Ідзе размерана жыццё ў Парыжы


Нядаўна я без візы пабывала ў Парыжы. 40 хвілін дарогі ад райцэнтра — і наша рэдакцыйная “Ніва” ўязджае ў Парыж. Ні пагранічнага, ні мытнага кантролю праходзіць не давялося.  Парыж  сустрэў трыццаціметровай Эйфелевай вежай і размераным вясковым жыццём. Пра тое, што пачула і ўбачыла, расказваю чытачам.

Гістарычная даведка

Пра назву вёскі парыжане любяць расказваць легенду, згодна з якой у 1812 годзе Напалеон, праходзячы праз гэтыя мясціны, усклікнуў: “Прыгожа, як у Парыжы!” І сталі мясцовыя жыхары парыжанамі. Існуе і іншая версія. У кнізе Барталамея Гаўрыльчыка “Дэканат полацкі ў святле апісання парафій з 1784 года”, якая выйшла ў свет у Беластоку ў 2005 годзе, ёсць запіс, што ў дунілавіцкай парафіі за дзве мілі на поўнач ад дунілавіцкага касцёла знаходзіцца фальварак Парыж, які належыць Тызенгаўзу. Магчыма, падскарбі надворны Вялікага Княства Літоўскага Антоній Тызенгаўз і назваў сваё ўладанне ў гонар французскага Парыжа. Не адно стагоддзе мінула з таго часу, рознае давялося перажыць населенаму пункту. У 1973 годзе Парыж перайменавалі ў Навадруцк. Ранейшую назву вярнулі толькі ў 2006-ым, калі на сесіі раённага Савета дэпутатаў было прынята рашэнне, якое задаволіла хадайніцтва актыўных мясцовых жыхароў. Па некаторых даных, у 1923 годзе паселішча налічвала 4 двары і 35 жыхароў, у 1963-ім у 19 дварах было 65 жыхароў, да 2001-га вёска разраслася да 195 двароў, дзе пражывала 449 чалавек. Сёння колькасць насельніцтва перавышае 300. Вялікі ўклад у папулярызацыю Парыжа ўнёс ксёндз Юозас Булька. Пры ім з’явілася Эйфелева вежа, адкрыты касцёл і музей Папы Рымскага Яна Паўла II.

 Мінулае “жыве” ў школе

М. А. Кянько, Т. С. Астроўская, С. П. Латыш у школьным музеі

Сёлета споўнілася 25 гадоў, як мясцовая базавая школа справіла наваселле ў новым будынку. З моманту яе адкрыцця існуе і гісторыка-этнаграфічны куток. Ён падзелены на экспазіцыі, кожная з якіх прысвечана пэўнаму перыяду. Пра падзеі вайны 1812 года сведчаць відэльцы, гузікі, карцеч, га­дзіннік. Настаўніца гісторыі Святлана Пятроўна Латыш, апантаная вывучэннем роднага краю, цікава і змястоўна можа расказваць пра любы экспанат. Ёсць нямала рэдкіх, такіх, як першая карта Вялікага Княства Літоўскага, надрукаваная ў 1613 годзе ў Амстэрдаме па заказе знакамітага магната Радзівіла Сіроткі, народны каляндар на 1944 год, рэчы вясковага побыту розных гадоў. Дзякуючы дапытлівасці і пошукам дзяцей і дарослых экспанаты папаўняюць музей і цяпер.

У школе больш за 40 навучэнцаў, 9 з іх — дзевяці­класнікі, 5 — перша­класнікі. Шэсць дзетак наведваюць садок. Многія прыязджаюць сюды з Навінак, Казлоўшчыны, іншых населеных пунктаў. Дырэктар Таццяна Сяргееўна Астроўская праводзіць па школе. Ідзе першы дзень заняткаў, блішчыць свежая фарба, на прышкольнай тэрыторыі цвітуць кветкі, усюды парадак і чысціня. З моманту адкрыцця школы выкладае матэматыку Марына Аляксандраўна Кянько, яна ж намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У школе ладзіцца шмат розных мерапрыемстваў. Але найбольшая ўвага надаецца захаванню спадчыны, традыцый і абрадаў нашых продкаў.

Месца сустрэчы з сябрамі

Я. П. Шарынская з актыўнай чытачкай Н. А. Баганінай

Месца адпачынку і сустрэчы з сябрамі — бібліятэка і клуб. Людзі старэйшага пакалення наведваюць аматарскае аб’яднанне “Парыжанка”, маладзейшыя — “Сельчанку”. І тым, і другім ёсць што абмеркаваць і пра што пагаварыць, паспяваць, падзяліцца рэцэптамі або навіной з асабістага жыцця. Кіруюць аматарскімі клубамі адпаведна загадчыцы бібліятэкі Я. П. Шарынская і клуба — Г. А. Іваноўская.

