З медалямі ўсіх вартасцей

Личности

З медалямі ўсіх вартасцей 

Майстар-кандытар Алена Пурлан.

вярнуліся прадстаўнікі раённага спажывецкага таварыства з 11-ай Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі “Хлебная і кандытарская справа”, якая праходзіла ў Мінску з 8 па 11 верасня.

Праграма выстаўкі была вельмі насычанай і рознабаковай. У яе рамках разам з           іншымі значнымі мерапрыемствамі праводзіўся рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2015”. Ён атрымаўся надзвычай прадстаўнічым і праходзіў пад дэвізам “Хлеб — аснова здаровага харчавання”. У дзевяці намінацыях перавага аддавалася менавіта вырабам з выкарыстаннем пшанічнай і жытняй мукі, вотруб’я, цэльнага зерня і зерневых сумесяў, пажыўных дабавак.  Гэтым крытэрыям адпавядалі хлеб “Грыгарыянскі“, “Багатырскі” і батон “Пастаўскі”, якія прадставіў на агляд хлебазавод філіяла “Каапгандаль №2 райспажыўтаварыства”.

Прадукцыя хлебазавода, удастоеная медалёў.

Сярод кандытарскіх вырабаў былі выстаўлены міні-рулет “Лёгкі флірт” і торт “Лімонная фантазія”, над якімі чаравала майстар-кандытар Алена Пурлан.

— Канкурэнцыя атрымалася высокай, бо розныя вытворцы прадставілі на агляд дзясяткі хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, — расказвала начальнік вытворчай лабараторыі хлебазавода Святлана Чалей. — Іх знешні выгляд, смакавыя і іншыя якасці ацэньвала па пяцібальнай сістэме  аўтарытэтнае журы з ліку вядучых спецыялістаў краіны. Дэгустацыя праводзілася ў закрытым выглядзе, бо ўсе ўзоры былі зашыфраваны.

Кааператары з нецярпеннем чакалі падвя­дзення вынікаў. Яны аказаліся высокімі. Хлеб “Грыгарыянскі” і “Багатырскі”  ўзнагароджаны залатымі медалямі, а батон “Пастаўскі” і кандытарскія вырабы — сярэбранымі, а таксама адпаведнымі дыпломамі.

Вытворцы гэтай прадукцыі атрымалі права маркіраваць узнагароджаныя вырабы адлюстраваннем медаля. Так што ў бліжэйшы час пастаўчане змогуць адведаць прадукцыю, высока ацэненую на рэспубліканскім узроўні.

Трыумфальным з’явіўся ўдзел нашых кааператараў у “Арт-класе”  Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага і кулінарнага мастацтва, які  таксама праводзіўся ў рамках спецыялізаванай міжнароднай выставы па 8 намінацыях. Зноў не прамінула паказаць сваё майстэрства майстар-кандытар Святлана Карандашова.  Яе “Цукровыя кветкі” заваявалі залаты медаль,  а “Эксклюзіўны вясельны торт” — сярэбраны.

Упершыню ўдзельнікам чэмпіянату была прадастаўлена магчымасць падрыхтаваць работы з халодных харчовых прадуктаў: маргарыну, сыру, гародніны, фруктаў і іншага. Цуды майстэрства, як і на папярэдніх конкурсах і аглядах, прадэманстравала майстар-повар Галіна Зямчонак. Дамоў яна вярнулася з поўным наборам медалёў: залатым, сярэбраным і бронзавым.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.