Вайшкуны лепш за Будапешт


Янаш Тот і яго жонка Наталля не адно дзесяцігоддзе жывуць у сталіцы Венгрыі Будапешце. Але, каб пазнаёміцца з гэтымі цікавымі людзьмі, за мяжу ехаць не трэба. Кожнае лета іх можна знайсці на дачы ў вёсцы Вайшкуны, што на Лынтупшчыне.

Туды я адправілася ў апошнюю нядзелю жніўня. Гаспадары збіраліся ў дарогу і не хавалі свайго суму. “Гэта найгоршы дзень лета”,— прызнавалася Наталля, якая на дачы з пачатку чэрвеня. Некаторы час гасцілі тут і дзеці. Літаральна за некалькі гадзін да майго візіту яны паехалі ў нацыянальны аэрапорт “Мінск”, каб паляцець на самалёце ў Будапешт. Бацькі шлях у амаль паўтары тысячы кіламетраў пераадолеюць на аўтамабілі.

Пакуль жонка ўвіхалася па справах, Янаш ахвотна расказваў пра сябе. Яму 57. Нарадзіўся ў невялікім гарадку Саксард на поўдні Венгрыі. Пасля заканчэння школы вырашыў працягваць адукацыю ў Савецкім Саюзе, хаця без праблем мог зрабіць гэта ў Германіі ці Польшчы. Бацькі вагаліся, але ўсё ж падтрымалі ініцыятыву сына. Ён паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт).

—            Падрыхтоўчыя курсы па рускай мове праходзіў у Кіеве, — узгадваў суразмоўца. — Настаўніца, калі даведалася, што буду вучыцца ў Мінску, неаднойчы гаварыла, як мне пашанцавала. Маўляў, няма больш добразычлівага, верацярпімага, міралюбівага народа, чым беларусы. Гэта хутка зразумеў і сам. У зносінах з карэннымі жыхарамі ніколі пытанняў не ўзнікала. Адукацыйны працэс быў на вельмі высокім узроўні. І я, і мая жонка, з якой пазнаёміўся на занятках у інстытуце, з лёгкасцю знайшлі сабе работу ў Будапешце, куды неўзабаве пераехалі. За мяжой — ні ў Беларусі, ні ў іншай краіне — свайго жыцця не ўяўляў.

Янаш уладкаваўся на адно са знешнегандлёвых прадпрыемстваў, доўгі час быў начальнікам упраўлення па экспарце ў СССР знакамітых аўтобусаў маркі “Ікарус”. У Венгрыю ў сваю чаргу імпартавалі савецкую тэхніку. У той час паміж краінамі быў вялікі таваразварот.

Калі ж Савецкі Саюз распаўся, з братам у 1992 годзе адкрылі прыватную фірму. Наладзілі супрацоўніцтва і з беларусамі. У ліку прамысловых партнёраў — ААТ “Магілёўхімвалакно” і вытворчае аб’яднанне “Хімвалакно” ў Светлагорску. Закупленыя хімічныя валокны фірма рэалізуе на венгерскім рынку. “Перашкод у бізнесе няма, — канстатаваў замежны прадпрымальнік. — Невыпадкова працую ў гэтым кірунку ўжо 23 гады”.

З Вайшкунамі пару пазна-
ёміў брат Наталлі, які
з’яўляецца заядлым па-
ляўнічым і які дзякуючы свайму захапленню нярэдка тут бываў. У 1998 годзе ён набыў сабе ў гэтых мясцінах вялікі дом (у ім раней размяшчалася мясцовая школа). Адрамантаваў, добраўпарадкаваў. Пазней, у 2004 годзе, купілі ўчастак і Янаш з Наталляй. З суседняй вёскі Пешкаўцы перавезлі хату, зрабілі сціплы рамонт. Дача атрымалася невялікай: складаецца з кухні і спальні. Для жыцця тут усё толькі самае неабходнае.

На прылеглай тэрыторыі стаіць альтанка, растуць пладовыя дрэвы, кусты маліны і ажыны, агрэсту… На агародчыку гаспадыня вырошчвае агуркі, базілік, рукалу, іншую зеляніну.

—            У мяне заўсёды ёсць чым заняцца. І дома, і каля яго безліч спраў, — падключаецца да размовы Наталля. — Таксама люблю рана ўстаць і з кубачкам кавы сустракаць світанне, любавацца пачаткам новага дня. Для нас, гараджан, гэта раскоша — слухаць цішыню, маліцца, абдумваць жыццё. Кожны дзень ходзім на возера Балдук (глыбіня ў асобных месцах даходзіць да 50 метраў — аўт.). Чаму забраліся так далёка ад Мінска? Паблізу вялікага горада зусім іншая атмасфера — адпачывальнікаў больш, аўтэнтычнасці — менш.

