«Вясёлка» ў полі з «Бульбашамі»


Вучні 9-11 класаў Камайскай сярэдняй школы на два тыдні змянілі дзелавое школьнае адзенне на працоўнае, а светлыя класы — на бульбяное поле, дзе разам з навучэнцамі прафтэхкаледжа і СШ № 1 г. Паставы дапамагаюць ААТ «Камайскі-агра» ўбіраць ураджай другога хлеба.

Пад’язджаючы да працоўнага дэсанта разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганнай Бярнардаўнай Раўданік, выпадкова прапусцілі з’езд на поле, але вырашылі не вяртацца і дагнаць школьнікаў па прыбраных барознах. І хоць ішлі мы даволі хутка, адлегласць, наадварот, скарачалася павольна. Адразу стала ясна: старша­класнікі падбіраюць клубні вельмі энергічна.

— У полі працуюць 33 вучні. Школьнікі падзелены на два атрады — «Вясёлку» і «Бульбашы», якімі кіруюць настаўніцы Марыя Чаславаўна Лоўкіс і Алена Уладзіміраўна Пузырова, — расказвае Г. Б. Раўданік, пакуль мы спрабуем дагнаць падлеткаў. — На ўдзел у палявых работах паміж школай, ААТ «Камайскі-агра і ГА «БРСМ»  заключаны трохбаковы дагавор, а таксама індывідуальныя дагаворы з кожным вучнем. Праведзены інструктажы.

Вучні Камайскай школы працуюць на полі з 14 верасня. За гэты час загрузілі ў прычэп 37 тон бульбы. Дзённыя паказчыкі напрамую залежаць ад над­вор’я, таму ў дажджлівыя дні могуць быць у два разы меншыя, чым у сонечныя. Рэкорд старшакласнікаў — восем з паловай тон за чатыры працоўныя гадзіны.

— Надвор’е ў асноўным стаіць сонечнае, таму працаваць прыемна. Ураджай нядрэнны. Спадзяёмся, што зможам не толькі дапамагчы гаспадарцы, але і добра зарабіць, — расказвала вучаніца 11 класа Вікторыя Вярбіцкая. — На ўборцы стараюцца ўсе, таму індывідуальнага ўліку набраных вёдраў мы не вядзём.

Тое, што стараюцца ўсе без выключэння, пацвяр­джаюць настаўнікі і аграном сельгаспрадпрыемства Алеся Міхайлаўна Купран. У ліку найлепшых Вікторыя Вярбіцкая, Ва­дзім Баравецкі, Вікторыя Касандровіч, Кацярына Захарэвіч, Алег Гірвель, Рыма Шальц, Маргарыта Пылінская і Міхаіл Улаховіч.

Сёлета ў гаспадарцы  бульба гатункаў «крыніца», «астэрыкс» і «рагнеда» вырошчваецца на 40 гектарах.

— Ураджайнасць нізкаватая, у сярэднім сто цэнтнераў з гектара. Самую вялікую аддачу атрымалі ад пасаджанага ўпершыню гатунку «рагнеда» — 150 цэнтнераў з гектара, — гаварыла А. М. Купран. — Да ўборкі ўраджаю прыступілі сёмага верасня. Спачатку ў адну змену працавалі тры групы навучэнцаў прафтэхкаледжа, затым да іх далучыліся тры класы Камайскай школы і два класы пастаўскай СШ № 1. Зараз працуем у дзве змены. Памочнікамі вельмі задаволеныя. Усе рабяты стараюцца, клубні збіраюць якасна.

Завяршыць уборку бульбы ў «Камайскім-агра» плануюць на гэтым тыдні. Частку ўраджаю закладуць у сховішча на насенне, астатнюю  рэалізуюць установам аховы здароўя і адукацыі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.