Усе дарогі вядуць у школу (+фота)

Местная власть Образование

Сёлетні Дзень ведаў у СШ № 4 быў асаб­ліва ўрачыстым. З пачаткам новага навучальнага года школьнікаў павіншавалі шмат ганаровых гасцей — старшыня  райвыканкама В. С. Гутараў, начальнік Смаргонскай пагранічнай групы палкоўнік А. І. Маркевіч, начальнік аддзела пагранічнай службы “Паставы” А. Б. Зелюкоў і іншыя. Нагода для іх прыезду важкая: з 1 верасня ў школе адкрыўся ваенна-патрыятычны клас.

Пад гукі ваеннага аркестра Смаргонскай пагранічнай групы лінейка аб’яўляецца адкрытай. Прысутныя апладысментамі сустракаюць выпускнікоў і першакласнікаў. Затым на пляцоўцы з’яўляюцца юнакі і дзяўчаты ў ваеннай форме. Гэта 8-ы “А” — той самы ваенна-патрыятычны клас. Навучэнцаў суправаджае класны кіраўнік Таццяна Радзівонаўна Мадвейка.

Першым да прысутных звярнуўся дырэктар школы Вячаслаў Часлававіч Пякарскі. Ён з радасцю адзначыў, што колькасць вучняў у школе за паўтара года ўзрасла амаль на пяцьдзясят чалавек. У параўнанні з мінулым навучальным годам на шэсць стала больш першаклас­нікаў — сёлета іх 46. Адна з прычын такой станоўчай дынамікі — узвядзенне ў мікрараёне пятага гарадка новага жылля. Аднак дырэктар упэўнены, што ў гэтым вя­лікая заслуга і педагагічнага калектыву, які сваёй прафесійнай працай няспынна павышае прэстыж школы.

У СШ № 4 ёсць кім ганарыцца. У мінулым навучальным годзе тры выпускніцы дзявятага класа скончылі базавую школу з адзнакай — а гэта добры старт для атрымання ў будучым залатых медалёў. Добрыя вынікі ў вучобе паказваюць і іншыя вучні. Сярод іх нямала пераможцаў і прызёраў прадметных школьных алімпіяд. Радуюць поспехі ў спартыўных спаборніцтвах. Па выніках спартакіяды паміж школамі раёна каманда СШ № 4 летась заняла другое месца. Сярод вучняў сярэдняга звяна ёсць пераможцы мінулагодняга рэспубліканскага турніру “Скураны мяч”.

— Для школы вялікі гонар і адказнасць адкрываць у сваіх сценах ваенна-патрыятычны клас, — канстатаваў В. Ч. Пякарскі. — Яго мэта — выхаваць сапраўдных грамадзян і патрыётаў Рэспублікі Беларусь, а таксама падрыхтаваць юнакоў і дзяўчат да паступлення ў самыя прэстыжныя ваенныя і “сілавыя” ВНУ краіны. Пачатак пакладзены, і гэта галоўнае. Цяпер поспех залежыць у першую чаргу ад старання саміх вучняў, іх мэтанакіраванасці, жадання вучыцца і самаўдасканальвацца. У сваю чаргу адміністрацыя школы сумесна з раённай уладай, ваеннаслужачымі зробяць усё ад іх залежнае для развіцця гэтай ініцыятывы.

Асаблівыя словы падзякі Вячаслаў Часлававіч выказаў бацькам дзяцей, якія пайшлі ў ваенна-патрыятычны клас. Яны аказалі школе вялікую дапамогу, у тым ліку і матэрыяльную. Старшыні бацькоўскага камітэта 8 “А” класа Алене Станіславаўне Руткевіч уручыў Падзяку.

Старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў, выступаючы перад прысутнымі, адзначыў:

— Сёння ў раёне за школьныя парты селі больш за тры з паловай тысячы вучняў. Пастаўскі  заўсёды вызначаўся цудоўнымі прафесійнымі педагогамі і таленавітымі дзецьмі. Нездарма працэнт паступлення ў ВНУ і ССНУ ў нашым раёне адзін з самых высокіх у вобласці. Але нам патрэбны і рабочыя спецыяльнасці. Неабходна, каб кожны ўсведамляў важнасць выбару прафесіі. У любым выпадку трэба добра вучыцца, каб потым знайсці сваё месца ў жыцці. А ў вас для гэтага створаны ўсе ўмовы.

Віктар Сяргеевіч пажадаў вучням здароўя, цярплівасці, выдатных адзнак, бліскучых поспехаў у новым навучальным годзе і ўручыў падарунак школе — новенькі ноўтбук.

Шмат віншаванняў гучала і ад начальніка Смаргонскай пагранічнай групы палкоўніка Аляксандра Іванавіча Маркевіча. Акрамя таго, ён паабяцаў арганізаваць для школьнікаў ваенна-патрыятычнага класа курс маладога байца і ўсяляк іх падтрымліваць.

У цэлым мерапрыемства, падрыхтаванае ў асноўным намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Аленай Вітальеўнай Сцяпанавай,  атрымалася шчырым, кранальным. Школьнікі выступілі з музычнымі нумарамі, прыгожыя вершы чыталі першакласнікі і будучыя выпускнікі. Права даць першы званок было даверана вучаніцы 1 “А” класа Ані Казловай і адзінаццаці­класніку Дзянісу Зямчонку.

Пасля ўрачыстасці вучні разышліся па класах. У СШ № 4, як і па ўсёй Беларусі, першы ўрок меў назву “На цябе, наша моладзь, надзея”.

Асабліва хвалюючай тая раніца стала для перша­класнікаў, зрэшты, як і для іх першых настаўніц — Алены Іосіфаўны Авінай і Іны Сцяпанаўны Кузьміцкай. У кабінеты малышы прый­шлі з падарункамі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі — кнігамі “Беларусь — наша Радзіма”, якія на лінейцы ім уручылі выпускнікі.

Запамінальным стаў першы ўрок і для вучняў ваенна-патрыятычнага класа. На ім прысутнічалі ўсе высокія госці. Перад юнакамі і дзяўчатамі ў ліку іншых таксама выступіў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Дзмітрыевіч Сямашка.

no images were found

no images were found

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.