Пастаўчане — сярэбраныя прызёры «Скуранога мяча»

Личности Местная власть Спорт

Фінальныя матчы «Скуранога мяча» праходзілі ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці з 1 па 5 верасня. За права стаць уладальнікам галоўнага трафея змагаліся 8 каманд. Наш горад у якасці пераможцаў абласнога этапа на турніры прадстаўлялі пастаўчане Улад Дубін, Вадзім Мацкевіч, Яўгеній Хараў, Стас Гіль, Дзмітрый Рогач, Ілья Баранаў, Рыгор Кабяк, Мікіта Давідоўскі, Кірыл Каралёнак, Мацфей Іваноў, Дзмітрый Зелянкевіч, Ілья Мацур, Мікіта Пурлан і Клім Гінько.

Другі год запар выхаванцы трэнера па футболе Васілія Мікітавіча Грантоўскага сталі прызёрамі прэстыжнага спартыўнага турніру. На гэты раз каманда футбалістаў «ПМЦ» 2003-2004 гадоў нараджэння заняла другое месца ў сярэдняй узроставай групе ў фінальных рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Перад пачаткам турніру адбылася жараб’ёўка, па выніках якой каманды-ўдзельніцы былі падзелены на дзве групы. Нашымі сапернікамі ў аднакругавым турні­ры сталі каманды «Віцязь» з Мінска, «Тарпеда» (Магілёў) і «Надзея» (Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці). Пра ўзровень гульні і запалу ў групе «В», у якую трапілі пастаўскія футбалісты, можна меркаваць хоць бы па тым факце, што тры каманды з чатырох з’яўля­ліся прызёрамі мінулагодняга «Скуранога мяча». Таму кожная гульня для нашых хлопцаў была як фінальная. Спартыўная барацьба з годнымі сапернікамі скончылася перамогай «ПМЦ»: мінчан разграмілі з лікам 6:2, каманда гродзенскай вобласці, хоць і саступіла з лікам 1:6, забяспечыла двухбакова вострую гульню, а ў завяршальным круг матчы магіляўчане прайгралі з лікам 0:1. За пяць хвілін да фінальнага свістка левы абаронца Дзмітрый Рогач забіў вырашальны гол у вароты каманды «Тарпеда» і забяспечыў «ПМЦ», як мінімум, другую прыступку п’едэстала. Але пастаўчане мелі цвёрды намер паўтарыць свой мінулагодні аглушальны поспех і зноў завалодаць Кубкам. У фінальным паядынку з драгічынскім «Юнацтвам» яны стварылі, па меншай меры, пяць небяспечных момантаў каля варот сапернікаў, але так і не змаглі іх рэалізаваць. У выніку ўзяцце варот адбылося толькі ў серыі пасляматчавых пенальці, у якой і вызначыўся вынік паядынку — 4:3 на карысць прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці.

Падчас турніру таксама праводзіліся спаборніцтвы па тэхніцы валодання мячом і фізпадрыхтоўцы. У агульнакамандным заліку наша каманда без асаблівых намаганняў заняла трэцяе месца (спаборніцтвы па бегу на 30 метраў, падцягванні, укідванні мяча, ударах на далёкасць, дакладнасць і хуткасць праводзіліся ў першы дзень турніру, таму на поўную не выкладваліся — бераглі сілы для гульні на полі). Па выніках асноўных спаборніцтваў Кірыл Каралёнак прызнаны лепшым паў­абаронцам. Трэба сказаць, што ён не толькі абараняў свае, але і атакаваў вароты сапернікаў: на яго рахунку некалькі галявых перадач і 4 галы. Прызёры турніру ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі, Кубкам, міні-кубкамі і каштоўнымі прызамі. Сярод апошніх — фотаапарат, пяць футбольных мячоў і 14 тэрмасаў.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.