На ўсе сто


Аўтаслесар Дзяніс Селязнёў

Некалькі месяцаў назад аўтатэхцэнтр “СТО%”, які размяшчаецца па вуліцы Ленінскай, 157, у Паставах, быў прыняты ў міжнародную асацыяцыю “ЕвроАвтоСервис”. Такім дасягненнем могуць пахваліцца толькі два дзясяткі станцый тэхабслугоўвання з усёй Беларусі (іх у краіне дзейнічаюць тысячы). А ўсё з-за высокіх патрабаванняў для ўступлення. Галоўныя з іх — сучасная тэхнічная аснашчанасць і высокая якасць аказання паслуг. У аўтатэхцэнтры “СТО%” пра ўсё гэта ведаюць не на словах, а на справе.

У  кіраўніка прадпрыемства Дзмітрыя Казуры два дыпломы аб вышэйшай адукацыі — інжынера-механіка і юрыста. Свой бізнес ён пачаў у 1999 го­дзе — адкрыў шынамантаж у мікрараёне пятага гарадка. Асвойваючы новую і цікавую справу, канкурэнцыі не баяўся. Нават тады, калі аналагічныя станцыі па шынамантажы пачалі адкрывацца ў гора­дзе адна за адной. Але на рынку сферы паслуг яны надоўга не затрымліваліся.

Дзмітрый Казура

—            Важна, каб гаспадар прадпрыемства сам унікаў ва ўсе дробязі бізнесу і прысвячаў яму максімум часу, — лічыць Дзмітрый Эдуардавіч. — Як толькі ён, наймаючы іншых людзей, сам аддаляецца, то на любой справе можна ставіць крыж. Ніхто так не зацікаўлены ў поспеху, як ты сам. Таму ўмова поспеху адна: працаваць, працаваць і працаваць. Разам з гэтым — вучыцца, у тым ліку і на сваіх памылках.

Дзмітрый прысвячаў і прысвячае бізнесу львіную долю свайго часу. Таму і не дзіўна, што спачатку прый­шлі першыя поспехі, а потым і магчымасць удас­канальваць прадпрыемства. Пашыралася колькасць паслуг, калектыў прырастаў новымі работ­ні­камі. З’явіўся невялікі склад аўтазапчастак, затым спецыялізаваны магазін. Сёння іх у Паставах дзейнічае пяць (два адкрыты некалькі месяцаў назад).

Прадавец Анатолій Грынько

У 2012 годзе станцыя тэх­абслугоўвання пераехала на новую вытворчую базу па вуліцы Ленінскай. У рабоце калектыву пачаўся кардынальна новы этап. Было ўстаноўлена новае абсталяванне, што істотна пашырыла віды паслуг. Сёння іх лік ідзе на дзясяткі: гэта праверка тармазоў на тармазным стэндзе Carter, тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіля з выдачай сэрвіснай кніжкі, праверка аўто пасля ДТП і выдача дакументаў для страхавых кампаній, падрыхтоўка аўтамабіля для праходжання тэхнічнага агляду, замена маслаў і тэхнічных вадкасцей, камп’ютарная дыягностыка, рамонт і запраўка кандыцыянера, шынамантаж і балансіроўка колаў і многае іншае (з усім спісам паслуг, кантактнай інфармацыяй можна азнаёміцца на сайце www.traitek.by).

Праходзім па тэрыторыі СТА. На абслугоўванні бачу і  старэнькую “Волгу”, і машыны, якія зусім нядаўна сышлі з канвеера. Расказваючы пра абсталяванне, кіраўнік канстатаваў: многаму з іх няма аналагаў не тое што ў Паставах, але і ў бліжэйшых рэгіёнах. Напрыклад, амерыканскі стэнд развал-сыходжанне HUNTER з запатэнтаванай тэхналогіяй трохмернага (3D) мадэліравання, якая выкарыстоўваецца для вымярэння вуглоў устаноўкі колаў, усталяваны летась. На самым высокім узроўні іншыя віды камп’ютарнай дыягностыкі.

Для работы на такой сучаснай апаратуры павінны быць адпаведныя кадры. Праблем з імі на прадпрыемстве не ўзнікае. У аснове калектыву — вопытныя майстры, многія з якіх працуюць з першых гадоў адкрыцця СТА: менеджар Галіна Высоцкая, слесары Ігар Мельнікаў, Уладзімір Танана, Алег Пяленак. На новыя рабочыя месцы кіраўнік нярэдка бярэ і моладзь, прычым з любой адукацыяй. Галоўны крытэрый іх адбору: жаданне працаваць і вучыцца. Дзмітрый пры неабходнасці накіроўвае спецыя­лістаў на павышэнне квалі­фікацыі. Нядаўна разам са слесарамі і сам ездзіў на семінар у г. Стоўбцы, дзе вопытам дзяліліся нямецкія спецыялісты, наведваў выставу ў Маскве. “Я павінен быць у курсе новых тэхналогій, каб у любым пытанні быць кампетэнтным”.

Умовы працы на СТА строгія, але дзейсныя. Уваход на яе тэрыторыю строга па картках, з фіксацыяй часу. Устаноўлена відэаназіранне, якое дае магчымасць кантраляваць работу адусюль. Многае зроблена і для камфорту. Ёсць душавыя кабінкі, пакой для харчавання, работнікі (а іх тут працуе амаль два дзясяткі) забяспечаны спец­адзеннем і інструментам.

Дзмітрый не адмаўляе: усім кліентам дагадзіць немагчыма. Бываюць прэтэнзіі неабгрунтаваныя, але здараецца, што памыляюцца і майстры. Пра тое, што тут умеюць годна выйсці з сітуацыі, сведчыць той факт, што ў кнізе скаргаў і прапаноў на прадпрыемстве няма ніводнага адмоўнага запісу.

Бясспрэчна: кіраўнік у сваёй справе дасягнуў многага. Але ці не зацесна яму ў невялікім горадзе?

—            Я патрыёт свайго горада і сваёй справы, — гаварыў Дзмітрый Казура. — Больш за тое, хачу каб мае дзеці (іх трое — аўт.) раслі таксама ў Паставах. Тут адчуваю сябе вельмі камфортна. Перакананы: жыць у вялікім горадзе — не значыць быць паспяховым. Наадварот, у тым жа Мінску яшчэ больш жорсткія ўмовы для развіцця бізнесу. А работа сумаваць не дае. Тэхніка мяняецца і ўдасканальваецца кожны год, што прымушае пастаянна расці ў прафесійным плане, а мне гэта вельмі падабаецца. Якія бліжэйшыя перспектывы? Пашыраць спектр паслуг, крочыць у нагу з тэхналагічным прагрэсам.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.