У Паставах прайшла традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя (+фота)

Местная власть Образование

Група выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія сёлета папоўнілі сям’ю педагогаў раёна.

“Сістэма адукацыі рэгіёна: сучасны аспект і погляд у будучыню” — на такую тэму прайшла ў мінулую пятніцу ў Паставах традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя. У яе рабоце прынялі ўдзел і выступілі старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў, намеснік старшыні абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Г. Д. Рудзянок,  іншыя адказныя работнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама.

Удзельнікаў вялікага педагагічнага савета віталі вучні гарадскіх школ. А затым адбылося прадстаўленне маладых настаўнікаў — сёлетніх выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Полацкага каледжа і Віцебскага дзяржаўнага музычнага кале­джа імя І. І. Салярцінскага Анастасіі Шышко, Маргарыты Жук, Сяргея Пяткевіча, Крысціны Бука, Вольгі Корань, Ірыны Галяш і Вікторыі Пятровай, якія атрымалі накіраванні на свае першыя працоўныя  месцы ў гімназію, СШ №1, Камайскую СШ, Мягунскую БШ і раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Сёлета ў раён прыбыло 9 маладых спецыялістаў. А ўсяго ў 42 установах  адукацыі  і дзіцячых садках працуюць 753 педагагічныя работнікі.

Дакладчык начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын і выступоўцы адзначалі, што менавіта дзякуючы ім наш раён займае лідзіруючыя пазіцыі сярод сельскіх раёнаў Віцебшчыны ў плане навучання і выхавання дзяцей. Ды інакш і не можа быць, бо сярод педагогаў школ і гімназіі 90,9% маюць вышэйшую адукацыю, 77,2% — вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Менавіта такія педагогі садзейнічаюць творчаму развіццю асобы вучня, іх выніковаму ўдзелу ў прадметных алімпіядах розных узроўняў, конкурсах, фестывалях, выставах. У мінулым навучальным годзе 98% вучняў былі ахоплены факультатыўнымі заняткамі, 493 вучні 4—8 класаў удзельнічалі ў раённай круглагадовай алімпіядзе па вучэбных прадметах.

Своеасаблівым барометрам вызначэння якасці навучання з’яўляецца ўдзел школьнікаў у рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. На другім (раённым) этапе лідарамі па колькасці атрыманых дыпломаў у гэтым годзе сталі: гімназія (37), СШ №1 (33), Варапаеўская СШ (18),  СШ №2 (17), Дунілавіцкая я/с-СШ (12). На трэцім (абласным) этапе наш раён прадстаўлялі 24 вучні па 11 вучэбных прадметах. Па сямі з іх атрымана 10 дыпломаў. Гэта адзін з лепшых вынікаў сярод сельскіх раёнаў Віцебскай вобласці.

За апошнія чатыры гады 6 вучняў школ раёна ўключаны ў банк даных адораных вучняў і ўзнагароджаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых дзяцей. Падтрымка юных талентаў і педагогаў ажыццяўляецца і на раённым узроўні. Толькі сёлета на іх прэміраванне было выдаткавана амаль 29 мільёнаў рублёў.

Вядучы паказчык якасці навучання — выніковая атэстацыя, інакш кажучы, здача экзаменаў за курс 9 і 11 класаў.  Большасць вучняў паказалі высокі і дастаткова высокі ўзровень ведаў. 10 атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатымі медалямі. Усе яны сталі студэнтамі прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў. У цэлым  паказчык паступлення склаў па раёне 54,5%, а ў гімназіі і СШ №1 — па 78%, СШ №2 — 68, Варапаеўскай СШ — 58%.

За апошнія гады павялічылася колькасць выпускнікоў, якія жадаюць атрымаць сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэх­нічную адукацыю. На гэта, як адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, неабходна звярнуць асаблівую ўвагу. Сёння трэба шукаць сучасныя, больш пераканаўчыя формы работы з моладдзю, якія  садзейнічалі б выбару імі тых прафесій, што запатрабаваны на вытворчасці, у нашым раёне.

Класнымі кіраўнікамі, педагогамі-арганізатарамі вядзецца работа па асваенні і ўкараненні ў практыку арганізацыі працэсу выхавання інавацыйных методык: праектнай дзейнасці, калектыўнай творчай справы, педагогікі супрацоўніцтва, здароўезберагальных тэхналогій. Дасягаецца гэта праз аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, гуртковую і секцыйную работу.

