Святы мінаюць, іх след — застаецца

Культура

Усяго некалькі дзён мінула, як у школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах празвінеў першы званок, які абвясціў пра пачатак новага навучальнага года, а на календары яшчэ адна знакавая дата — Дзень беларускага пісьменства. На гэты раз яго сталіцай стаў горад Шчучын, што на Гро­дзеншчыне, пераняўшы эстафету ад Заслаўя Мінскай вобласці. Сёлета свята ХХІІ па ліку. За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў сапраўды нацыянальным святам, важнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Яго канцэпцыя прадугледжвае паказ непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсоўванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Нам ёсць чым ганарыцца — беларускае пісьменства мае шматвекавыя традыцыі, а асветнікі беларускага народа — асобы еўрапейскага маштабу. Гэта і першадрукар Францыск Скарына,  славуты дзеяч старажытнарускай літаратуры Кірыла Тураўскі, і падзвіжніца Еўфрасіння Полацкая, і Сімяон Полацкі, чыю творчасць навукоўцы лічаць не толькі адной з крыніц беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатра.

Свята невыпадкова адзначаецца ў першыя дні новага навучальнага года, бо менавіта тры галіны — адукацыя, інфармацыя і культура — фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе цяперашняе і будучае. Яно дае цудоўную магчымасць прадэманстраваць багацце культурнай спадчыны краіны, далучыць яе грама­дзян, у першую чаргу моладзь, да літаратуры, пазнаёміць з творчасцю паэтаў і пісьменнікаў, якія ўнеслі вялізны ўклад у культурнае жыццё і якіх ужо няма сярод нас, а таксама прадставіць сучасных літаратараў і драматургаў.

Вось і сёлетняе свята вельмі насычанае на падзеі.  2 верасня ад Свята-Духава кафедральнага сабору ў Мінску ўжо стартавала рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём, якая на працягу чатырох дзён пройдзе па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях і завершыцца супольнай малітвай у шчучынскім храме Святога Міхаіла Архангела і пасадкай Саду малітвы. На Дні пісьменства прадстаўляецца ўнікальная магчымасць сустрэцца з удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, часопісаў, газет. У мерапрыемствах прымуць удзел дзеячы літаратуры, культуры, навукі, журналісты, замежныя дэлегацыі. У рамках літаратурнага свята адбудуцца прэзентацыя новых кніг пісьменнікаў Беларусі і лепшых выдавецкіх праектаў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, канцэрты з удзелам аматарскіх і прафесіянальных калектываў, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, кніжныя і фотавыставы, круглыя сталы і павільён “Кнігі і прэса Беларусі”. Спартыўныя спабор­ніцтвы і тэатральныя прадстаўленні, у тым ліку рыцарскіх клубаў Гродзеншчыны, турыстычныя пляцоўкі і народныя рамёствы — усё гэта і многае іншае ў насычанай праграме Дня беларускага пісьменства.

Гаворачы пра Дзень пісьменства, варта адзначыць не толькі духоўнае, але і матэрыяльнае. Адметна, што свята кожны год праводзіцца ў іншым горадзе, але з ім абавязкова павінны быць звязаны жыццё і дзейнасць вядомых дзеячаў літаратуры, культуры, мастацтва. Упершыню яно прайшло ў 1994 го­дзе ў старажытным Полацку. Потым культурнымі сталіцамі Дня пісьменства станавіліся Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае і іншыя гарады, а таксама нашы Паставы. І хоць гэта было дзевяць гадоў таму (у 2006-ым), упэўнена, што жыхарам райцэнтра і сёння добра помніцца, якая вялікая падрыхтоўчая работа вялася да свята, колькі было зроблена па добраўпарадкаванні, як папрыгажэлі Паставы. Адрэстаўрыравалі гістарычную забудову ў цэнтры горада, былы палац Тызенгаўзаў, перад якім устанавілі помнік Канстанціну Тызенгаўзу, а ў скляпеннях палаца адкрылі кафэ “У Антонія”, капітальна адрамантавалі Дом культуры па вуліцы Станкевіча, Дом рамёстваў, добраўпарадкавалі гарадскі парк. Абна­віліся многія іншыя аб’екты сацкультбыту. Як і іншым гарадам-сталіцам, Паставам вы­дзяляліся пэўныя дзяржаўныя сродкі на падрыхтоўку да свята. Але нямала іх было выдаткавана і з раённага бюджэту. Унеслі свой уклад прадпрыемствы, арганізацыі, установы, прадпрымальнікі. Зробленае ў той час маштабнае абнаўленне радуе вока дагэтуль.

Як паведамлялі СМІ, многае ўдалося зрабіць у матэрыяльным плане і ў Шчучыне, у тым ліку аднавіць палац Друцкіх-Любецкіх. І гэта добра. Свята міне, а ўсё новастворанае ці адноўленае застанецца на гады, як засталося ў кожнай папярэдняй сталіцы Дня беларускага пісьменства. Ну а тое духоўнае багацце, якім выпадае наталіцца людзям падчас сапраўды нацыянальнага свята, не вымераць ніякімі велічынямі.

Фаіна КАСАТКІНА.     



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.