Яніну Пятроўну вяскоўцы жартам называюць мэрам Парыжа, бо яна шмат гадоў з’яўляецца старэйшынай і правай рукой старшыні Казлоўшчынскага сельскага Савета В. М. Зубарава. Колькі гасцей з розных куточкаў Беларусі і замежжа давялося ёй прымаць!

— Назва гучная, таму турысты і не абмінаюць нас, — гаварыла старэйшына. — Кожнаму бачыцца сваё. Каторы, выйшаўшы з машыны, не любуецца Эйфелевай вежай, касцёлам, фігурамі ля яго, клумбамі, а бяжыць на задворкі. І калі ля ўласных дамоў чысціня, то ля шматпавярховак — не заўсёды. Чамусьці людзі адвыклі за сабой прыбіраць. Работнікі камунальнай службы не заўсёды паспяваюць гэта рабіць, а заез­джыя пазней пішуць на сваіх блогах пра занядбайнасць і запусценне вёскі. Вядома, ёсць пакінутыя дамы, і ля іх не цвітуць кветкі. Але агульнымі намаганнямі стараемся парадак наводзіць. У вёсцы працуюць бальніца сястрынскага догляду, аддзяленне паштовай сувязі, тры магазіны, пажарны аварыйна-выратавальны пост № 12, дзіцячы сад-базавая школа. Многія мужчыны пасля рэфармавання мясцовага прадпрыемства меліярацыйных сістэм на работу ўладкаваліся ў рыбгас “Навінкі”, да прыватных прадпрымальнікаў, працуюць ва­дзіцелямі на міжнародных перавозках грузаў, ездзяць на заробкі ў Расію.

Дагледзяць і словам сагрэюць

М. В. Карпік, Г. І. Бондарава, Р. Ф. Роліч і В. Р. Ганчарова

Парыжская бальніца сястрынскага догляду разлічана на 15 ложкаў. Усе яны заняты людзьмі, якія не толькі самастойна, але і з дапамогай сацыяльнага работ­ніка не могуць справіцца з паўсядзённымі задачамі. З розных куточкаў раёна трапляюць сюды пацыенты. Хтосьці жыве тут па 5-7 гадоў, хтосьці паступіў нядаўна і яшчэ спадзяецца ўстаць з ложка, вярнуцца ў родны дом. Да некаторых прыязджаюць родныя, ёсць адзінокія, і медработнікі для іх самыя дарагія людзі. Клопаты пра бездапаможных пацыентаў кладуцца на плечы медыцынскага персаналу. Загадвае ўстановай урач агульнай практыкі Марына Генадзьеўна Брэская. Цяпер яна ў водпуску, а ў бальніцы на той момант дзяжурылі яе памочнік — фельчар-акушэр Ганна Іванаўна Бондарава, старшая медыцынская сястра вышэйшай катэгорыі Раіса Францаўна Роліч, медсястра Марына Вячаславаўна Карпік і санітарка Вольга Рыгораўна Ганчарова. Урач аказвае вызначаны спектр паслуг на месцы, а таксама ходзіць на выклікі. Хапае спраў і ў медыцынскіх сясцёр. У бальніцы сястрынскага догляду працаваць асабліва няпроста. Колькі дабрыні і цярпення для гэтага трэба мець! Да большасці пацыентаў трэба падыходзіць па шмат разоў на дзень, пакарміць, прыбраць, памыць, выслухаць. Палаты разлічаны на два чалавекі, усюды чысціня і свежасць.

 Было б жаданне працаваць

Павел Капшуль нарадзіўся ў Парыжы. Тут жывуць ма­ма, старэйшы брат. Сёстры павыходзілі замуж у іншыя месцы.

— Я не пры­хільнік таго, каб дзесьці штосьці шукаць, — разважаў. — Жыць і працаваць можна і тут. Ёсць жыллё. Дзеці на месцы ходзяць  у школу і дзіцячы садок. А захочам з’ездзіць куды, дык сядзем на машыну — і праз некаторы час ужо ў Паставах, Глыбокім. Я пасу кароў з губінскай фермы адкрытага акцыянернага таварыства “Парыж-агра”. Нялёгка. Але працаваць трэба ўсюды. Нядрэнным ураджаем парадавалі збожжавыя. Будзе паўнацэннае кармленне — будуць і надоі. Сёлетнім спякотным летам жывёла ў полі была заўсёды забяспечана вадой, мяняліся ўчасткі для выпасу. Мая Алёна таксама раней працавала на ферме, цяпер тэхнічкай у магазіне. Нас тут усё задавальняе, прапіску мяняць не збі­раемся.

