Яшчэ толькі пачатак

Местная власть Сельское хозяйство

Высокай выпрацоўкі на падборцы клубняў дабіваюцца будучыя повары і агароднікі — навучэнцы групы №212 Ніна Пісарык, Аляксандр Волкаў, Дар’я Жаваранкава, Анжаліка Пупкевіч, Ілья Адамовіч і Вера Шудра.

Нямногім больш за два месяцы назад Сяргей Веніямінавіч Шылёнак развітаўся з выпускнікамі, якія на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі атрымалі кваліфікацыю тэхніка-механіка. У новым навучальным годзе набыць такую спецыяльнасць у Пастаўскім прафтэхкаледжы сельскагаспадарчай вытворчасці пажадалі  24 юнакі. Яны ўжо маюць  асноўную кваліфікацыю слесара па рамонце аўтамабіляў  і трапілі ў групу №18/2, дзе куратарам С. В. Шылёнак. На працягу двух гадоў будуць засвойваць вучэбны матэрыял, праходзіць вытворчую практыку, рыхтаваць дыпломныя работы. А пакуль адбываецца знаёмства. Праходзіць яно на палетках ААТ “Навасёлкі-Лучай”, дзе будучыя тэхнікі-механікі разам з навучэнцамі груп №№ 210, 211 і 212 першымі прыступілі да ўборкі бульбы.

Навучэнцы групы №18/2 з куратарам Сяргеем Веніямінавічам Шылёнкам (у цэнтры стаіць).
Прыкладам для іншых на ўборцы бульбы служаць будучыя тэхнікі-механікі Дзмітрый Вараб’ёў і Ілья Суслаў.

— Большасці хлопцаў споўнілася васямнаццаць. Яны адказна, па-даросламу ставяцца да работы, — расказваў С. В. Шылёнак. — Самі пажадалі весці індывідуальны ўлік падабранай бульбы. Пакуль яшчэ рана гаварыць аб лідарах, але ў іх ліку абавязкова будуць Аляксандр Буча, Сяргей Давідзюк, Яўгеній Леўшын, Ілья Суслаў, Яўгеній Асяненка і іншыя. Яны вызначаюцца асаблівым стараннем. Ды і летам не ленаваліся. Некаторыя працавалі памочнікамі камбайнераў на жніве, самастойна на аўтамашынах перавозілі грузы.

Першымі вынікамі работы маладых памочнікаў задаволены і начальнік навасёлкаўскага аддзялення Вячаслаў Мялешка. З навучэнцамі прафтэхкаледжа і вучнямі сярэдніх школ ён працуе трэці год. З учарашняга дня ва ўборку бульбы ўключыліся і вучні пастаўскіх №2 і №4, Навасёлкаўскай і Варапаеўскай сярэдніх школ. Адны сельскагаспадарчыя атрады працуюць да абеду, іншыя — у другой палове дня. Гэта дазволіць паскорыць тэмпы, высокапрадукцыйна выкарыстоўваць бульбакапалкі, транспартныя сродкі на адвозцы клубняў, дастаўцы рабят да месца работы.

Вячаслаў лічыць, што галоўнае — правільна арганізаваць працу, вырашыць усе арганізацыйныя пытанні. Першымі з самага ранку накіроўваюцца ў поле механізатары Аляксандр Залецкі і Віктар Лешчык, якія разорваюць барозны. Да прыезду навучэнцаў яны паспяваюць падрыхтаваць кожнаму атраду свой участак. У работу будзе ўключана трэцяя бульбакапалка. Пакуль з адвозкай спраўляюцца Аляксандр Муляронак, Дзмітрый Рубель, Аляксандр Мацур, Георгій Гваздоў, Дзмітрый Казак і Генадзій Цудня.

У залежнасці ад узросту рабят і ўраджайнасці бульбы вызначаны нормы выпрацоўкі, а яны пад сілу кожнаму. Гэта даказалі многія навучэнцы 212-й групы, якія на другі дзень работы ўжо да абеду набралі па сто і больш вё­дзер клубняў.

У вырошчванне “другога хлеба” ўкладзены значныя матэрыяльныя сродкі, але ўраджайнасць пакуль не вельмі радуе. У сярэднім з гектара выходзіць каля 130 цэнтнераў. Кіраўніцтва і спецыялісты лічаць, што бульба гатункаў “рагнеда”, “кураж” і “архідэя”  дадуць большую аддачу.

Як і ў папярэднія гады, сярод сельскагаспадарчых атрадаў наладжана спабороніцтва. У прафтэхкаледжы гэтым працэсам кіруе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А. К. Дубовік. Яна паведаміла, што сёння-заўтра ўсе сельскагаспадарчыя атрады ўключацца ў работу. Найбольшы яе аб’ём трэба выканаць у сельгаспрадпрыемстве “Навасёлкі-Лучай”. “Другі хлеб” у гаспадарцы сёлета вырошчвалі на 70 гектарах, яшчэ на 20-ці клубні пасаджаны для насельніцтва. Вырашана, што ўборку будуць весці па меры вызвалення тэхнікі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.