Калектыў не забыў


Віктар Іванавіч Ашчэпкаў з жонкай і памочнікамі з аддзялення Дэпартамента аховы.

Віктар Іванавіч Ашчэпкаў — ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы. Многія гады ён аддаў пазаведамаснай ахове, з гэтай арганізацыі выйшаў на пенсію. З таго часу мінула вельмі шмат гадоў, але сувязь паміж калектывам, які ўжо даўно абнавіўся, і ветэранам не парываецца. Кіраўніцтва аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў віншуе Віктара Іванавіча са святамі, запрашае на ўрачыстасці, супрацоўнікі аказваюць патрэбную дапамогу.

Вось і напярэдадні Дня пажылых людзей з аддзялення патэлефанавалі ветэрану і прапанавалі сваю дапамогу. Яна спатрэбілася. І пяцёра супрацоўнікаў аддзялення накіраваліся да дома В. І. Ашчэпкава па вуліцы Савецкай у райцэнтры. Яўгеній Патапчук, Канстанцін Лушчык, Валерый Жук, Міхаіл Сувораў  і Аляксандр Раковіч ускапалі агарод, адрамантавалі скрыню для за­хоў­вання бульбы, пашчапалі дровы.

Надвор’е стаяла цудоўнае, такім жа быў і настрой у памагатых. Яны ўправіліся не толькі на падворку Ашчэпкавых. Заўважылі на суседнім участку старога з лапатай у руках і вызваліся дапамагчы і яму ўскапаць агарод. “Дзе ты ўзяў столькі хлопцаў?!” — ахнула бабуля, убачыўшы такую карціну. “ А мы — цімураўцы!” — пажартавалі, весела ўпраўляючыся з лапатамі.

Пабольш было б такіх “цімураўцаў” у калектывах, па суседстве, сярод радні, і пажылым лю­дзям жылося б лягчэй.

Фаіна КАСАТКІНА.