Сама больш — першакласнікаў (+фота)

Образование

У сярэдняй школе №2 у першыя “А” і “Б” класы сёлета залічана 55 хлопчыкаў і дзяўчынак. Іх прынялі вопытныя педагогі Іна Леанідаўна Курдо і Ірына Анатольеўна Собаль. Як клапатлівыя маці, яны ні на крок не адыходзілі ад сваіх выхаванцаў, якія на свяце ведаў былі ў цэнтры ўвагі.  Па традыцыі выпускнікі павязалі ім стужкі перша­класніка і ўручылі падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі — ілюстраваныя кнігі “Беларусь — наша Радзіма”.

Першакласнікаў і ўсіх вучняў, настаўнікаў і бацькоў віталі дырэктар школы І. А. Мадвейка, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама У. З. Гутар, дырэктар філіяла “Аўтатранспартнае прадпрыемства №17” А. Д. Малахаў, настаўніцы пачатковых класаў І. Л. Курдо І. А. Собаль і іншыя.

Дзякуючы шэфам і бацькам школа загадзя была падрыхтавана да новага навучальнага года і  гасцінна прыняла дзяцей, колькасць якіх кожны год павялічваецца. А гэта значыць, што ў навучальнай установе з’явіцца яшчэ больш тых, хто прыносіць ёй славу, радуе поспехамі і актыўнасцю ў вучобе, спорце, грамадскім жыцці. Асабліва ганарацца сваімі выхаванцамі настаўнікі Т. М. Захарэвіч, Г. К. Сініца, А. П. Дзеўгуць, А. М. Мачанская, Ф. У. Дзевятоўскі і іншыя. За апошнія пяць гадоў заваявана 38 дыпломаў рознай вартасці на другім (раённым) этапе  рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, у тым ліку сёлета — 17. Высокай актыўнасцю  вызначаюцца рабяты і ў дыстанцыйных мерапрыемствах. Атэстаты асаблівага ўзору з уручэннем залатых медалёў атрымалі 7 выпуск­нікоў. Сёлета такой узнагароды ўдастоена Вікторыя Мурашкевіч. Яна, а таксама яшчэ 18 юнакоў і дзяўчат (68% ад усёй колькасці выпускнікоў школы) сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў краіны.

Цікава жывуць адны з самых мнагалікіх у раёне піянерская дружына школы і пярвічная арганізацыя БРСМ. Цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання дзяцей розных узростаў і школ з’яўляецца музей баявой і працоўнай славы, якім кіруе старэйшы педагог Р. Н. Ластоўская. На рахунку навучальнай установы шмат іншых карысных спраў. З 1 верасня пачалі працаваць дзве про­фільныя групы фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага ўхілу. Заняткі вядуць найбольш вопытныя настаўнікі  А. Ю. Трубач, Т. І. Пракаповіч, А. М. Мачанская і І. П. Гутар.

Святочны настрой у прысутных стаў яшчэ больш радасным пасля таго, як школе былі ўручаны падарункі ад аўтатранспартнага прадпрыемства і раённага ад­дзялення Дэпартамента аховы —  ноўтбук і канцылярскія прылады, а таксама музычныя віншаванні ад аднагодкаў.

Першакласніца Рэната Бартось і выпускнік Андрэй Акялан абвясцілі званком аб пачатку новага навучальнага года. Затым ва ўсіх класах прайшоў урок  “На цябе, наша моладзь, надзея!”. Перад вучнямі выступілі класныя кіраўнікі, госці.

no images were found

                    Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.