Пакуль бяжыш, ідзеш — жывеш


Збіраючыся напісаць матэрыял да Дня пажылых людзей, патэлефанавала пастаўчанцы Валянціне Іванаўне Трыказенка. “А мне здавалася, што я яшчэ маладая”, — шчыра рассмяялася жанчына. “Дык ёсць і другая нагода — Міжнародны дзень музыкі”, — дадаю. І атрымліваю запрашэнне.

Валянціна Іванаўна сустрэла ля веснічак — убраная, прычасаная. Цікаўлюся, куды сабралася. І замест кароткага адказу пачула цэлы аповед. З дзяцінства прывучаная сачыць за сваім знешнім выглядам: устала, памылася, прычасалася, апранулася. Так мама рэкамендавала. І гэта стала правілам — што б ні рабіла і дзе б ні жыла.

Нарадзілася ў Вінніцы. Потым сям’я пераехала ў Вялікі Невер (раней гэта была Чыцінская вобласць). Закончыла Свярдлоўскае музычнае вучылішча. Па камсамольскай пуцёўцы дзяўчыну накіравалі на Далёкі Усход, у Благавешчанск. Адпрацавала тры гады і засталася б там надалей, але паклікалі бацькі, якія на гэты час ужо былі ў Паставах. Іх жа некалі сюды пераманіў сын Пётр, які, вярнуўшыся пасля вайны з дывізіяй, асеў у нашым горадзе.

— Вось так і жыву тут з 1954 года, — расказвае Валянціна Іванаўна. — У музычнай школе, калі я прыехала, было пяць педагогаў. Увесь час выкладала тэарэтычныя дысцыпліны. Паралельна кіравала хорам. Колькі іх было на маім вяку — у раённым Доме культуры, саўгасе “Пастаўскі”, цэнтральнай раённай бальніцы, будаўнічай арганізацыі, у вёсцы Савічы, у шостым гарадку. (У Благавешчанску кіравала і ваенным хорам.) У апошні час дапамагала Леаніду Косаву з яго аркестрам, рыхтавала выхаванцаў да паступлення.

Зрэшты, ці можна злічыць усіх, хто свой шлях у свет музыкі пачынаў пад кіраўніцтвам В. І. Трыказенка? Сёння яны жывуць у розных куточках краіны і за яе межамі, займаюць розныя пасады. Настаўніцу памятаюць, пішуць ёй.

— А нядаўна ў мяне была яшчэ адна важная падзея — я адзначала сваё 85-годдзе, — працягвала Валянціна Іванаўна. — Адкуль толькі ні званілі мае вучні! Напрыклад, Святлана Гофман з Ізраіля. Яна нават прыгадала мае словы: “Можна не быць музыкантам, а ў музыцы разбірацца павінны”. Аляксандр Курыловіч жыве каля Тулы — там ён стварыў беларускі ансамбль. Успамінаю Віктара Фадзеева, які жыве і працуе ў Якуціі. Мой былы вучань Міхаіл Грыгарчук з ваенным аркестрам з Брэста прыязджаў у Паставы, і гэта  сустрэча была для мяне радаснай. Ёсць выпускнікі ў ЗША, Англіі.

Валянціна Іванаўна расказвае пра сваё сённяшняе жыццё-быццё. Кожны дзень запоўнены справамі. Атрымлівае пісьмы і піша на іх адказы, ходзіць у раённую бібліятэку і бярэ там кнігі, у тым ліку творы на гістарычную тэму, часопісы, выпісвае “Аргументы и факты”, чытае “СБ. Беларусь сегодня”. Перазвоньваецца з былымі калегамі па музычнай школе, падтрымлівае сувязь з дырэктарам Варапаеўскай школы мастацтваў В. П. Жагулам, наведвае клуб “Натхненне”. Сустракаецца з сяброўкамі, з адной, напрыклад, любіць пагуляць на свежым паветры і пры гэтым дэкламаваць вершы класікаў. А яшчэ шые на швейнай машынцы, калі-нікалі бярэ ў рукі гітару. Адным словам, імкнецца кіравацца прынцыпам: “Пакуль бяжыш, пакуль ідзеш і сядзіш — жывеш…”

Пачула пра многія эпізоды з жыцця В. І. Трыказенка. “Адчайная”, — зрабіла вывад. А мая суразмоўца пацвердзіла: “Яшчэ якая!” І ўспомніла, як амаль у 70 гадоў, узяўшы траіх унукаў, махнула ў госці да брата ў Брацк, каб дзецям паказаць Брацкую ГЭС. І цяпер з такім задавальненнем разглядвае фотаздымкі. Дарэчы, іх у сямейных альбомах мноства, і ў кожным — гісторыя жыцця.

Галіна ПІШЧ.