У нагу з прагрэсам

Парыжскія паштавікі атрымліваюць карэспандэнцыю з райцэнтра

У аддзяленні паштовай сувязі на чале са Святланай Станіславаўнай Ходан працуюць паштальёнамі Ніна Тадэвушаўна Кукоўская, Жанна Уладзіміраўна Коўкіна і Ка­зіміра Тадэвушаўна Лабуць. Яны прымаюць, апрацоўваюць і дастаўляюць адрасатам карэспандэнцыю, пенсію, прымаюць падпіску на газеты і часопісы. Аказваюць і няпрофільныя паслугі — рэалізуюць тавары спажывецкага попыту, латарэйныя білеты, афармляюць розныя заказы. Развіваюцца электронныя паслугі. Людзі ўсё больш карыстаюцца інтэрнэтам. Набірае размах паст­кросінг (абмен паштоўкамі, маркамі паміж людзьмі незалежна ад месцапражывання, у руху ўдзельнічаюць больш за 200 краін). У аддаленых жа вёсачках па-ранейшаму з нецярпеннем чакаюць паштальёнаў. І ім за дзень прыходзіцца пераадольваць па 10 і больш кіламетраў.

І ў 95 работы просяць рукі

Соф’я Сямёнаўна Краско не карэнная парыжанка. Перабралася сюды да дачкі з недалёкіх адсюль Піскуноў. Лёс паслаў ёй нямала выпрабаванняў. Выстаяць усе дапамагала праца. Пражытае ўспамінае ў падрабязнасцях. Закончыла 7 класаў польскай школы, вывучылася на швачку. Любіла ўдзельнічаць у пастаноўках. Замуж выйшла ў 18 за чалавека на 11 гадоў за яе старэйшага. Ён быў выдатным краўцом. У 1944-ым мужа адправіла на фронт, а сама засталася з дзвюма маленькімі дачушкамі. Дачакалася жывога, нарадзіла сына. Дзімачку было два месяцы, калі бацьку саслалі на Урал. Праз чатыры гады рэабілітавалі. Але здароўе вярнуць было немагчыма. У 34 Соня аўдавела. Сама касіла, арала, баранавала. Паспрабавала зноў знайсці жаночае шчасце. Аднак яно было кароткім: сям’я папоўнілася яшчэ адным сынам, і муж з’ехаў у невядомым кірунку. Моцная духам, працавітая, яна не зламалася, адна паставіла на ногі дзяцей. Выручала тое, што ўмела шыць, вязаць. Усе нягоды засталіся ў мінулым. Цяпер мае 6 унукаў, 9 праўнукаў, 7 прапраўнукаў. У наступным годзе бабулі споўніцца 95. Яна і сёння не можа без справы: то дыванкі вяжа, то фасолю лушчыць, то цыбулю парадкуе.

 У кветкавым валадарстве

Ніну Уладзіміраўну Сукаватую сустрэлі ў кветніку. Жанчына была засмучаная: “Учарашні трохсантыметровы град збіў усю нашу прыгажосць. Граблямі зграбала ружы, аксаміткі. Лісце вінаграду — як рэшата, гронкамі зямля усыпана. Гаршковыя паспелі ўнесці пад дах — яны і захаваліся”.

Дом, у якім жывуць сем’і Сукаватых і Волк, вызначаецца дагледжанасцю, усюды бачна рука гаспадара. З густам зроблены клумбы, у цяпліцах і на градках багата агуркоў і памідораў. Але нішто не даецца дарма, за ўсім — штодзённая праца, якой, як бачна, гаспадары не шкадуюць.

Вера мацуе сям’ю

У мінулым месяцы Тэлесфор Міхайлавіч і Ганна-Каміла Вікенцьеўна Бервячонак ездзілі ў Оршу на вяселле ўнука. Парадаваліся за маладых, успомнілі, як самі былі жаніхом і нявестай. З таго чаму мінула 48 гадоў.

— Цяпер маладажоны на шыкоўных машынах у ЗАГС едуць, а мы вянчацца ў Глыбокае на матацыкле ехалі, — расказвалі. — Сукенку з вэлюмам у сумцы везлі. У касцёле пераадзявалася. І вяселле сціплым было.

Жыццё прайшло ў працы: будаваліся, трымалі вялікую гаспадарку, дачок вучылі. Міхайлавіч 30 гадоў адпрацаваў на “Кіраўцы” на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. У камандзіроўках тыднямі знаходзіўся. Вікенцьеўна вяла гаспадарку. Пэўны час таксама працавала ў меліярацыі, потым у аптэцы, школе. Вольным часам ткала дываны, вышывала. Яе вырабы і сёння ўпрыгожваюць дом.

