У аўтамабілях дарожна-патрульнай службы дзяржаўтаінспекцыі Пастаўскага РАУС устаноўлены плацежныя тэрміналы


Старшы інспектар ДПС ДАІ В. Лапыр дэманструе плацежны тэрмінал у дзеянні.

У аўтамабілях дарожна-патрульнай службы дзяржаўтаінспекцыі Пастаўскага РАУС устаноўлены плацежныя тэрміналы. Пры іх дапамозе вадзіцелі, якія праштрафяцца, змогуць расплаціцца банкаўскай пластыкавай карткай прама на месцы парушэння правілаў дарожнага руху.

На ўзбраенні ў пастаўскіх дзяржаўтаінспектараў чатыры патрульныя машыны, а плацежных тэрміналаў, выдзеленых УДАІ Віцебскага аблвыканкама, — два. Як сцвярджае начальнік аддзялення ДАІ Пастаўскага РАУС Дзмітрый Мікалаевіч Андрон, такой колькасці дастаткова.

Дзяржаўтаінспектары прайшлі адпаведную падрыхтоўку ў банкаўскіх работнікаў і гатовы аказваць новы сэрвіс. Дарэчы, замест звыклага пратакола для аплаты штрафных санкцый будзе запаўняцца спецыяльная пастанова. А ў якасці пацвярджэння аплаты да яе выдадуць чэк.

— Устаноўка тэрмінала ў патрульных машынах пазбавіць вадзіцеляў ад мноства нязручнасцей і дазволіць сэканоміць час. Да прыкладу, раней у парушальніка, які не мог аплаціць штраф адразу, забі­ралі талон папярэджанняў і замест яго выдавалі часовы дазвол. Каб атрымаць талон назад, пасля аплаты штрафу чалавеку трэба было ісці ў ДАІ. Цяпер хаджэнняў па інстанцыях можна пазбегнуць, — пералічвае плюсы новаўвядзення Д. М. Андрон.

Плацежны тэрмінал аблегчыць службу і дзяржаўтаінспектарам: знікне неабходнасць прыколваць да талонаў чэкі і стаяць у чэргах, каб здаць грошы ў банк. Не менш важна і тое, што зроблены яшчэ адзін крок у напрамку выканання дзяржаўнай палітыкі па ўкараненні безнаяўных разлікаў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.