Янаш не перастае здзіўляцца, як моцна Наталля прыкіпела да вёскі. Яна карэнная гараджанка. Вырасла ў Мінску. Скончыла спецыялізаваную музычную школу па класе фартэпіяна, у творчасці падавала шмат надзей, таму бацькі хацелі адправіць дачку вучыцца ў кансерваторыю. Але яна абрала для сябе менш рамантычную спецыяльнасць — “Электразабеспячэнне прамысловых прадпрыемстваў”. Прафесійную дзейнасць пачынала ў аддзеле ўдасканалення атамнай электрастанцыі на АЭС. “Добра, што там трэба было толькі чарціць, а не размаўляць”, — усміхалася жанчына. — За гэты час яна скончыла моўныя курсы венгерскай мовы, якая, дарэчы, з’яўляецца адной з самых складаных у свеце.

У сям’і трое дзяцей  — ім 30, 26 і 15 гадоў. Нядаўна з’явілася ўнучка. Летам яны часта бываюць у Вайшкунах. Адсутнасць інтэрнэту і іншых даброт цывілізацыі маладых не пужае. Спаць яны ўсё роўна ідуць толькі пад раніцу — настолькі зацягваюць вечары ля вогнішча ды песні пад гітару. Бываюць на дачы і госці, у тым ліку з Венгрыі.

У Вайшкунах асаблівая не толькі прырода, але і жыхары. Сярод дачнікаў тут шмат вядомых мастакоў, архітэктараў, музыкантаў, вучоных…

—            Наша суседка працуе ў кансерваторыі, іграе на скрыпцы. Сваё майстэрства нярэдка адточвае на дачы. Таму часта корпаюся ў агародзе пад музыку Вівальдзі ці Моцарта, — смяецца Наталля.

Мае суразмоўцы вельмі цікаўныя да беларускай культуры. У папярэднія гады яны пабачылі шмат славутасцей Пастаўшчыны. А перад самым ад’ездам у Венгрыю наведалі касцёл у Камаях і засталіся ў захапленні ад экскурсіі. Шмат уражанняў дорыць і прырода. Аднойчы Янашу давялося бываць у Вайшкунах глыбокай восенню. “Я ніколі ў жыцці не бачыў такога бязмоўнага, шэрага, безжыццёвага наваколля. Але  ў гэтым ёсць сваё зачараванне. Як і зімой, калі ўсё замецена снегам. Зрэшты, калі ты жывеш у суладдзі з прыродай, яна радуе ў любую пару”.

У Вайшкунах з мая па лістапад жыве і бацька Наталлі — Анатолій Антонавіч. “Яму 83”, — расказвае яна пра свайго тату, які заглянуў на дачу. “Толькі 83”, — усміхаючыся, удакладняе той і жыва ўключаецца ў размову, сыпле жартамі і анекдотамі.

А не так даўно аптымізму ў пажылога чалавека не было ні кроплі. У Вайшкуны ён прыехаў, цяжка хварэючы, і ў думках ужо развітваўся з жыццём. Аднак тут, у суседстве з Блакітнымі азёрамі, адчуў сябе непараўнальна лепш. З’явіліся сілы жыць і жаданне рухацца наперад. Амаль што­дзень Анатолій Антонавіч ходзіць пешшу ў суседнюю вёску Станчыкі, летась лятаў на самалёце ў госці ў Будапешт. Тут, у вёсцы, любіла бываць і жонка — таксама карэнная мінчанка. Пахавалі яе, дарэчы, непадалёк Вайшкун.

…Падчас размовы Янаш шмат расказваў пра сваю краіну: пра магутныя па сваіх аздараўленчых якасцях тэрмальныя купальні ў Будапешце, шматлікія славутасці сталіцы, маляўнічае возера Балатон, якое называюць “прэсным морам” Венгрыі… Гаварыў і пра шматлікія вандроўкі ў Еўропу — яе аб’ездзіў уздоўж і ўпоперак — і Азію. Таму яшчэ больш уразілі словы венгра: “У нас дома, у Будапешце, і дарослыя, і дзеці лічаць час да наступнай паездкі ў Вайшкуны. Спачатку месяцы, а потым дні. Усіх зачаравалі Лынтупшчына, наша вёска, і развітацца з ёй мы, напэўна, ужо ніколі не зможам”.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.