Уратавалі добрыя людзі


С. А. Гутар (у дзявоцтве — Хаткевіч): «Наш 1-ы клас Курапольскай школы, 1948 г.».

Мінула 70 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна, а мне дагэтуль не даюць спакою ўспаміны. Колькі гора навалілася адразу ў 1941-ым!

Бацька пайшоў на вайну, а мы з мамай і бабуляй засталіся адны. Неўзабаве скаціну забралі, а хутар спалілі. Самі ацалелі, але толькі і засталося тое, што было на нас. Прытулак даў добры чалавек з Кураполля па прозвішчы Сідаровіч. Ажно пяць сем’яў туліліся ў яго хаце. Але і там застала гора. Непадалёк стаяла гумно — у ім збіралі маладых людзей для адпраўкі ў Германію. Аднойчы да Сідаровіча ўварваліся фашысты і сталі яго біць за тое, што ён быццам бы хавае чалавека, які ўцёк з гумна. Гаспадар тлумачыў, што нікога не хавае, але яго не слухалі. Усіх выгналі, паставілі да сцяны і пачалі страляць у страху. А яна была саламяная, загарэлася. Ад дыму душымся, але стаім. Той, каго шукалі, не выйшаў (калі б выйшаў з дома, нас бы расстралялі).

Усіх адпусцілі. Холад, голад… Як жыць? Мама казала: “Паміраць, дык усім разам”. Я, пяцігадовая, ад голаду перастала хадзіць, мама на плячах насіла. Потым пайшлі на свой хутар, на папялішча. Заўважылі, што нехта рухаецца каля печы. Аказалася — кабыла. Яна ўцякла і знайшла сабе тут прытулак. Мама плакала ад радасці і цалавала яе. Уначы пасвілі, а днём хавалі. Зрабілі зямлянку. Збіралі бульбу пасля зімы, крухмал таўклі з крапівой і рабілі аладкі. На ежу пайшлі і маміны залатыя завушніцы, і заручальны пярсцёнак — іх абмянялі на вядро пшаніцы і цыбулю.

Прыйшла Перамога — і ўсе радаваліся. А мы атрымалі пахавальную на тату. Ён загінуў пад Берлінам. Памятаю, як адыходзіў на вайну, падвёў мяне да шафачкі і сказаў: “Паглядзім, як вырасцеш, пакуль вярнуся”. Я часта падыходзіла і глядзела, ці падрасла, а таты ўсё не было…

Цяжкімі былі і мае маладыя гады. Разруха, голад, беднасць. Але людзі жылі дружна, дзяліліся апошнім. Як тыя з Кураполля, што ў вайну далі нам прытулак. Заўсёды, калі праязджаю, гля­джу на месца, дзе стаяла хата Аляксандра Сідаровіча (у вёсцы іх звалі Судары). У яго былі сын Аляксандр, дачка Марыя. Дзе яны цяпер? Можа, у іх ёсць дзеці, унукі таго Сідаровіча, дык няхай ведаюць, што іх дзядуля і бабуля былі добрымі людзьмі.

Мне ўжо 76. Цяпер жыць добра, ёсць усё, толькі падводзіць здароўе. Іншы раз хочацца ўспомніць пра мінулае. Падумала і напісала ў газету: а раптам хто адгукнецца.

С. ГУТАР, в. Целякі

Курапольскага сельсавета.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.