Сталі лаўрэатамі “Яблычнага фэсту”

Культура

22 жніўня ў вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна прайшоў традыцыйны “Яблычны фэст”, прысвечаны 130-годдзю вядомага ў Беларусі садавода-селекцыянера Івана Паўлавіча Сікоры. Сёлета гэта свята набыло статус абласнога і намнога пашырыла колькасць удзельнікаў і гасцей, а таксама праводзімых мерапрыемстваў.

На фестывалі было шмат пастаўчан, ураджэнцаў навакольных вёсак, а таксама тых, хто ў свой час вучыўся ў Белькаўскай, Дубраўскай, Навасёлкаўскай, Васілінскай школах і неаднойчы хадзіў у паходы ў Алашкі, сустракаўся з беларускім Мічурыным. Як сцвярджаюць краязнаўцы, жыццё Івана Паўлавіча “перавярнулася” тады, калі ён уладкаваўся працаваць простым садоўнікам у маёнтку графа Пшаздзецкага ў Варапаеве. Менавіта тут будучы селекцыянер пачаў займацца даследчай дзейнасцю, заклаў плодагадавальнік, а затым прадоўжыў работу ў Алашках. У гарадскім пасёлку Варапаева ўвесь час жыла і працавала дачка І. П. Сікоры — Лідзія Іванаўна, якая шмат зрабіла для таго, каб спадчына бацькі стала набыткам беларусаў, жыхароў суседніх краін.

За сваё жыццё І. П. Сікора вывеў каля 500 сартоў яблынь, 100 сартоў груш, 119 форм ляшчыны. Ён адным з першых у Еўропе распрацаваў метады лячэння і амалоджвання пладовых дрэў. Вяршыняй доследніцтва Івана Паўлавіча стаў гібрыд, які назвалі ў гонар стваральніка “памяць Сікоры” і яшчэ — яблыкам ХХI стагоддзя. Пра ўсё гэта можна даведацца ў двух музеях славутага земляка, якія створаны ў Алашках і  дзе сабрана больш за тры тысячы экспанатаў.

Падчас свята на былым падвор’і садавода-селекцыянера ладзілася выстава-конкурс “Яблочный погребок”. Тут мастацкую і кулінарную творчасць дэманстравалі клубы нацыянальнай кухні з розных раёнаў Віцебскай вобласці. Наш раён прадстаўляла аматарскае аб’яднанне “Сельчанка” Парыжскага сельскага Дома культуры. Шматлікім наведвальнікам пляцоўкі вельмі спадабалася выступленне Галіны Іваноўскай, Марыны Канчэўскай, Святланы Гваздзеўскай і Ірыны Кукоўскай, якім акампанаваў Міхаіл Іваноўскі. А яшчэ больш уразілі самыя розныя прысмакі, прыгатаваныя жанчынамі. Таму невыпадкова яны сталі ўладальнікамі дыпломаў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама “Удзельнік фестывалю” і “Лаўрэат І ступені”.

У рамках яблычнага фестывалю працавалі “Літаратурная пляцоўка”, “Горад майстроў”,  прайшлі конкурс “Уладар сяла”, урачыстая рэгістрацыя шлюбу,  быў арганізаваны святочны гандаль, а таксама розныя мерапрыемствы. Адбылося шмат сустрэч, у тым ліку былых выпускнікоў Слабадской сярэдняй школы.  Свята доўжылася цэлы дзень і завяршылася вялікім канцэртам самадзейных і народных калектываў з Віцебшчыны і Латвіі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.