“Радуемся кожнаму дню”

Общество

У маі споўнілася пяцьдзясят гадоў, як пастаўчане Лявон Іванавіч і Ала Іванаўна Бароўка ідуць разам па жыцці. А яно было нялёгкім і няпростым, асабліва ў маладосці, калі шмат працавалі, а заработную плату атрымлівалі невялікую. Потым Лявон Іванавіч уладкаваўся вадзіцелем у раён электрычных сетак, а Ала Іванаўна — швачкай у райбыткамбінат. З гэтых калектываў пайшлі на пенсію, маюць 95 гадоў агульнага працоўнага стажу.

Жывуць Бароўкі ў прыватызаванай кватэры двухпавярховага дома па вуліцы Чырвонаармейскай, які ў свой час РЭС пабудаваў для сваіх работнікаў. Гады тры назад змянілі стары “масквіч” на  іншамарку. Без траспарту не абысціся, бо ў Боцвінах у іх ёсць невялікі дом і ўчастак урадлівай зямлі. З яго маюць бульбу, іншую агародніну. Найвялікшай прыемнасцю для бацькоў з’яўляецца кожны прыезд са сталіцы дачкі, зяця  і ўнучкі.

— Радуемся кожнаму дню, таму што жывём і ўсё маем, — гаварыла Ала Іванаўна. — А сілы даюць праца і вера ў Бога.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.