І “Новую зямлю” дэкламуе…


Напісаць пра А. Ч. Рудака — загадчыка Варапаеўскай ветлячэбніцы — папрасілі гарпасялкоўцы, якія трымаюць на сваіх падворках жывёлу. Аляксандра Часлававіча застала ў кабінеце. Ён працаваў з дакументацыяй. Адклаўшы паперы, пачаў успамінаць дзяцінства, гады вучобы ў школе і Ільянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, пачатак працоўнай біяграфіі. Многія эпізоды суправаджаў вершаванымі радкамі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Выразна, з інтанацыяй дэкламаваў на памяць урыўкі, з гумарам каменціраваў іх, дапасоў­ваў і супастаўляў з сучасным жыццём.

Гэты твор падабаўся яшчэ ў школе, — гаварыў. — Жыццёвая паэма. Пра нас, людзей зямлі, якія любяць прыроду, жывёлу. А мая біяграфія падобная да біяграфій многіх вясковых хлопцаў-равеснікаў. Нарадзіўся на Глыбоччыне. Бацькі выхоўвалі ў строгасці, з маленства прывучалі да працы. А яе ў вёсцы хапала і старым і малым. Любіў жывёлу, падабалася заалогія. Напэўна, таму і выбраў ветэрынарыю.

Пасля вучобы ў тэхнікуме па размеркаванні вярнуўся на радзіму. Назначылі загадваць фермай. А ў падпарадкаванні — жанчыны ўзросту яго мамы: складана было імі кіраваць, указваць на недахопы, патрабаваць дысцыпліны. Пасля жаніцьбы паехаў за жонкай у Варапаева. Антаніна працавала ў Доме быту, была адной з лепшых швачак, да яе кліенты прыязджалі не толькі з навакольных вёсак, але нават з-за межаў раёна. Сям’я пус­ціла карані. З таго часу мінула больш за 30 гадоў.

— Тады ў гарпасёлку пражывала больш за 4500 чалавек, — успамінаў Аляксандр Часлававіч. — Кароў у прыватным сектары — больш за 500. Хапала і іншай жыўнасці. Ветфельчар быў самым запатрабаваным чалавекам. Спяшацца на дапамогу ў любое надвор’е і ў любы час сутак — маё правіла. Нават Новы год неаднойчы даводзілася сустракаць у хляве, прымаючы ацёлы.

Асноўныя ж абавязкі — абслугоўванне грамадскага статка ў варапаеўскай зоне. Нягледзячы на тое, што многія фермы ліквідаваны, скарацілася колькасць жывёлы, работы хапае. Рэгулярна даводзіцца браць кроў на аналіз на розныя захворванні, аказваць дапамогу ветурачам гаспадарак у лячэнні, правядзенні прафілактычных работ, кантраляваць санітарныя нормы ўтрымання жывёлы, праводзіць санітарную апрацоўку.

Жывёлін, гаспадары якіх ужо лічылі, што яны не выжывуць, ветфельчар уратаваў нямала. Галоўнае — у любым выпадку не дапускаць прамаруджвання. Вялікую ролю А. Ч. Рудак надае растлумачальнай рабоце. І людзі пастаянна звяртаюцца да вопытнага спецыяліста па кампетэнтную кансультацыю, параду. Нікому не адмовіць, знойдзе час выслухаць, падказаць. А пры неабходнасці пад’едзе на месца, каб агледзець жывёліну.

Аляксандр Часлававіч Рудак адносіцца да тых спецыялістаў, якія маюць не толькі глыбокія тэарэтычныя веды, але і багаты практычны вопыт, моцную фізічную загартоўку. Жывёлу лячыць цяжка. Яна не раскажа і не пакажа, дзе што баліць. Таму хваробу распазнаць няпроста.  Патрэбны як вопыт, так і інтуіцыя.

— Засмучае, што наша прафесія становіцца непрэстыжнай, — гаварыў А. Ч. Рудак. — У ветакадэмію прахадны бал невысокі і конкурсу практычна няма, маладыя спецыялісты ў сельскай гаспадарцы не затрымліваюцца. У раёне на пальцах можна пералічыць тых, хто застаўся адданым абранай справе. Разам са мной працуюць Міхаіл Брэскі, Пётр Куршукоў. Па розных пытаннях люблю раіцца з галоўным ветурачом ААТ “Навасёлкі-Лучай” Аляксандрам Аляксандравічам Міхалевічам. Гэта сапраўдны мэтр ветэрынарыі.

Пры вялікай занятасці на асноўнай рабоце Аляксандр Часлававіч знаходзіць час і на адпачынак. Любіць паэзію. Сам складае вершы. Большасць — гумарыстычныя, пра работу і вольны час. У свой час быў вялікім аматарам палявання. Па 15 кіламетраў праходзіў за дзень. Асалоду атрымліваў найперш ад прыроды, у радасць была і здабыча. Часам прыходзілася прымяняць свае прафесійныя навыкі. Аднаго разу, напрыклад, дзік разарваў сабаку лапу, пашкодзіў ахілесава сухажылле. Людзі раілі жывёліну ўсыпіць, але на гэта ў Аляксандра Часлававіча рука не паднялася. Вырашыў паспрабаваць яе ўратаваць — сшыў сухажылле. Сабака паправіўся і стаў на ногі.

— Люблю парыбачыць, — гаварыў суразмоўца. — Выязджаю да ўсходу сонца і любуюся пачаткам новага дня. А колькі ягадных і грыбных месцаў ведаю! Зімой ёсць час для кніжак. Захапляюся беларускімі аўтарамі. Весела бывае, калі збіраюцца ў доме дочкі з зяцямі, чацвёра ўнукаў.

Дарэчы, дочкі Аляксандра Часлававіча свой лёс звязалі таксама з медыцынай. Старэйшая, Алеся, пайшла дарогай бацькі, і цяпер яны калегі, малодшая, Ірына, — лабарант Варапаеўскай бальніцы. Ветурачом у райаграсэрвісе працуе зяць Андрэй Мяжэнін. Сабраўшыся разам, ім ёсць пра што пагаварыць і што абмеркаваць. А здарыцца дзе бяда — любы з іх прыйдзе на дапамогу.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.