Пад дыктоўку пастаўчан

Спорт

“ПМЦ-Паставы” — ФК “Шаркаўшчына” — 5:3

Перад заключнай дамашняй гульнёй сезона пастаўчане на выездзе ў Докшыцах, згулялі ў вельмі аслабленым скла­дзе (без васьмі ігракоў асноўнага складу) і прадказальна саступілі мясцоваму “Ветразю” з лікам 0:4. А вось дома парадавалі гледачоў прыгожай атакуючай гульнёй. Каманда ПМЦ пачала матч з хуткіх пранікальных атак, і ўжо на 3-й хвіліне цэнтрфорвард Раман Мядзве­дзеў адкрыў лік прыгожым ударам. Неў­забаве яго таварыш па амплуа Арцём Цітовіч абыграў абаронцу гасцей, выйшаў без перашкод на вароты і падвоіў перавагу.

Сустрэча стала праходзіць пад дыктоўку пастаўчан, якія трывала кантралявалі мяч, умела гулялі ў пас. Сведчаннем іх гульнявой перавагі стаў трэці мяч у сярэдзіне першага тайма, які з пенальці бездакорна правёў А. Цітовіч. Да гонару гасцей, яны не змірыліся з такім развіццём падзей, і адразу пасля перапынку іх капітан Сяргей Зянько скараціў розніцу ў ліку. Пасля гэтага барацьба пайшла на сустрэчных курсах. Некалькі разоў варатар шаркаўчан Аляксандр Завядзееў выратоўваў сваю каманду ад непрыемнасцей.

Канцоўка ж паядынку выйшла вельмі відовішчнай, бо абедзве каманды дэманстравалі адкрыты атакуючы футбол. Пасля розыгрышу вуглавога на 78-й хвіліне паўабаронца ПМЦ Ігар Павініч прыняў адбіты варатаром мяч і без апрацоўкі з-за межаў штрафной магутным стрэлам адправіў яго ў сетку — 4:1. Яшчэ праз 6 хвілін ужо госці рэалізавалі пенальці, а потым мяч зноў ледзь не заляцеў у сетку варот пастаўчан. У сваю чаргу гаспадары адказалі стрэлам у перакладзіну, а потым Р. Мядзведзеў згуляў тэхнічна і зноў вызначыўся. Праўда, сапернік не здаўся — за некалькі хвілін да фінальнага свістка С. Зянько правёў свой трэці гол у матчы пасля хуткаснага сольнага праходу.

Стадыён апладысментамі праводзіў з поля пастаўчан: Казараўца, Мінгіновіча, Жарскага, Зелянкевіча, Місніка (Курыловіча), Голубева, Павініча, Карагу (к),  Якаўлева, Мядзведзева, Цітовіча.

У гэтым туры напружаны матч двух лідараў групы ў Глыбокім завяршыўся перамогай гаспадароў над лепяльчанамі з лікам 1:0. Абедзве каманды выйшлі ў наступны этап чэмпіянату з першых двух месцаў і з правам дамашняй сустрэчы ў 1/4 фіналу. “Полацкгаз” атрымаў тэхнічную перамогу 3:0 над “Дзвіной-Барсам” (Верхнядзвінск) і замацаваўся на трэцім месцы. За  апошнюю пуцёўку прадоўжаць барацьбу докшыцкі “Ветразь” і каманда Міёр, якія згулялі паміж сабой уні­чыю 0:0. Заключны тур першынства вызначыць пары прэтэндэнтаў на медалі, але ў пастаўчан ужо няма шанцаў на ўдзел у далейшай барацьбе.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.