Рада кожнаму чытачу


Валкоўская сельская бібліятэка размешчана ў адным будынку з клубам і сельскім Саветам. Адчыняеш дзверы ў невялікі, але светлы пакой — і трапляеш не толькі ў кніжнае каралеўства, але і ў кветкавае. Вазоны на падлозе, падаконніках, паліцах. На стале ў вазе — жывыя астры. Роўненькія акуратныя рады кніжак на стэлажах, з густам аформлены кніжныя паліцы, выставы, раскладзена перыёдыка, шмат розных вырабаў і малюнкаў. Утульнасць стварае гаспадыня — Тамара Мінаўна Якубоўская.

— У бібліятэку прыйшла па волі лёсу, — расказвала яна. — Пасля васьмі класаў паехала ў лат­війскую Елгаву, вывучылася на прадзільшчыцу і працавала на ткацкай фабрыцы. Часта наведвалася ў родныя Валкі, неўзабаве выйшла замуж за хлопца з суседніх Станелевіч і вярнулася дадому. Пазней завочна вывучылася на бухгалтара, працавала ў сельскім Савеце, калгаснай бухгалтэрыі, загадвала жывёлагадоўчай фермай. Нарадзіла і выхоўвала трох сыноў. А калі аслепла мама, стала няпроста сумяшчаць яе догляд і работу на ферме. Якраз тым часам раптоўна абарвалася жыццё тагачаснай загадчыцы бібліятэкі Наталлі Сямёнаўны Цяліца. Мінула амаль дзесяць гадоў, я палюбіла новую прафесію і не ўяўляю сябе на іншым месцы.

Спачатку жанчыне было няпроста і вельмі боязна, узнікала шмат пытанняў. Але на любое атрымлівала кампетэнтны адказ ад дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Людмілы Гаўрылаўны Касцень, метадыстаў Іны Раймундаўны Бандарэнка, Наталлі Аляксандраўны Балошка, Валянціны Уладзіміраўны Гірвель, Ірыны Альфонсаўны Жукян і іншых. Т. М. Якубоўская ўдзячна ім за падтрымку, разуменне, кансультацыі.

Бібліятэка цесна супрацоўнічае з мясцовым клубам. Разам з яго загадчыцай Марынай Калікстаўнай Пусько і іншымі работнікамі праводзяць сустрэчы-прэзентацыі, народныя святы з выкарыстаннем мясцовых звычаяў, традыцый, адзначаюць юбілеі, арганізуюць выставы. Т. М. Якубоўская рада, калі людзі прыхо­дзяць не толькі па літаратуру, свежую прэсу, але і паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, пагутарыць, падзяліцца набалелым, выпіць гарбаты.

У сваёй рабоце вялікую ўвагу надае папулярызацыі беларускай кнігі сярод дзяцей і падлеткаў, знаёміць іх з вуснай народнай творчасцю, творамі класікаў беларускай літаратуры, ладзіць для іх розныя святы. Сваіх чытачоў ведае добра, таму і кнігі, часопісы прапануе ў адпаведнасці з густам кожнага. З удзячнасцю згадвае пастаянных наведвальнікаў Эдуарду Фабіянаўну Анкуд, Часлава Аляксандравіча Машніча, Фяліцыю Іванаўну Ляхцінен. Яны і чытаюць шмат, і на любую просьбу адклікаюцца. Сярод тых, хто захапляецца кнігай, Т. М. Якубоўская назвала таксама Рамана і Фёдара Статутаў, Люцыяна і Сяргея Счасных. Хтосьці цікавіцца творамі беларускіх аўтараў, іншыя чытаюць класікаў рускай літаратуры, хто любіць фантастыку, а многія прыходзяць пагартаць газеты і часопісы.

Асаблівы каларыт установе надае этнаграфічны куточак, у якім змешчаны рэчы штодзённага побыту нашых продкаў: вышываныя ручнiкi, прас, калаўрот, вышыванкі і іншае. Усе экспанаты сабраны клапатлівымі рукамі бiблiятэкара i яе памочнiкаў-чытачоў. Аформлена мноства края­знаўчых папак, у якіх багаты матэрыял пра мінулае і сучаснае роднага краю.

— Па выніках работы за мінулы год Валкоўская сельская бібліятэка прызнана лепшай сярод устаноў культуры раёна, — гаварыла загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Наталля Аляксандраўна Балошка. — Фотаздымак Тамары Мінаўны занесены на раённую Дошку гонару. Яна робіць усё для таго, каб бібліятэка стала сапраўднай інфармацыйна-культурнай установай, якая дапамагае ў вучобе, арга­нізацыі баўлення вольнага часу, з’яўлялася прывабным месцам для прыемных і карысных зносін. Абслугоўвае больш за 250 чытачоў. Да яе звяртаюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і з суседніх Белявіч, Квачоў, Гулідава Глыбоцкага раёна. Творча падыходзіць да падрыхтоўкі любога мерапрыемства.

— Загадчыца бібліятэкі надзвычай актыўная і ў грамадскім жыцці, — гаварыла старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Браніславаўна Баторы. — На яе заўсёды і ва ўсім можна разлічваць. Удзельнічае ў суботніках па добраўпарадкаванні вёскі, мясцовых могілак і  іншых населеных пунктаў, рыхтуе розныя стравы на «Валкоўскі панадворак», які звычайна прэзентуем падчас Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”. Актыўная прыхаджанка ласіцкай царквы. А якая аматарка рыбнай лоўлі і кветак! Цудоўная гаспадыня. Чулая, гатовая дапамагчы, падтрымаць у любой сітуацыі.

Варта сказаць, што Тамара Мінаўна замяніла Н. С. Цяліца не толькі ў бібліятэцы. Яна як хросная маці ўзяла пад сваю апеку яе пятнаццацігадовую дачку.

— Каця — прыёмнае дзіця (яе ўзялі з дзетдома шасцімесячнай), — расказвала жанчына. — Але даведалася яна пра гэта  толькі пасля смерці Наташы (“добрыя” людзі пастараліся). Праз год трагічна загінуў прыёмны бацька (ён — мой стрыечны брат), і дзяўчына засталася круглай сіратой. Агульнымі намаганнямі дапамаглі ёй атрымаць адукацыю, выдалі замуж. Трапіла ў добрую сям’ю, выхоўвае чатырохгадовага Ванечку, жаданая госця як у нашым доме, так і ў маіх сыноў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



1 комментарий по теме “Рада кожнаму чытачу

  1. Прыемна было прачытаць цёплыя словы пра Тамару, якую добра ведаю даўно — шчыры і прыемны чалавек. Шмат успамінаў навеяў артыкул і пра агульназнаёмых людзей, сяброў… Шкада, што многіх ужо няма на гэтым свеце. Вечная ім памяць і святло вечнае няхай ім свеціць!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.