Асаблівае месца ў фарміраванні чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, патрыёта сваёй Радзімы займае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. У мінулым навучальным годзе яно праводзілася пад знакам годнай сустрэчы 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

А. Я. Кашырын прааналізаваў турысцка-краязнаўчую дзейнасць, работу дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, вынікі экалагічнага выхавання. Значнае месца ў дакладзе было адве­дзена пытанням прафілактыкі правапарушэнняў, наркаманіі, таксікаманіі і алкагалізму сярод вучняў, захавання і ўмацавання здароўя дзяцей і падлеткаў, ­удзелу школьнікаў у фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемствах і іншым кірункам работы ва ўстановах адукацыі і дзіцячых садах.

Абмеркаванне надзённых задач школы завяршылася вызначэннем прыярытэтных кірункаў на новы навучальны год. Яго адметнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што з 1 верасня 2015 года на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўводзіцца про­фільнае навучанне. Яго мэта — прафесійнае самавызначэнне вучняў, атрыманне якаснай агульнай сярэдняй адукацыі з улі­кам індывідуальных здольнасцей, запытаў і інтарэсаў вучняў, сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы.

На важнейшых напрамках работы спыніліся выступоўцы. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 Н. Ю. Ярынская  расказала пра тое, як у школе плануюць павышаць якасць адукацыі шляхам увядзення про­фільнага навучання. Дарэчы, у гэтым кірунку тут у свой час быў накоплены значны вопыт. Яго і збіраюцца аднавіць на аснове сучасных тэхналогій і падыходаў.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. У. Есьман прааналізавала фізкультурна-аздараўленчую і спартыўна-масавую  работу, якая праводзіцца ў школах і спартыўных установах раёна.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 Т. Ф. Крук падзялілася тым, як у сучасных умовах у вучняў фарміруюцца грамадзянскасць і патрыятызм праз прыцягненне іх да сацыяльна значнай дзейнасці.

Пра стварэнне здароўезберагальнага асяродку ў яслях-садзе №1 г. Паставы расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці гэтай установы Т. В. Кавалевіч.

Высокую ацэнку аддзелу адукацыі, педагагічным калектывам за поспехі ў навучанні і выхаванні школьнікаў, якасную падрыхтоўку ўстаноў да вучобы далі В. С. Гутараў і Г. Д. Рудзянок. Пра гэта сведчыць і Падзяка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, якой узнагароджаны А. Я. Кашырын.

Што датычыць падрыхтоўкі матэрыяльнай базы да новага навучальнага года, то пры абмежаваным фінансаванні ў кожнай з іх праведзены касметычныя рамонты, добраўпарадкаваны тэрыторыі, прыведзена ў гатоўнасць ацяпляльная гаспадарка, прыняты дадатковыя меры па стварэнні бяспечных умоў для вучняў і педагагічных работнікаў. За вялікую работу ў гэтым кірунку старшыня райвыканкама В. С. Гутараў уручыў Ганаровую грамату дырэктару Гуцкай СШ І. Г. Касарэўскай і Падзяку старшыні — загадчыцы Варапаеўскага яслі-сада Л. Э. Талстыка.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын уручыў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Пастаўскай гімназіі Л. Т. Расоха пасведчанне аб узнагароджанні прэміяй Спецыяльнага фонду  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Сёлета ўбачыў свет вучэбны дапаможнік “Чароўны край — Пастаўшчына”, падрыхтаваны для правядзення факультатыўных заняткаў па курсе “Паставызнаўства” настаўнікам геаграфіі гімназіі І. М. Пракаповічам. Яго плённая творчая праца адзначана Дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У летні перыяд актыўна дзейнічалі аздараўленчыя лагеры з кругласутачным і дзённым знаходжаннем дзяцей, лагеры працы і адпачынку. Адзін з іх быў створаны на базе СШ №1. Ім кіравала настаўніца А. Л. Салдаценка. Рабяты папрацавалі выдатна, зарабіўшы па 756 тысяч рублёў кожны. А руплівасць і арганізатарскія здольнасці Алены Леані­даўны адзначаны Ганаровай граматай галіновага аддзела. Такія ўзнагароды А. Я. Кашырын уручыў таксама настаўнікам М. І. Лапцінскай і А. Л. Вавінскаму з гімназіі і  С. Г. Зямчонку з СШ №4.

Пасля заканчэння канферэнцыі ў рамках рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі “Мы — разам!” перад яе ўдзельнікамі выступілі фіналісты рэспубліканскага вакальнага конкурсу Федэрацыі прафсаюзаў  Беларусі “Новыя галасы для любімай краіны” і зоркі беларускай эстрады, прайшло ўшаноўванне сямейных дынастый педагогаў (матэрыял пра гэта чытайце ў бліжэйшым нумары райгазеты).

 

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



1 комментарий по теме “У Паставах прайшла традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя (+фота)

  1. Шчырыя віншаванні, дарагія землякі-настаўнікі, — поспехаў далейшых і моцнага здароўя!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.