, аб’ектаў сацкультбыту, жылых дамоў і г. д. Гэта ўжо быў час, калі гаспадарка дасягнула значных поспехаў. Праўда, памятаю і такое: 12 лютага 1985 года пабяднелі за адну ноч, калі да нас далучылі калгасы “Гігант” і “Ударнік”. Адны дарогі чаго былі варты! Каб даехаць з Навасёлак да Лучая, трэба было патраціць 1,5-2 гадзіны. Цяпер туды “заскочыш” за 10 хвілін. І ўсё зрабілі сваімі сіламі. У гэтай сувязі хачу падзякаваць кадрам і ўсім-усім людзям, хто працаваў са мной. Схіляю галаву перад памяццю тых з іх, хто пайшоў з жыцця.

Разумеў, што час не бясконцы, таму “мчаў” на шалёнай хуткасці. Лічыў: мець грошы — яшчэ не ўсё, трэба ўмець імі распарадзіцца з розумам і аддачай. Гэтаму вучыўся падчас паездак за мяжу — у Германію, Ізраіль. Ездзіў да старшыні вядомага на Магілёўшчыне калгаса “Рассвет” Старавойтава яшчэ пры жыцці К. П. Арлоўскага, да Ралько на Брэстчыну, да іншых вядомых у краіне аграрыяў. Бачыў у гэтых лю­дзях вялізнае жаданне зрабіць для сваіх працаў­нікоў як мага больш, і ў самога нараджаліся такія ідэі.

— Яны ажыццяўляліся, і пра ўсё гэта хацелі расказаць на старонках сваіх твораў?

— Так. Вельмі спяшаўся напісаць першую кнігу. Другую ствараў больш спакойна, і адчуваў сябе па-іншаму.

— Алег Адольфавіч, сваёй чарговай кнігай задаволены?

— Задаволены. Буду рады, калі яна трапіць у рукі людзей, якія працавалі са мной, ведалі Васіля Васільевіча Чэпіка — для іх гэта будзе памяць пра той час. Хочацца, каб і моладзь прачытала і каб чытанне пакінула ў юных душах хоць маленькую зазубіну. Хочам мець цудоўную багатую дзяржаву — яна будзе. Пры ўмове, што і моладзь тут будзе. А гэтым трэба займацца, ствараць умовы для працы, жыцця і адпачынку. Былыя выхаванцы дагэтуль  успамінаюць заняткі ў калгасным аэраклубе, пішуць мне з Далёкага Усходу, Парыжа, дзякуюць (11 чалавек са 165 сталі прафесійнымі пілотамі). Значыць, мы рабілі добрую справу, я і сёння гатовы даказваць, што меў тады рацыю.

Магчыма, мой гімн лю­дзям працы не спадабаецца некаторым маладым, бо ёсць сярод іх такія, хто хоча ўсяго шмат і адразу. Ім скажу так: “Даражэнькія, грошы трэба зарабіць. Не знойдзеце ніводнай багатай краіны, дзе было б інакш”. Возьмем тую ж Японію: там на такой маленькай тэрыторыі выжывае столькі народу таму, што гэты народ выпускае ўсё самае перадавое.

— Бачна, вы па-ранейшаму сочыце за тым, як развіваецца свет.

— Абавязкова, і камп’ютар мне памочнік. Цікава, што робіцца ў сферы найноўшых тэхналогій — я ж за імі некалі ганяўся па замежных краінах. Вось толькі цяпер стараюся абыходзіць сайт John Deere. Тэхніка, якую мы ў свой час куплялі, і сёння ў гаспадарцы служыць. А цяпер жа прадпрыемства выпускае яшчэ лепшую. Паглядзіш — душа ўзрадуецца. І разбаліцца, бо купляць трэба было б, каб аблегчыць працу механізатараў…

— Наступная кніга, напэўна, будзе прысвечана моладзі?

— Не, наступная будзе пра людзей у белых халатах — медыкаў.

— І апошняе: дзе можна купіць “Кардиограмма большого сердца”?

— Я кнігу толькі пісаў, а ўсе астатнія пытанні вырашаў Сяргей Васільевіч Чэпік — сын Васіля Ва­сільевіча. Ён выступіў спонсарам. Магчыма, ён наладзіць прэзентацыю твора.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.