У кожнага свая дарога


Гэтыя два здымкі ўзяты з альбомаў маіх дарагіх землякоў.

Першаму — 75 гадоў. На ім — дзеці Пятрагскай школы падчас выступлення на раённым аглядзе самадзейнасці ў 1940 годзе. Юныя артысты занялі першае месца. На сённяшні дзень з іх жывуць толькі трое, і кожнаму ўжо за 80. Ёсць на здымку і дарослыя — музыкант Васіль Кляпец, два настаўнікі, а таксама бацькі (яны з Грыдзек).

Мне расказвалі, што дзеці былі вельмі таленавітыя. Напрыклад, Ліду Куніцкую запрашалі на вялікую сцэну, але сям’я прыняла іншае рашэнне. Добры голас мелі Ксеня Дзеравянка, Надзя Жук і іншыя. У далейшым, стаўшы дарослымі, стварылі сем’і, працавалі настаўнікамі, швачкамі, хлебаробамі, служылі ваеннымі. Некаторыя з іх жылі далёка за межамі Беларусі.

Памятаеце словы некалі вядомай песні “Оба парня смелые, оба хороши…”? Гэта пра тых хлопчыкаў, што на другім здымку. У жыцці атрымалася так, што сябравала тройца толькі ў маленстве, а потым шляхі-дарогі разышліся.

Яўстафій Ермаловіч (справа) жыў у Грыдзьках, працаваў вадзі­целем у калгасе “Сцяг Перамогі”. У бацькоўскі дом прывёў маладую жонку Зіну. Тут жа нарадзіліся дзеці Валера і Аксана. Цяпер усе Ермаловічы ў Паставах, акрамя дачкі, якая пасля заканчэння інстытута жыве і працуе ў Віцебску.

Алег Кляпец доўга выбіраў сабе нявесту, жыў з бацькамі. Сваю Таццяну сустрэў у сталіцы. Там і жывуць. Цяпер Алег разам з сястрой Зояй дапамагаюць маме, якой споўнілася 94 гады.

Ала Келбасіч закончыла педагагічны інстытут, выйшла замуж за ваеннага. У іх двое дзяцей.

Вось такая гісторыя гэтых мілых дзетак, якія цяпер ужо не адзін год на пенсіі.

С. ЖУК, няштатны карэспандэнт.