Усё залежыць ад надвор’я


У чацвер на льняныя палеткі, размешчаныя ў наваколлі вёсак Андроны і Пятрагі,  “высадзіўся” працоўны дэсант у колькасці 160 работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў райцэнтра. Чым гэта выклікана?  У папярэднія два гады механізаваны атрад ільнозавода цалкам спраўляўся з давядзеннем льну да парадку ўласнымі сіламі.

Механізатары Сяргей Студзянкоў, Сяргей Ворсін і Георгій Трушкін.

— Сёлета церабленне даўгунцу завяршылі яшчэ ў сярэдзіне мінулага месяца, —  расказваў дырэктар прадпрыемства П. І. Скурко. — Уся саломка павінна была трапіць пад жнівеньскія росы, якія самыя спрыяльныя для вылежкі трасты. Аднак увесь час стаяла надзвычай цёплае, сухое надвор’е. Сітуацыя на льняных палетках пачала мяняцца толькі  пасля таго, як прайшлі дажджы. Траста незалежна ад тэрмінаў цераблення льну хутка набывала патрэбную кандыцыю.  Цяпер яна падаспела практычна на ўсёй плошчы, а гэта 1600 гектараў. На 842-х даўгунец за­прасавалі. Аднак  тэмпы запаволіліся з-за дажджоў, якія зараз з’яўляюцца галоўнай перашкодай для льнаводаў. Каб паскорыць уборку, было вырашана ўзнімаць трасту ўручную, ставіць для прасушкі ў конусы, а потым зноў рассцілаць стужкай.  Гэтым і займаліся гараджане ў чацвер і пятніцу. Следам за імі ішлі самаходныя прэсы.

Такі варыянт арганізацыі работы на льняных палетках затратны для прад­прыемства, ды і якасць трасты пагаршаецца. Таму завадчане будуць імкнуцца максімальна выкарыстоўваць прэсы, якіх у наяўнасці  21. Працуюць на іх пераважна вопытныя механізатары. У  пагодлівыя дні яны прасуюць да 100 рулонаў трасты кожны.

Што датычыць выкарыстання ручной працы гараджан у далейшым, то гэта цалкам залежыць ад надвор’я. Пажадаем, каб яно было сонечным і цёплым. І тады з усім справіцца тэхніка.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.