— З гаспадаркі засталіся толькі куры ды парася, — апавядалі. — Каня ўдваіх з суседам трымаем. Агароды пасадзіць дзеці дапамагаюць. Гады забіраюць спрыт і сілы.

Шмат часу Бервячонкі прысвячаюць касцёлу. Тэлесфор Міхайлавіч з’яўляецца старшынёй касцельнага камітэта, Ганна-Каміла Вікенцьеўна разам з іншымі парафіянкамі даглядае кветкі, прыбірае памяшканне. Яе запрашаюць памаліцца па нябожчыку.

— Вера мацуе сям’ю, — сцвярджалі Бервячонкі. — Калі б людзі прытрым­ліваліся Божых запаведзяў, то і разводаў было б менш, і дзеці сіротамі пры жывых бацьках не заставаліся б.

 Galeries Lafayette  

За прылаўкам Р. М. Собалева

Такую назву мае самы папулярны гандлёвы цэнтр на бульвары Haussmann у французскім Парыжы. Ёсць шопінг і ў беларускім. У магазіне “Парыж” рай­спажыўтаварыства наведвальнікаў  няшмат. Загадчыца Рыма Мікалаеўна Собалева тлумачыць: “Чэргаў практычна не бывае. На працягу дня людзі прыходзяць па пакупкі, набываюць неабходнае. Выконваць план няпроста — побач два камерцыйныя магазіны: адзін з прадуктамі харчавання, другі — з бытавой хіміяй, посудам, парфумерыяй і іншым таварам. І ўсё ж многія парыжане аддаюць перавагу спажыўкааперацыі. Дзякуй ім за гэта”.

У будынку, дзе размешчаны мясцовыя клуб і бібліятэка, арандуюць памяшканні індывідуальныя прадпрымальнікі Сяргей Багачоў з Пастаў і мясцовая Людміла Мяшко. У  “Феі” больш за 200 найменняў рознага тавару. Прадавец Святлана Міхайлаўна Мядзюха адзначае, што ў апошнія дні лета ў магазіне было асабліва ажыўлена: работнікам ААТ “Парыж-агра” выплацілі зарплату. Зручна, што гаспадар дазваляе набываць тавар у беспрацэнтную растэрміноўку на тры месяцы, прымаюцца папярэднія заяўкі. Ажыўлена і ў прадуктовай “Фантазіі” Людмілы Мяшко. Попытам карыстаюцца каўбасы, цукеркі, іншыя вырабы.

Прадавец С. М. Мядзюха рэкламуе тавар

На цэнтральнай плошчы разгорнуты гандаль спартыўнымі рэчамі, абуткам, майкамі. Прыватныя прад­пры­маль­нікі з Пастаў і Глыбокага прыязджаюць у Парыж у дні пасля выплаты зарплаты і ад’яз­джаюць з нядрэннай выручкай. Парыжане маюць магчымасць на месцы набыць усё неабходнае.

Бытоўка функцыянуе

Таццяна Вальдэмараўна Бервячонак — прыёмшчыца заказаў на комплексным прыёмным пункце бытавога абслугоўвання насельніцтва. Два разы ў месяц ажыццяўляе выязное абслугоўванне насельніцтва Казлоўшчынскага сельсавета, дзякуючы якому жыхары аддаленых вёсачак не адчуваюць сябе пакінутымі, маюць магчымасць здаць у хімчыстку дываны, падушкі, у рамонт — адзенне і абутак. Карыстаюцца попытам гэтыя паслугі і ў парыжан. З задавальненнем купляюць пасцельную бялізну, пашытую ў райбыткамбінаце. Т. В. Бервячонак наведвае вяскоўцаў і дома (у большасці гэта людзі пажылога ўзросту). Выконвае іх просьбы і заказы. Па папярэдніх заяўках адзін раз у месяц у Парыж прыязджае цырульнік.

 Яшчэ сюды вярнуся

Розныя выказванні турыстаў пра жыццё беларускага Парыжа чытала на сайтах.  Што магу сказаць ад сябе? Як і ў кожным населеным пункце, тут таксама можна знай­сці негатыў. Я шукала іншае. Дзень маёй вандроўкі праляцеў імгненна. Пабываць усюды, дзе планавала, не паспела. Ды і тое, што трапіла ў аб’ектыў фотаапарата, не ўсё змясцілася на дзвюх старонках газеты. Вельмі ўдзячна Яніне Пятроўне Шарынскай за тое, што была маім гідам. У вёсцы багата цікавых людзей, пра якіх расказвала старэйшына. Таму напрыканцы дня я з Парыжам не развітвалася, а казала яму: “Да новых сустрэч!”

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.