“Наша сіла — у стабільнасці і адзінстве”


Так сцвярджае старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Валянціна Міхайлаўна Ромель. У інтэрв’ю карэспандэнту газеты яна расказала пра асноўныя кірункі дзейнасці грамадскага аб’­яднання, работу раённай арганізацыі ў перыяд падрыхтоўкі да галоўнай палітычнай падзеі года — выбараў Прэзідэнта краіны.

— Валянціна Міхайлаўна, пачніце, калі ласка, з лічбаў.

— Сёння “Белая Русь” на Пастаўшчыне — гэта 49 пярвічак, у шэрагах якіх налічваецца 725 чалавек, і іх колькасць пастаянна расце.

— Назавіце арганізацыі, работа якіх можа паслужыць прыкладам для іншых.

— У першую чаргу хацелася б расказаць пра пярвічку завода “Беліт”, яе актывістаў — маладых людзей. Мне падабаецца, што яны адукаваныя, ініцыятыўныя, удзельнічаюць ва ўсіх праектах і мерапрыемствах. Узначальвае арганізацыю дырэктар завода Д. Б. Чыжэўскі. Ён сам — чалавек актыўны і пазітыўны, таму і падначаленыя кіруюцца такімі ж жыццёвымі прынцыпамі.

Станоўчай можна назваць работу пярвічак УП ЖКГ (узначальвае М. А. Кабайла), Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для пажылых і інвалідаў (А. А. Ластоўская), ААТ “Паставымэбля” (С. Р. Зямчонак), устаноў адукацыі раёна. Актыўна праводзяць работу і пярвічныя арганізацыі сельскіх Саветаў.

— А хто ў актывістах?

— Безумоўна, мой галоўны кансультант па ўсіх пытаннях і памочнік — намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, ён жа і ўзначальвае ў райвыканкаме пярвічную арганізацыю РГА “Белая Русь”. У ліку актывістаў мой намеснік М. А. Кабайла (УП ЖКГ), бухгалтар раённай арганізацыі А. А. Храпун (СШ №5), а таксама В. М. Мацкевіч, якая з’яўляецца адміністратарам нашай раённай арганізацыі (СШ №5), старшыні пярвічных арганізацый: М. К. Будзько (СШ №1), І. В. Мілто (прафтэхкаледж), Т. В. Кавалевіч (дзіцячы сад №1), Т. П. Галаўко (гімназія), А. А. Ластоўская (Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для пажылых і інвалідаў) і іншыя.

— Як раённая арганізацыя падтрымлівае моладзь?

— Вырашэнне задач, якія стаяць перад сучаснай Беларуссю, патрабуе актыўнага ўдзелу ў гэтых працэсах маладых лю­дзей — творчых, таленавітых, ініцыятыўных. Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне прапануе цікавыя праекты і падтрымлівае ўсе пачынанні. У краіне ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі задуманага. Юнакі і дзяўчаты Пастаўшчыны працуюць на прамысловых прадпрыемствах і ў сельскагаспадарчых акцыянерных таварыствах. Раённая арганізацыя падтрымлівае маладых людзей і па магчымасці заахвочвае. Назаву з апошняга: удзельнічалі ва ўшаноўванні мала­дзёжнага экіпажа, які намалаціў першую тысячу тон збожжа. У дзень выбараў на кожным выбарчым участку павіншуем маладых выбаршчыкаў, якія ўпершыню прымуць удзел у галасаванні.

— Спыніцеся, калі ласка, на мерапрыемствах, у якіх раённая арганізацыя РГА прымала ўдзел у апошні час.

— Удзельнічалі ў акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня абароны дзяцей, аглядзе-конкурсе сельскіх падворкаў, што ладзіўся ў рамках Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”.

У ліпені актыў нашай арганізацыі прысутнічаў на пашыраным пасяджэнні рэспубліканскага савета РГА “Белая Русь” у Мінску, на якім было прынята рашэнне падтрымаць на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Удзель­нічалі ў пася­джэнні каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Пастаўскага раёна, а таксама ў пікетах па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты краіны А. Р. Лукашэнкі. РГА “Белая Русь” арганізавала акцыю “Сто тысяч подпісаў у падтрымку нашага кандыдата”.

— Валянціна Міхайлаўна, калі сустракаецеся з людзьмі на прыёмах, якія праводзіце рэгулярна, у працоўных калектывах, пра што з імі гаворыце?

— У нас добрыя, шчырыя і працавітыя людзі, і настрой у іх — жыццёвы. А пры сустрэчах у калектывах і падчас прыёмаў, калі да мяне звяртаюцца, адзначаю, што арганізацыя створана для падтрымкі шырокіх пластоў насельніцтва. Прымаем удзел у віншавальных акцыях да дзяржаўных і памятных дат і падзей. Віншуем пажылых з нагоды юбілеяў. Не забываем пра ветэранаў. Памятаем пра маладых спецыялістаў, дарэчы, не застаёмся ўбаку пры правядзенні раённага конкурсу сярод сельскіх сем’яў “Майстры вёскі”, а таксама конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў і маладых работні­каў раёна «Шлях да поспеху». Дапамагаем і ў выпадках, калі ў чалавека здарылася бяда.

Гавару людзям і пра тое, што за апошнія два дзесяцігоддзі наша грамадства аб’ядналася вакол Прэзідэнта, і гэта невыпадкова. Уся краіна занята ў маштабных праектах у эканоміцы, культуры. Мы годна заяўляем пра сябе на палітычнай арэне ў свеце, з намі вымушаны лічыцца. Так будзе і ў далейшым. Мы зможам пераадолець усе цяжкасці, бо мы — моцныя. Наша сіла — у стабільнасці і адзінстве.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.